Дзікая прырода побач
2.94K subscribers
2.65K photos
208 videos
2 files
1.3K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
加入频道
🍁 13-15 кастрычніка ў заказніку "Тураўскі луг" прайшоў прыродаахоўны летнік.

Шэсць удзельнікаў з Жодзіна, Віцебска і Мінска прыехалі ў гэты куток Палесся, каб прабавіць час з карысцю для дзікай прыроды.

Разам з арнітолагам Паўлам Пінчуком, кіраўніком Тураўскай станцыі кальцавання, яны ачысцілі ўчастак у 3 гектары ад смецця і хмызняку дзеля захавання біяразнастайнасці ўнікальнай экасістэмы Тураўскага балоння. Цяпер тэрыторыя, на якой у наступным годзе змогуць гнездаваць кулікі і качкі, значна павялічылася.

У вольны час удзельнікі азнаёміліся з кальцаваннем птушак на станцыі. 🐦

🤲 Тураўскае балонне – гэта край кулікоў. Такіх натуральных паплавоў у Еўропе засталося мала, і іх трэба не толькі ахоўваць, але і чысціць ад хмызнякоў ды смецця. Але падчас гнездавання гэтага рабіць нельга.

Вясной паглядзім, хто загнездаваў на вызваленых гектарах ❤️ – чакайце навін!

Вялікі дзякуй усім удзельнікам, а таксама спонсару мерапрыемства – кампаніі “Кока-Кола Беврыджыз Белоруссія”! ❤️

📷 Фота Ірыны Нікіфаравай.
Заўтра, 28 кастрычніка, у Беларусі выйдуць новыя птушыныя маркі! 😍

🐦 Героямі серыі “Птушкі – зімнія госці Беларусі” сталі рагаты жаўрук (рюм), сняжурка (пуночка), амялушка (свиристель) і звычайная чачотка (чечётка). Гэтыя птушкі ў Беларусі толькі зімуюць. Першыя дзве сустракаюцца на палях і на дарогах.

📍 У дзень выпуску марак на галоўным паштамце Мінска будзе магчыма пагасіць марку на адмысловым канверце першага дня адмысловым штэмпелем, які выкарыстоўваецца толькі адзін дзень.

Да выпуску падрыхтаваны і адмысловыя паштовыя карткі. На іх у гэты дзень маркі можна наклеіць з боку малюнка і пагасіць штэмпелем першага дня – так ствараецца калекцыйны картмаксімум, а можна даслаць яго сябрам у іншую краіну ці па Беларусі. Бо намінал пакрывае перасылку за мяжу.

А ты ўжо бачыў сёлета гэтых птушак? Калі не – пачакай снегу, тады яны становяцца больш заўважнымі.

https://www.belpost.by/philately/infolists/3669

📷 На фота звычайная чачотка, аўтар – Аляксандр Добуш, @ptushkafota.
🍁 Лісце – не смецце! Самы прыгожы час восені падыходзіць да свайго завяршэння. А ці ведаеш ты, навошта апалае лісце патрэбна жывёлам і раслінам?

Гэта натуральнае ўгнаенне! Гэта ежа для дажджавых чарвякоў, казурак, грыбоў і мікробаў.  🐛🐞🦗 Акрамя таго ў апалым лісці зімуюць вусені, багоўкі, а таксама процьма смачных казурак, якіх любяць птушкі. Салаўі ўвесну выкарыстоўваюць леташняе лісце ў гняздзе.

Чалавек адбірае ў прыроды ўсё больш тэрыторый. Таму варта пакідаць куточкі дзікай прыроды як на лецішчах, так і ў гарадскім асяроддзі.

🍂 У нашых гарадах лісце прыбіраецца паміж праезнай часткай і тратуарамі, а таксама паміж тратуарамі, будынкамі, збудаваннямі і на іншых азялененых тэрыторыях на 10 м да тратуара ці праезнай часткі (калі няма тратуара). На жаль, Пастанова не абмяжоўвае апетыты камунальнікаў і яны могуць зачысціць усё лісце. Але варта ім нагадваць, што гэтага рабіць ад іх не патрабуецца. Пастанова Мін-ва ЖКГ №1 ад 13.01.2020.

Працяг 👇
🍂 У парках, скверах, на бульварах, у гаях і садах лісце прыбіраецца на 5 м ад сцежак.  Двары і месцы агульнага карыстання вычышчаюцца поўнасцю.

🐦 Хочаш прывабіць птушак на свой падворак? Пакінь апалае лісце – твой сад узнагародзіць цябе бурлівым птушыным (і не толькі) жыццём!

📷 На фота Іны Шкурко чорны дрозд шукае чарвякоў, @ptushkafota.
🦉 Гэта прыгажуня – вушатая сава. Але так званыя “вушы” на яе галаве – гэта пёркі, і яны не маюць ніякага дачынення да органаў слыху.

👂 У звяроў ёсць вонкавыя вушы. Яны ўлоўліваюць гукі. У птушак няма вушной ракавіны, але па баках галавы ёсць вонкавы слыхавы праход (глядзі другое фота).

У соў, луней і іншых птушак, для якіх слых грае важную ролю ў паляванні, вушы пасаджаны асіметрычна.

#дзікіфакт: У птушак ёсць суперздольнасць, якой няма ў звяроў і нават у людзей. У іх слыхавыя клеткі аднаўляюцца! І з узростам слых такі ж, як і ў маладосці. Нават калі птушка гняздуе каля музычнай пляцоўкі і штогод слухае рок-канцэрты.

📷 Фота: Кацярына Хведанцэвіч, @ptushkafota; Lennart Lennuk, Wikimedia Commons.
Дапамажы выбраць расліну 2024 года! 🌿

Грамадскае аб'яднанне “Беларускае батанічнае таварыства” і Інстытут эксперыментальнай батанікі праводзяць конкурс “Расліна 2024 года”.

Што трэба рабіць?

1️⃣ Выберы 1-3 назвы дзікарослых раслін, якія растуць на тэрыторыі Беларусі.

2️⃣ Напішы кароткае абгрунтаванне для кожнай расліны, чаму, на тваю думку, менавіта яна можа быць сімвалам 2024 года.

3️⃣ Дашлі сваю прапанову да 3 лістапада 2023 года адным са спосабаў 👇

Google-форма https://forms.gle/f2FpfoTnL3C1wfW19
Электронная пошта [email protected]
Viber, WhatsApp, Telegram па нумары +375293276703.

🌿 Выява расліны будзе ўпрыгожваць рэкламную прадукцыю "Беларускага батанічнага таварыства".
💧 Знайшлі яшчэ адну пагрозу дзікім рэкам: шпоры.

Не здзіўляйся: гаворка не пра тыя шпоры, якія на ботах, а пра паўзапруды з пяску ці камення на рэках. Іх будуюць для абароны берагоў ад разбурэння, для “паляпшэння” ракі для суднаходства, так як яны ў межань накіроўваюць ваду ў фарватар. Плынь паглыбляе фарватар.

☝️ Вопыт Польшчы (Вісла) і Літвы (Нёман) паказвае, што вада заносіць прамежкі паміж шпорамі мулам і пяском. Яна тут застойваецца. Прамежкі з часам забалочваюцца і зарастаюць – рака звужаецца, пляжы і мелі знікаюць. А гэта значыць, знікаюць цэлыя экасістэмы з іх насельнікамі. 😢 Працэс займае дэкады. На жаль, мы не знайшлі рэзультатаў вывучэння экалагічных наступстваў будавання шпор.

У Беларусі шпоры па нашых дадзеных з’явіліся нядаўна і пакуль заўважаны толькі на Прыпяці.

👇
📷 На здымках: участак Прыпяці без шпор на поўначы ад Тураўскага балоння ў 2012 г. і той самы ўчастак у 2020 г. Нам невядома, калі шпоры былі пабудаваны.

Старыя шпоры на рацэ Нёман у Літве: добра відаць, як звузілася рака і зарастаюць прамежкі паміж шпорамі (з Google Earth).

#дзікіярэкі #свабодныярэкі #вольныярэкі #freerivers #wildrivers #дикиереки #свободныереки
Становіцца ўсё халадней, але птушыная міграцыя працягваецца. Апранайся цяплей і выпраўляйся на прыроду па цікавыя назіранні! 🤗

Зараз на вадаёмах Беларусі можна ўбачыць паўночных гасцей – вадаплаўных птушак, якія сустракаюцца ў нас падчас восеньскай міграцыі.

🐦 На Магілёўшчыне два тыдні таму быў заўважаны нырок-маранка.

🐦 На Міншчыне ўжо адзначаны нырок-свірок (турпан), нырок-сіньга, чырвонаваллёвы і чорнаваллёвы гагачы.

🐦 А ў Барысаве і Мінску назіралі рэдкую ў нас трохпалую чайку (моевку).

😉 Звяртай увагу на незвычайных птушак на вадаёмах! А правільна вызначыць від дапаможа палявы вызначальнік з добрымі фотаздымкамі.

📷 На фота: чорнаваллёвы гагач, трохпалая чайка, аўтар Іна Субоціна; нырок-сіньга, аўтар @wildlife_bel.
🌳🐦Хочаш прывабіць птушак на свой падворак? Пасадзі дрэвы!

🌿Каліна, рабіна, крушына ўпрыгожаць участак і пачастуюць насякомых нектарам, калі квітнеюць увесну, а ўзімку падораць свае ягады і насенне птушкам.😋

Дрэвы саджаць можна і ўвосень, а саджанцы ты можаш бясплатна атрымаць з лесу.

Што трэба зрабіць, каб атрымаць саджанцы?

1️⃣Звярніся ў найбліжэйшае лясніцтва ці лясгас.

2️⃣Яны дадуць табе пералік аб'ектаў, на тэрыторыі якіх можна выкапаць саджанцы.

3️⃣Не выкопвай дрэвы самастойна, гэта забаронена. Супрацоўнікі лясніцтва пакажуць, дзе і якія пароды дрэваў можна выкапаць.

4️⃣ Высадзі дрэва на сваім участку. Май на ўвазе, што найлепш прыжываюцца маладыя дрэвы да 3 гадоў.

☝️У канцы студзеня 2024 года ў лясным кодэксе пачнуць дзейнічаць змены. Ужо наступнай вясной узяць з лесу расліны стане прасцей – месца для гэтага лясгас ці лясніцтва пастараецца падабраць побач з месцам пражывання чалавека (акрамя заказнікаў, нацпаркаў і асобна ахоўных тэрыторый).

📷 На фота Іны Шкурко дрозд-піскун, @ptushkafota.
🫎 Ці можаш ты элегантнаю хадою прайсціся па балоце? А лось можа!

Ён не жыве ў няволі, затое ў дзікай прыродзе выдатна пачуваецца ў самых, здавалася б, непралазных месцах.

👉 Чым яшчэ цікавы гэты волат, расказаў для нашага са Смартпрэс праекта “Дзікая прырода Беларусі” Павел Велігураў, старшы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі  https://smartpress.by/idea/zoo/53334/

📷 Фота @wildlife_bel.
Якія “вейкі” ў гэтай рэдкай госці, можна толькі пазайздросціць! 🤩

🤍 Гэтая трохпалая чайка (рус. – моевка) знойдзена нядаўна Юрыем Падвербным на Мінскім моры.

Трохпалая – марская чайка, якая рэдка сустракаецца ўдалечыні ад мора. Яна гняздуецца на астравах Паўночнага Ледавітага акіяна, а зімуе ў Атлантычным акіяне. 🌊

У ХХ стагоддзі ў Беларусі былі ўсяго дзве рэгістрацыі віду. Але ў апошнія гады аматараў птушкавання пабольшала, і трохпалых чаек у нас назіраюць штогод. Ці бура іх сюды заносіць, ці па памылцы залятаюць – невядома.

У трохпалай чайкі тры пальцы на лапах, а не чатыры, як у большасці чаек.

Уважліва разглядай птушак, а лепш фатаграфуй – і табе таксама пашанцуе. 😉

📷 Фота Іны Субоцінай, @ptushkafota.
👋 Прывітанне, сябра! Як праходзяць твае вялікія выходныя?

Ці атрымалася выбрацца на прыроду? Падзяліся ў каментарах, што цікавага ўдалося ўбачыць! 🤗

📷 На фота Кацярыны Вараб'ёвай звычайны таўстадзюб (обыкновенный дубонос), @ptushkafota.
Ці можаш ты скочыць на чатыры метры? А павярнуць ступні на 180 градусаў? А куніца можа! 😲

У Беларусі два віды куніц – каменная і лясная. Вельмі адметныя звяры! 😅

Усё самае цікавае пра іх расказала для нашага са @smartpress праекта “Дзікая прырода Беларусі” Ірына Крышчук, вядучы навуковын супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – https://smartpress.by/idea/zoo/52893/

📷 На фота Віктара Рындзевіча лясная куніца.
Чаму ў зімародка не ўзнікае страсення мозгу?

Каб злавіць рыбку, апалоніка ці казурку звычайны зімародак нырае ў ваду. Але ўдары галавой аб водную паверхню пагражаюць пашкоджаннямі мозгу. 🤯

🧬 Вучоныя параўналі генафонды рыбаедных зімародкаў і тых, што харчуюцца на сушы. Яны выявілі, што ў рыбаедных зімародкаў ёсць мутацыі ў асобных генах, напрыклад, у адным, які кадзіруе ў мозгу таў-бялкі. Яны адказваюць за падтрыманне стабільнасці аксонаў, канчаткаў нервовых клетак, і іх лішак звязаны з развіццём пашкоджанняў мозгу пасля траўматычных пашкоджанняў, а таксама хвароб Паркінсона і Альцгеймера. Магчыма таў-бялкі нейкім чынам дапамагаюць папярэдзіць пашкоджанне мозгу ў зімародкаў.

🔬 Вучоныя спадзяюцца, што далейшыя даследаванні дапамогуць зразумець, якім чынам гэтыя мутацыі дапамагаюць мозгу зімародкаў вытрымліваць пастаянныя страсенні. Магчыма, гэта дапаможа захаваць ад пашкоджанняў і мозг людзей.

Крыніца – сайт "Птушкі штодня".

📷 Фота Валера Пясецкага.