Vitali Pazdniakou | авторский канал
11 subscribers
51 photos
1 video
8 links
Поэт-романтик.
Где-то в области сердца появляются стихи, и я пишу.
Имеющий сердце ❤️ услышит.
加入频道
Пасядзі са мною ціха, пасядзі,
І ласкава на мяне ты паглядзі,
Па шчацэ пяшчотна гладжу цябе я -
Ты адзіная мая, каханая.

Як мне хораша з табою ў жыцці,
Усміхайся для мяне ты і свяці,
Твая цёплая рука ў маёй руцэ,
І плыве паволі лісце па рацэ...

Усміхнешся - і на сэрцы мне лягчэй,
Як люблю я глыбіню тваіх вачэй!
Чую, толькі дакрануся губ тваіх,
Быццам цэлы свет для нас з табой дваіх.

Пад цудоўны спеў птушыных галасоў
Тваіх водар удыхаю валасоў…
Цэлы век пражыць хачу з табой,
Асалода ты мая і супакой!..

© Vitali Pazdniakou, 2023 🍁

#vitali_pazdniakou #паэзія #вершынароднаймове #вершы #вершы_на_беларускай_мове #лірыка
Мы калісьці з табой размаўлялі падоўгу, і свет
Нам здаваўся вялікім, а шэрых дажджоў было мала,
Не ўспомніць, калі ўсё разбілася проста ўшчэнт,
Паглынула цябе мітусня - шмат каго праглынала.

Дзе той хлопец малы, што смяяўся так шчыра ўслед
Кожнай божай кароўцы, што з рук нашых жвава ўзлятала?
Ці, прыпомні, як бегаў за намі разгневаны дзед -
Бо, скакаўшы ў гумне, абвалілі кусок сенавала!..

Уцяклі мы тады і да ночы блукалі ў палях,
А насамрэч сям'я нас гадзіны з вячэрай чакала…
Я сумую па тых бесклапотных і сонечных днях,
Дзе бабуля жывая і мама зусім маладая.

Ты - мой брат, і калісьці былі мы сябрамі навек,
Раздзяліўся ў сабе цэлы свет - з краю кожнага хата,
Я цяпер для цябе - абсалютна чужы чалавек,
А ў вёсцы - нікога, хоць сёлета яблык багата…

© Vitali Pazdniakou, 2023

#паэзія #лірыка #вершынароднаймове #vitali_pazdniakou #вершы #вершы_на_беларускай_мове #вёска #дзяцінства #настальгія

Фотаздымак: Irina Iriser / Unsplash•com
Не сумуй, што снег ідзе, мая матуля,
Валасы што фарбу страцілі сваю,
Да цябе я ў думках, родная, вандрую,
Абдымаю, і шаную, і люблю.

На адлегласці я сэрца тваё чую,
Як яно пяшчотна б'ецца ў глыбіні,
Я душой твае далоні пацалую,
Зазірну ў вакно, як сонца прамяні.

Ля раллі бяжыць дарога чорнай стужкай,
Золкі вецер абдзімае камяні,
Паляцелі ў далёкі вырай птушкі,
Што так хораша спявалі ў вышыні.

Час ляціць, мінае год за годам,
Людзі родзяцца, блукаюць па зямлі,
Ты ў святых сваіх малітвах перад Богам
Мяне, грэшнага, матуля, спамяні.

Калі прыцемкі мацнеюць за парогам,
Калі ноч запальвае агні,
Мне так хочацца зрабіць гарбаты з мёдам,
Памаўчаць з табой ва ўтульнай цішыні.

Не сумуй, мая матуля дарагая,
Старана вясной абудзіцца ад сноў,
Новым лісцем абрастуць галіны гая,
І з табою мы сустрэнемся ізноў.

© Vitali Pazdniakou, 2023 г.

#матуля #вершыпрамаму #vitali_pazdniakou #вершынароднаймове #паэзія #вершы_на_беларускай_мове #лірыка #вершы #настальгія

Фотаздымак: Ozgu Ozden / Unsplash•com
Мой човен плыве, мой човен плыве,
Ішоў да яго я па мокрай траве
Сярод цішыні, сярод валуноў -
Нарэшце яго знайшоў.

Мой човен плыве, мой човен плыве,
І рояцца думкі ў маёй галаве,
А думак - мільён, як сонечных дзён,
Дзе шчодра квітнее лён.

Плыві ты, мой човен, далёка-далёка
Па чыстай вадзе пад бегам аблокаў,
Пад россыпам зорак, пад коўдраю сноў,
Далей ад хлусні акоў.

Прэч ад мітусні, мой човен, ляці,
Шукаю я шчасця ў бурлівым жыцці -
Праз шум галасоў, скрозь гул гарадоў
Мой човен плыве ізноў!..

© Vitali Pazdniakou, 2023

#vitali_pazdniakou #вершынароднаймове #вершы #паэзія #лірыка

Фотаздымак: Blocks Fletcher | Unsplash•com
Цябе я абдымаю з цеплынёй
І чую востра часу хуткабежнасць,
Мой кожны ўдых напоўнены табой,
А ў небе зорным - цішыня і вечнасць.

З табой я не імкнуся жыць хутчэй,
Імгненне кожнае, ад ранка і да ночы -
Нясу мой крыж, і робіцца лягчэй,
Калі гляджу ў твае сонечныя вочы.

Натхняе твайго сэрца глыбіня,
Начная птушка загукала ў палях...
Навокал нас - спакой і чысціня,
А высака над намі - Млечны Шлях…

З крыніцы тваіх вуснаў адап'ю
І запляту вясну ў густыя косы,
Я для цябе ад той пары пяю,
Калі прыйшоў у свет, малы і босы...

© Vitali Pazdniakou, 2023

Расейскамоўная версія тут:
https://m.facebook.com/story.php?story_fbid=122132814518064146&id=61551924396635

#vitali_pazdniakou #лірыка #паэзія #вершы #вершынароднаймове #каханне #вершыпракаханне

Фотаздымак: Noah Silliman | Unsplash com
"Калі б раптоўна ў проблісках маланкі
Святая даль адкрылася вачам,
Тады б адразу людзі зразумелі,
Што трэба жыць у згодзе, папалам

Дзяліць і хлеб, і цяжкія турботы,
І радасць, здарыцца калі,
Мароз і дождж, паўднёвую спякоту,
Усе б вакол зычлівыя былі", -

Так разважаў дапытлівы чаляднік,
На майстра гледзячы, а той глядзеў у агонь,
Маўчаў, а ўрэшце павярнуўся
І на плячо хлапцу паклаў далонь:

"Адчуе хлеба смак, хто зведаў голад,
І смак вады, хто прагнуў і знайшоў,
Палёгку - хто ўздымаў кавальскі молат,
Свабоду - хто пазбавіўся акоў.

Дзе хтось прайшоў, з'явілася дарога -
Праз многа дзён ты зразумееш сам:
Толькі калі пазбавімся ад злога,
Святая даль адкрыецца вачам".

© Vitali Pazdniakou, 2024

#vitali_pazdniakou #паэзія #вершы #вершынароднаймове #вершы_на_беларускай_мове #філасофскаялірыка

Фотаздымак: Patrick Hendry | Unsplash•com
Навальніца, навальніца –
Порткі мокрыя, спадніца;
Паляцеў, як птах, на клён
Нечый чорны парасон;

Вецер дзьме, пярун, маланка –
Пад брылём натоўп ля банка,
Мокне голуб побач з ганкам
Ды чарнявая цыганка.

Пралятаюць пыл і лісце,
Дзе прыпынак быў калісьці;
Кот руды спявае басам,
Седзячы пад бочкай з квасам.

Між аблокамі – вясёлка,
Галіной матляе ёлка,
Дождж, навокал прыгажосць –
Сустракайце ягамосць!

© Vitali Pazdniakou, 2024

#vitali_pazdniakou #вершы #паэзія #вершынароднаймове #вершы_на_беларускай_мове #лірыка

Фотаздымак: Vitali Adutskevich | Unsplash•com
Бяжы, хлопец вясёлы, бяжы,
Хай юнацтва ўсхваляць стрыжы,
Вецер буйны цалуе ў твар –
Раздзімае кахання пажар!

Пад вясёлкай цвятлівай бяжы
Па траве сакавітай мяжы –
Будзеш ў полі ад шчасця крычаць,
Бо не можна пачуццяў стрымаць!

У аблоках лунаеш калі,
Зоркі марай сваёй запалі –
Няхай бачаць яны з вышыні,
Што любоў яшчэ ёсць на зямлі.

Да дзяўчыны каханай бяжы,
Аб пачуццях усё раскажы,
Ёй далоні свае працягні –
Няхай сэрца пяе ў глыбіні.

Бяжы, хлопец, хутчэй і хутчэй,
Не хавай толькі долу вачэй –
І ў чароўных духмяных садах
Заспявае вам казачны птах.

© Vitali Pazdniakou, 2024

#vitali_pazdniakou #вершы #вершынароднаймове #паэзія #вершы_на_беларускай_мове #лірыка #вершыпракаханне

Иллюстрация: seth schwiet | Unsplash•com
Нешта чуецца ў паветры...
Нешта сніцца ў начы...
Пралягаюць кіламетры
Цішыні начной шашы...
Дождж халодны разумее –
Ён адзіны, хто знайшоў
Час прыйсці ў гадзіну смутку
Замест крэўных, сваякоў,
Каб слязьмі апасці глуха
На двухсхільны чорны дах
І адпець з асеннім ветрам
Сэрца роднае ў палях,
Раздзяляючы жалобу
Ды гадзіны лютай жах…
Хай ляціць, каханы Божа,
Да Цябе душа, як птах!

Прысвячаецца памяці Валянціны Паўлаўны Вылегжанінай, мамы маёй жонкі.
R.I.P.

© Vitali Pazdniakou, 2024

Фотаздымак часоў інстытута.

#vitali_pazdniakou #паэзія #лірыка #вершыпрамаму #вершынароднаймове #вершы_на_беларускай_мове