Верашчака
497 subscribers
7.24K photos
1.16K videos
4 files
1.8K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#МіфыЛегендыБеларусі

Начніцы

Начніцы часцей за ўсё гуляюць улетку, калі лес убярэцца ў лісце, на паплавах зацвітуць кветкі, на палетках закаласіцца жыта, а ўсюды так стане хораша, што, здаецца, усё жыццё сядзеў бы сярод зялёных, пахучых лісцяў і красак, якія спавіваюць і поле, і поплаў, і лес.

Але так не бывае, каб усё добра было. Калі навокал прыгожа, а на сэрцы радасна, дык абавязкова бяда зусім блізка.

Толькі сонейка схаваецца за лес — лясныя нетры напаўняюцца ўсялякімі галасамі. Рагочуць, гойдаючыся на галінах, русалкі, ломяць дрэвы лесавікі, пагрозліва трашчыць нечысць, з лазовых кустоў выбягае чарада начніц. Хапае тады жаху добрым людзям.

Аднойчы напачатку лета захацелі мы з Данілам налавіць уюноў. Узялі сакі і папхнуліся да возера. Возера плыткае, адна гразюка, а ўюноў — хоць шуфлем шуфлюй. Як бачыш налавілі паўчоўна. Больш нельга, бо човен ваду зачэрпвае. Ледзь прыпхаліся да берага. Знайшлі сухі грудок і заначавалі пад вярбою.

Толькі закурылі люлькі, як раптам паблізу штосьці заверашчала, запішчала і так зарагатала — аж лес захістаўся. Трэба хутчэй вогнішча класці, бо агню ўсялякая нечысць баіцца. А тут, як на бяду, на грудку няма ні галля сухога, ні карчоў старых. Сядзім і ляскаем зубамі ад страху.

Ноч выдалася хмурная, мала што відаць праз галіны вярбы. Пачалі мы пільней прыглядацца, што вакол нас робіцца. Пасярэдзіне возера густы туман стаіць, а ў тумане штосьці мітусіцца, быццам дзяўчаты фартухамі махаюць. Адразу здагадаліся, што начніцы ігрышча спраўляюць.
Ледзь перачакалі ноч.

Пачало, дзякаваць Богу, світаць. Прылеглі, каб хоць трохі адпачыць. Не змаглі — рогат і піск не сунімаліся. Няма чаго рабіць: падняліся мы і падыбалі да ракі.

Адно прадзерліся праз лазу — выскачылі з кустоў начніцы. Падбеглі да ракі і — плюх! плюх! — у ваду.
Мільганулі і больш мы іх не бачылі.
#МіфыЛегендыБеларусі

Пестунь

...Знайшлі аднойчы парабкі на ўзлеску логавішча з трыма малымі ваўчанятамі. Толькі чапаць іх не сталі, бо ведалі, што раззлуюць дарослых ваўкоў — наклічуць бяду на скаціну. Ваўкі-бацькі счулі людзей, але логавішча не пакінулі. Мірнае суседства працягвалася, авечкі і гусі па-ранейшаму пасвіліся на выгане.

Аднак у хуткім часе самі ж парабкі і распудзілі драпежнікаў. Пачалі яны, ды яшчэ з сабакамі, ледзь не кожны дзень хадзіць да тых ваўчанят. Ваўкі нарэшце не вытрымалі і аднойчы ноччу сышлі з двума ваўчанятамі невядома куды. Аднаго малога бацькі пакінулі, відаць, не змаглі, а мо і не паспелі забраць з сабой.
Засталося малое ваўчанё ў старым логавішчы сіратой. Два дні, забіўшыся ў кут, моўчкі трывала, а на трэці, калі зусім прагаладалася, завыла на ўвесь лес.

Сабраліся парабкі каля логавішча, не ведаючы, што рабіць. Забіць ваўчанё — бацькі абавязкова пачнуць помсціць. Забраць у вёску таксама небяспечна, бацькі зноў-такі ўзлуюцца. Так, пад галодны енк малога, і вярнуліся хлопцы дадому. А неўзабаве сціхла тое ваўчанё. Як толькі ўзышло сонца, пайшлі парабкі да логавішча, каб даведацца, што з малым. Спыніліся ў кустах і бачаць: на вытаптанай каля логавішча прагаліне ляжаць кавалкі перажованага мяса, а побач, соладка пасопваючы, спіць ваўчанё. Спачатку падумалі, што гэта маці-ваўчыца не вытрымала і прынесла галоднаму дзіцяці паесці. Але раптам адзін з іх убачыў за густой ялінай вялізнага мацёрага ваўка, што не зводзіў з людзей пільнага вока. Прыгледзеліся, ажно гэта зусім стары воўк, сівая поўсць касмыкамі тырчыць, рэбры вытыркаюцца, вочы слязяцца... І зразумелі хлопцы, што прыцёгся сюды стары на покліч малога, пакарміў згаладалае, перапалоханае ваўчанё.

Усё лета ахоўваў ён падкідыша, карміў, пеставаў малога, а неўзабаве і забраў яго з сабой. Ну, а калі людзі, якія добра памяталі, як стары воўк пеставаў кінутае ваўчанё, пачалі будавацца непадалёку ад былога логавішча, то і парашылі назваць вёску Пестунь...
#МіфыЛегендыБеларусі

Прыбарская крыніца

Жыў калісьці ў гэтай мясцовасці (паміж Цяхціном і Прыбарам) пан. І была ў таго пана дачка. Прыгожая і адзіная ў панскай сям’і. Ведама, бацька яе вельмі шкадаваў і шанаваў.

Усяму прыходзіць свой час. Пакахала панская дачка маладога хлопца. Бацьку дзяўчыны ён вельмі не спадабаўся. Забараніў пан строга ім сустракацца.
Але што для закаханых забарона? Калі кахаеш, усе перашкоды адолееш.
Вось і вырашылі яны ўцячы, каб жыць-пажываць разам.

Калі пан даведаўся пра іх змову, дачка ўжо ехала ў карэце са сваім каханым.
Бацька пракляў сваю дачку. І ў гэты самы момант, калі ён прамаўляў апошнія словы праклёну, зямля расступілася, і карэта пайшла пад зямлю.

На тым месцы ўтварылася крыніца: паміж вёскамі Цяхцін і Прыбар, каля лесу на лузе. І колькі было непагадзі, засухі, але тая крыніца, як жывая, заўсёды б’е ключом.
#МіфыЛегендыБеларусі

Прыгожая дуброва

У Белавежскай пушчы ёсць урочышча, якое мясцовыя людзі называюць Прыгожая Дуброва. І вось як узнікла гэтая назва.

У даўнія часы тут жыў адзін пастушок. Адкуль, з якой сям’і ён паходзіў — ніхто не ведаў. Наймаўся хлопчык пасвіць каровы. Спыняўся ў заможных гаспадароў, якія плацілі яму хлебам і адзеннем.

Мінулі гады. Вырас пастушок у ладнага дзецюка. Пачаў хадзіць на вячоркі. У скокі з дзяўчатамі не пускаўся, затое вельмі любіў слухаць байкі пра залатыя і разбойніцкія скарбы. Надта ж хацелася маладому пастуху стаць багатым.

Аднойчы хтосьці падказаў яму, што разбагацець можна ў купальскую ноч, калі зацвітае папараць-кветка. Засела ў хлопцавай галаве гэтая падказка. Дзень і ноч ён думаў пра дзівосную папараць-кветку. Ажно гаспадары пачалі наракаць, бо каровы штодня ўбіваліся ў шкоду.

«Як разбагацею, — суцяшаў сябе пастух, — дык адразу з усімі разлічуся…»
Людзі пасмейваліся з дзівака, ніхто з іх не верыў, што папараць сапраўды цвіце. А пастух усё роўна з раніцы і да вечара шукаў па лясных нетрах самы прыгожы папаратнік.

І аднаго дня знайшоў-такі незвычайны папаратнікавы куст. Высокі — у чалавечы рост, з вялізнымі разлапістымі лістамі, што звісалі ўніз, быццам казачны зялёны вэлюм. Доўга, як зачараваны, стаяў пастух каля папаратніка. Апомніўся — ужо хаваецца сонца. І тут ён успомніў, што сёння якраз купальская ноч.

Загнаў дзяцюк статак у вёску, а сам хуценька папраставаў назад у лес. Спяшаецца — ажно спатыкаецца. Не бачыць, што следам за ім увязаўся ляснік, які ў хлопцавай спешцы ўбачыў штосьці нядобрае. Няйнакш на звярыну пасткі паставіў!

Прыбег пастух да вялізнага папаратніка, прысеў непадалёку за вываратнем і чакае. Не ведае, што з другога боку вываратня прытаіўся ляснік са стрэльбай у руках.
Сядзеў-сядзеў хлопец, а потым давай ціхенька насвістваць. Раптам чуе — хтосьці адказвае. Здзіўлены пастух падумаў, што яму прымроілася. А ляснік тым часам яшчэ мацней сціснуў у руках стрэльбу: няйнакш пастух з кімсьці змовіўся!

Зноў некалькі разоў свіснуў хлопец — і заняло ў яго дух. 3 папаратніка паказалася вялізная змяя. Выгнуўшыся на хвасце дугою, яна марудна сунулася да пастуха. Хлопец зусім спалохаўся, але ўбачыў у змяіных лапах паўнюткі гаршчок золата, што ажно зіхацела чырвоным агнём. Дзяцюк падняўся насустрач змяі, каб прыняць ад яе скарб. І тут з-за вываратня грымнуў стрэл…
Гэта стрэліў спалоханы ляснік. Выпрасталася змяя на хвасце, абвілася вакол папаратніка, а потым як шугане агонь!
Калі агонь апаў, нічагутка не засталося: ні папаратніка, ні змяі, ні пастуха з лясніком. А каля вываратня праз гады вырасла прыгожая дуброва. Людзі кажуць, што якраз тут рассыпалася багацце, якое змяя несла пастуху.
#МіфыЛегендыБеларусі

Расамаха

Старыя людзі расказвалі, што калісьці у лесе вадзіліся звяры Расамахі. Мабыць, яны памыляліся, бо я сваімі вачыма бачыў Расамаху. Не звер гэта, а нечысць, падобная на жанчыну з распушчанымі валасамі. Кожная пры жыцці забіла сваё дзіцятка, а сама ўтапілася.

Касілі мы з дзецюкамі каля ракі. Знайшлі сухі грудок, пакінулі там торбы з харчамі і ўляглі ў работу. Рана добра касіць — трава расяная, мяккая… Пакуль паднялося сонейка, ладны кавалак скасілі.

Пабег я на грудок па біклагу з квасам. Гляджу — хтосьці пашкамутаў нашы торбы, а біклагу нават на алешыну павесіў. Сабака ці які-небудзь лясны звер такое не ўчыніў бы. Замёр, прыслухоўваюся. Ажно чую — зусім блізенька плача дзіця. Я — да яго, а яно — далей. Я за лазу,а дзіцятка ў траву. Шукаю ў траве,а малое ўжо дзесьці каля ракі. «Што за ліха?» — думаю сам сабе. Вось дык хітрыкі, але ж і я не ўломак. Пайшоў нібыта да грудка, а потым паціху, на пальчыках, павярнуў зноў да ракі. Там якраз бабравіна была. Падкраўся, гляджу, а на бабровай хатцы жанчына сядзіць і трымае на руках маленькае дзіцятка. «Мусіць, яно плакала…» — падумаў я і цікую далей.

Жанчына тым часам паклала дзіцятка на голле і пачала расчэсваць зялёным шчупаковым грэбнем распушчаныя валасы. Я стаю і дзіўлюся: хто яна такая і чаму сядзіць на бабровай хатцы? Толькі так падумаў — зноў закугакала дзіця. Жанчына перастала расчэсвацца. Паклала малое сабе на нагу і люляе.

Дзецюкі, з якімі я касіў, таксама пачулі, што дзесьці плача дзіця. Спяшаюцца ў наш бок. Пачула Расамаха людзей, схапіла немаўлятка і шабултых у ваду, аж бурбалкі пайшлі.

Прыбеглі дзецюкі. Пытаюцца ў мяне, ці не бачыў я тут дзіця. А я маўчаў, бо усё роўна не павераць. Павярнулі усе разам на сенажаць, каб папалуднаваць. Прыходзім на грудок, а нашы торбы зноў хтосьці параскідаў. Перахрысціўся я перад абедам, і больш Расамаха нас у той дзень не трывожыла.
#МіфыЛегендыБеларусі

Скарб у Азярыйскім гарадзішчы

Аднойчы позна ўвечары ў вёску Мястэчка прыехаў нейкі пажылы чалавек. Спыніўся на беразе возера і папрасіў рыбака перавезці яго на востраў ды паказаць старадаўняе Азярыйскае гарадзішча.

Тым часам зусім сцямнела. Рыбак доўга не згаджаўся, але калі незнаёмец даў яму срэбраны рубель, пакіраваў лодку да вострава. І толькі яны падняліся на вяршыню гарадзішча, як раптам з грукатам адны за адным рассунуліся трое жалезных дзвярэй і паказаўся патаемны склеп.
Незнаёмец і рыбак ступілі ў яго і ўбачылі на крэсле невыказнай прыгажосці князёўну. Каля яе ног ляжалі два харты, а па абедзве рукі стаялі куфры, паўнюткія залатых і срэбраных грошай.

Незнаёмец нагроб у мех як падняць срэбра і выйшаў. Рыбак таксама падаўся за ім. «Прыбягу сюды заўтра днём. — падумаў ён, — і стану першым багацеем ва ўсёй ваколіцы…»

Назаўтра на світанні ён быў на гарадзішчы. Аднак ні золата, ні срэбра, ні нават муроў каменных з жалезнымі дзвярыма не знайшоў.
Перад ім, як і раней, маўкліва горбіўся старадаўні земляны насып, шмат дзе ўскапаны шукальнікамі зачараваных скарбаў.
#МіфыЛегендыБеларусі

Смерць чараўніка

Жыў у нашай вёсцы чараўнік, які знаўся з нячыстай сілай. І быў у яго сын.

Калі бацька пачаў паміраць, сын папрасіў:
— Навучы мяне чараваць, бо памрэш, а я нічога не буду ведаць.
— Добра, навучу, — згадзіўся стары чараўнік. — Залезь на печ і глядзі на мяне праз хамут.

Сын так і зрабіў. Залез на печ і цікуе праз хамут. Бачыць — канае бацька. Тут як тут зляцеліся чэрці. Мучылі бацьку, мучылі, аж пакульён язык не высалапіў.

Тады чэрці падзялілі паміж сабою чалавечыя косці, жылы і вантробы, а скуру кінулі. Галоўны чорт залез у яе і рагоча:
— Глядзіце, што я прыдумаў! Няхай замест нябожчыка мяне абмываюць, аплакваюць і хаваюць. Вось нам смеху будзе!

Тым часам збегліся суседзі. Паставілі ў печ ваду грэцца, мерцвяка паклалі ў карыта, каб абмыць перад апошняй дарогай. Суседзі, вядома, радыя, што чараўнік памёр, але хаўтуры спраўляюць па-людску.

Сын таксама злез з печы, сядзеў каля нябожчыка і маўчаў. А потым падскочыў — і да печы.
Схапіў гаршчок з варам і бяжаць да карыта. Убачылі суседзі, што ён хоча лінуць кіпень на бацьку, пачалі сварыцца:
— Што ты робіш?! Ты ж бацьку роднага ашпарыш!..
— Гляньце, які гэта бацька! — адказаў сын.

І плюхнуў вар на мерцвяка. Як трэсне на ім скура! Як сігане чорт у карыце з хаты — толькі яго і бачылі.
#МіфыЛегендыБеларусі

Сярэбраная крынічка

На ўскрайку фруктовага саду Хамінскіх стаяў домік, у якім жыў садоўнік.
Вясной, летам, увосень у садзе працы шмат, а ўзімку – менш. Каб дарэмна не марнаваць час, садоўнік плёў для яблыкаў кашы, кошыкі і карзінкі. Яму дапамагала жонка, і асабліва захапляўся гэтай работай іх сын Янка. Сям’я жыла дружна, зладжана.

А вясной здарылася бяда – бацькі Янкі раптоўна памерлі. Пані ўсынавіла сірату, адвяла яму ў палацы асобны пакой і разам са сваім сынам адправіла ў школу. Хлопчыкі пасябравалі.

Яе сын Стась больш чытаў кнігі пра вайну, подзвігі, а Янка ў вольны час займаўся сваёй любімай справай – пляценнем. Плёў кошыкі і кошычкі з лазы, яловых каранёў, навучыўся рабіць карзіначкі з лучыны, ліпавай кары, бяросты. З часам пайшоў у ход рагоз, чарот, саломка. Яго фантазія стварала адмысловыя падвазонніцы, кашолачкі, фруктоўніцы, хлебніцы, цукерніцы, падносы, шкатулкі, сумачкі, брылі, цацкі, насценныя пано.

Усе вырабы Янкі пані выстаўляла ў гасцёўні як аздобу інтэр’ера. Хлопцы падраслі і паехалі вучыцца ў Вільню: Стась захацеў быць афіцэрам, а Янка – садоўнікам. Летам хлопцы прыязджалі на вакацыі. Стась больш займаўся спортам, коннай яздой, а Янка – пляценнем.

Колькасць вырабаў усё павялічвалася і павялічвалася. Улетку да Хамінскіх прыязджала адпачыць з розных месц шмат гасцей. Яны з цікавасцю аглядалі вырабы, захапляліся майстэрствам Янкі. Пані прыкмеціла, што многія хацелі б набыць вырабы ў якасці сувеніраў і, параіўшыся з Янкам, аднойчы аб’явіла:

– Гэта работы майго прыёмнага сына, круглага сіраты Янкі. Каб стварыць вам прыемнасць, мы дамовіліся, што можаце браць вырабы ў якасці сувеніраў на памяць аб наведванні Альшэва за сімвалічны кошт. Вось у гэты кош кладзіце манеты, хто колькі. Я аддам іх Янку ў дзень вяселля.

Трэба сказаць, што госці не скупіліся. Больш таго – адзін перад адным адным шчодра сыпалі жмені срэбраных манет у кошык-скарбонку.
Праз некалькі гадоў кош даверху напоўніўся манетамі.

На канікулах Янка пазнаёміўся з дзяўчынай-гараджанкай Аней, дачкой паненскай сяброўкі, якая праводзіла тут канікулы. Цэлымі днямі сядзелі яны ў альшэўскім парку на лавачцы ля дарожкі, што вяла да прыстані. Аб іх размовах ведалі хіба толькі стогадовыя ліпы ды разгалістыя клёны.

Аднойчы Янка прызнаўся прыёмнай маці, што кахае Аню. Пані паабяцала перагаварыць з Анінай маці. Якімі шчаслівымі адчувалі сябе закаханыя, калі даведаліся, што дарослыя адносяцца да іх кахання з разуменнем.

Аднойчы прыехаў Стась з Вільні і аб’явіў маці, што едзе дабравольцам на турэцкую вайну, вызваляць Балгарыю ад захопнікаў. Калі даведаўся пра гэта Янка, то таксама заахвоціўся ехаць разам з ім.

Засумавала Аня. Працягвала адна хадзіць на іх улюблёнае месца, успамінаць пра сустрэчы, чакаць, спадзявацца, што любы хутка вернецца. У адзін з вечароў з-пад зямлі забурліла-завіравала крынічка. Што гэта мае быць за знаменне? А праз некаторы час прыйшла сумная вестка, што Янка загінуў.

– Гэта крынічка – вестачка ад любага, што яго няма ў жывых, — загаласіла Аня, і яе слёзы разам з крынічнай вадою пацяклі-паструменіліся ў Страчу.

Пані, не ведаючы што рабіць з сабраным скарбам, прынесла кошык да крынічкі і высыпала срэбраныя манеты ў яе чыстую бяздонную глыбіню.

Многім наталяла смагу крынічка свёй вадзіцай. Легенду пра срэбраную крыніцу перадавалі з вуснаў у вусны. Вада была ў ёй крыштальна чыстая і вельмі прыемная на смак. Можа ад срэбра, але хутчэй за ўсё ад глыбокага і моцнага чалавечага кахання.
#МіфыЛегендыБеларусі

Татарка

Відаць, і праўда тут, у лесе, жыла нейкая прышлая татарка. Нездарма тутэйшыя людзі называюць гэтую мясціну Татаркаю.
Расказваюць таксама, што была яна не проста чарадзейкаю, а злою ведзьмаю і разбойніцаю.

Жыла татарка ў лесе пры дарозе. Ідзе непадалёку падарожнік — яна тут як тут. Выскачыць з гушчара, перапыніць і заб’е. Вельмі ж дужая была нягодніца! Адзін раз стукне — і няма чалавека.

Доўга яна гаспадарыла, аж пакуль не наскочыла на бывалага жаўнера.
Так ужо здарылася, што мусіў ён ехаць каля татаркі. Добрыя людзі падказалі служываму, як разбойніца сустракае падарожнікаў, таму ён пайшоў на хітрасць. Зрабіў саламянае пудзіла, пасадзіў яго верхам на каня, а сам пайшоў назіркам пешкі. А стрэльбу зарадзіў срэбранаю куляю, бо звычайная куля, кажуць, нечысць не бярэ, толькі срэбранай яна баіцца.

Пачула татарка, што хтосьці едзе. Выскачыла, адным махам збіла з каня саламяны куль, падобны на чалавека, а жаўнер тым часам злажыўся як след і стрэліў у разбойніцу. Не прамахнуўся — пацэліў.

— Годзе мне жыць ды людзей губіць! — закрычала татарка.
А перад смерцю паказала разбойніца жаўнеру ўсе свае незлічоныя скарбы. Потым спынілася каля ўвахода у падзямельныя лёхі і проста на вачах у чалавека расцяклася чорнаю смалою, назаўсёды знікла у падзямеллі.

Але і пасля смерці вядзьмаркі злая сіла доўга не давала спакою людзям. Асабліва тым, хто ехаў ці ішоў сюдою ноччу. Абавязкова прычаплялася страхоцце.

Падарожнікі, каб адбіцца ад наслання, шпурлялі ў заклятае месца сукі і карчы. Яшчэ нядаўна, за нашай памяццю, тут ляжалі цэлыя горы ламачча, але нейкі чалавек адважыўся спаліць усю гэтую завалу.

Цяпер ліхое не заўсёды прывязваецца. Праўда, як адзін вяртаешся апоўначы, такі нагоніць страх, аж мурашкі сыпануць па спіне.