Верашчака
477 subscribers
6.39K photos
935 videos
3 files
1.48K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#ПобытБеларусаў
#БеларускіФальклор

АНЕКДОТЫ

Анекдоты займаюць адметнае месца ў сістэме жанраў беларускай народнай прозы, абумоўленае іх тэкставай спецыфікай. Тэкст анекдота фіксаваны і ў працэсе свайго функцыянавання не ствараецца кожны раз нанова, а ўзнаўляецца.

У анекдоце акцэнт робіцца на сутыкненні розных светаразуменняў герояў або героя і апаведача, моманце неадпаведнасці, які ўскрывае схаваны сэнс і вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць змест анекдота.

Своеасаблівы дыялог прынцыпова розных поглядаў на вызначаную сітуацыю або розных адносін да жыцця фарміруе мастацкі свет анекдота і структуру яго тэксту.

Жанравае выказванне анекдота імкнецца да мінімізацыі маўленчых сродкаў і можа быць зведзена да «рытарычнай мяжы», у якасці якой выступае «камічная апафегма, г. зн. дасціпны выраз»: «Кума, як ты думаеш, што раній було – яйко ці курыца?” – “Э, кумэ, раній усё было”».

Крыніца
#НародныАнекдот
#БеларускіФальклор

СВАРА

Ругаюцца мужык і жонка. Жонка крычыць: – Лепш бы я пайшла за чорта, а не за цябе!
А мужык ей: – Жаніцца братам з сестрамі не можна!

Зап. Мазырка Н. В. у 1998 г. ад Крук В. С. (1930 г. н.) у в. Стрыгінь-Засекі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
 
Крыніца
#НародныАнекдот
#БеларускіФальклор

ВЯЧЭРА

Вярнуўся мужык з лесу. Рэзаў дровы. Стаміўся і сеў есці проста з каструлі. Уваходзіць жонка:
– А што я сабаку дам?
– Сабаку свежага зварыш.

Зап. Арэшка І. М. ад Маславай Л. А. (1942 г. н.) у в. Ведрыч Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл.

Крыніца
#НародныАнекдот
#БеларускіФальклор

БАЦЬКА І СЫНЫ

Бацька і два сыны ідуць па дарозе пасля дажджу. Калюжына. Бацька першы пераскочыў, сыны стаяць.
– Глядзі, – кажа адзін, – бацька стары, а пераскочыў, што той сабака!
Брат даў кухаля:
– Дурань ты. Нельга так пра бацьку казаць. Ну скочыў сабе, і халера яго бяры!

Зап. Бурак Ю. У. у 1998 г. ад Гуліс В. (1940 г. н.) у в. Чарніцы Лагойскага раёна Мінскай вобл.

Крыніца
#НародныАнекдот
#БеларускіФальклор

ПА ДРОВЫ

Паехалі бацька з сынам сеччы дровы.
Сын і кажа: «Давай, бацька, ты будзеш сеччы, а я буду ланаць». – «Добра, – кажа бацька, – але калі мы прыедзем дахаты, я буду есці, а ты цмакаваць».

Зап. Сянкевіч Т. ад Бузюк Т. Я. (1948 г. н.) у в. Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.

Крыніца
#НародныАнекдот
#БеларускіФальклор

НАПАІЎ КАНЯ

– Паіў ты каня?
– Паіў.
– А чаго ў яго пыса сухая?
– Да вады не дастаў.

Зап. Мітраховіч Г. у 1977 г. ад Крук І. (1918 г. н.) у в. Коўчыцы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл.

Крыніца
#ПобытБеларусі
#БеларускіФальклор

Крыху раней мы пісалі пра анекдоты. А цяпер пазнаёмім з яшчэ адным відам народнай творчасці

БЫВАЛІЦА – празаічны няказкавы жанр беларускага фальклору; рэалістычнае, сюжэтна аформленае, фабульнае апавяданне пра тое, «што ў жыцці бывае», жыццёвая гісторыя.
У адрозненне ад бывальшчыны ў бываліцы пераважае побытавы матэрыял.

Сюжэт можа быць прыгаданы выканаўцам з любой нагоды, у любым месцы: рыбацкія, паляўнічыя, вайсковыя, любоўныя гісторыі, кур’ёзныя выпадкі і інш.

Бываліцы – жанр надзвычай прадукцыйны і ў цяперашні час.

Крыніца
#БеларускіФальклор
#Бываліца

ПАСЛАНЕЦ З ТАГО СВЕТУ

У бабы умер дзед. Баба гэтая сядзіт у хаце ды й галосіць. А ў яе засталося дзве тысячы грошаў. І вот у гэтую ноч нешта грукае ў дзверы. Яна чуе: «Баба, адчапі!» Яна адчапіла. Стаіць нешта лахматае, белае, у пер’ях. І пытае яна: «Хто гэта?» А сама спужалася-спужалася! А ў атвет: «Гэта я, Смерць! Мне твой дзед, бабка, з таго свету паслаў па грошы!»
Баба аддала грошы Смерці той, яна ўжо і пайшла, толькі тут яе спаймалі, ды як абадралі пер’е, дык аказалася, што гэта яе сусед.

Зап. Норына і Арлова ў 1983 г. ад Жыгаль Н. С. (1914 г. н.) у в. Лясковічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл.

Крыніца
#БеларускіФальклор
#Бываліца

ДВА БРАТА
Прыйшоў брат к брату. Сабраўся адзін брат дамоў, просіць другога: «Правядзі троху». А абое былі трусы.
Павёў брат брата да паўдарогі. Нада назад ісці. А страшна. Просіць брат: «Правядзі мяне назад, дужа я далёка цябе правёў». Павёў назад брат брата. А таму назад зноў страшна ісці. Разы тры адзін аднаго праводзілі, пакуль не вярнуліся ў братаву хату і не пераначавалі разам.
Гэты чалавек быў ахотнікам. Бывала ідзець на ахоту і моліцца: «Дай, Гасподзь, каб нікога не ўстрэціць, ніякога ні звера, не птушкі не ўвідзіць».

Зап. Зянькова Т. У. у 1976 г. ад Зянькова У. К. ў в. Шашы Шумілінскага раёна Віцебскай вобл.
 
Крыніца
#Бываліца
#БеларускіФальклор

ЯК ДЗЕД МАКАР ЖАНІЎСЯ

Жыў калісьці дзед Макар. І не было ў яго жонкі, хаця немалады быў, каля шасцідзесяці гадоў яму было. І вырашыў ён пайсці ў сваты да маладой Марусі. Узяў з сабой ў сваты маладога хлопца Івана.

Прыйшлі яны да Марусі і кажуць: «Сваты прыйшлі, запрашай у хату!» Ну, дзеўка запрасіла ў хату, сабрала на стол, а сама ўсё на Івана паглядае, спадабаўся ён ёй. Ды і Іван не спіць у шапку таксама. А што пачалося, калі Маруся даведалася, што яе сватаюць за старога дзеда! Паперла яна дзеда Макара чапялой. А з Іванам скора пажаніліся.

Зап. Саевіч С. І. у 1998 г. ад Слуцкага Я. І. (1942 г. н.) у в. Нянькава Наваградскага раёна Гродзенскай вобл.

Крыніца