Верашчака
496 subscribers
7.4K photos
1.18K videos
4 files
1.85K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#ЛюдзіБеларусі

☦️ 5 снежня 1104 года мяркуемая дата нараджэння Еўфрасінні Полацкай (мірское імя — Прадслава Святаслаўна).

Інакіня і асветніца перыяду Полацкага княства.

Пасля дасягнення паўналецця (12 гадоў) яна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Пасля пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавай скрыпторыі перапісвала, а магчыма, і перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць.

Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучылішчы, бібліятэкі, скрыпторый, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні).

Па яе замове Лазар Богша зрабіў крыж, вядомы як крыж Еўфрасінні Полацкай. Мужчынскаму манастыру падарыла выдатны твор візантыйскага мастацтва — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская».

У 1167 годзе памерла ў Іерусаліме, здзяйсняючы туды паломніцтва, і была пахавана ў манастыры Святога Феадосія.
#ГісторыяБеларусі
#Паўстанне1863
#ЛюдзіБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Станіслаў Антоній Прушынскі, (Антоній Антоніевіч Прушынскі) – мінскі  фатограф. Адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі. У 1850-я гады меў дачыненне да дзейнасці Мінскага гарадскога тэатра, у 1856 г. выступаў на ягонай сцэне ў оперы Станіслава Манюшкі «Рэкруцкі набор». 9 лютага 1852 г. Прушынскі выканаў ролю «Караля Лятальскага» у часе прэм’еры спектакля «Сялянка» ў Мінску. У перадпаўстанцкі перыяд далучыўся да «чырвоных» Мінскага паўстанцкага камітэта.

Фелікс Ражанскі - беларускі паэт, мемуарыст, удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг. У 1861 г. увайшоў у Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю К. Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газеты «Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод сялян. Аўтар паўстанцкіх песень на беларускай мове «Гэй-га разам, хлопцы…», «Ах ты, мая чарнабрыва…» і інш., успамінаў «3 Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэвалюцыйнага руху 1860-х г. на Гродзеншчьше, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі К. Каліноўскага.
Паэтычную спадчыну Ф. Ражанскага апублікаваў Ігнацій Арамовіч, настаўнік Беластоцкай гімназіі і ўдзельнік паўстання, у кнізе «Летуценні: дзённік аб партызанскім руху ў Гродзенскім ваяводстве ў 1863—1864 гг.». У гонар Фелікса Ражанскага названая вуліца ў Вялікай Бераставіцы.

Працяг будзе...
#ЛюдзіБеларусі

80 гадоў з дня смерці Магдалены Радзівіл

Мецэнатка і дзяячка беларускага культурніцкага руху Марыя Магдалена Радзіві́л (дзяв. 3авіша) нарадзілася 26 чэрвеня (8 ліпеня) 1861, Варшава — памерла 6 студзеня 1945, Фрыбур, Швейцарыя).

📌 Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Падтрымлівала газету «Biełarus» (1913—1916).

У 1917 г. ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме.

Цікавы факт: у ліпені 2017 г. прах Магдалены Радзівіл быў вернуты ў Мінск і 17 лютага 2018 г. перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.
#ЛюдзіБеларусі

6 студзеня 1920 года нарадзілася Ганна Іванаўна Маслоўская, Герой Савецкага Саюза.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. у Чырвонай Арміі; трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі.

У 1942 годзе па заданні падпольнай арганізацыі ўладкавалася ў Паставах у швейную майстэрню, якая абслугоўвала гітлераўцаў. Збірала звесткі аб ворагу. З яе дапамогай падпольшчыкі знішчылі фашысцкага генерала фон Цуга.

Удзельнічала ў разгроме фашысцкіх гарнізонаў у Залессі, Лынтупах, Камаях, у падрыве трох эшалонаў ворага; знішчыла некалькі дзясяткаў салдат і афіцэраў праціўніка, вынесла з поля бою дзясяткі параненых партызан.

Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.
#ГісторыяБеларусі
#Паўстанне1863
#ЛюдзіБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Людвік Тэадор Нарбут – ваенны , адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве. З роду Нарбутаў, сын Тэадора Нарбута, архітэктара, інжынера і вядомага гісторыка. Падчас падрыхтоўкі паўстання прыхільнік партыі «чырвоных», звязаўся з Каліноўскім, бываў на канспіратыўных сходах.

Станіслаў Сангін – удзельнік  нацыянальна-вызваленчага руху. Гродзенскі чыноўнік. Паплечнік Каліноўскага. Разам з Феліксам Ражанскім і Валерам Урублеўскім прымаў удзел у выданні і распаўсюдзе «Мужыцкай праўды». Сфарміраваў у Сямятычах паўстанцкі атрад.

Станіслаў Сільвестровіч – памешчык, уладальнік маёнтка Гожа ў Гродзенскім павеце Гродзенскай губерні. Член Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. Стаўшы гаспадаром маёнтка ў Гожы, значна аблягчыў павіннасці сялян. У 1861 годзе пазнаёміўся з удзельнікамі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, у тым ліку і з Канстанцінам Каліноўскім.

Працяг будзе...
#ЛюдзіБеларусі
#Паўстанне1863
#ГісторыяБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Віктар Вацлаў Стажэнскі (Старжынскі) – грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку 1860-х гадоў. 3 1861 года гродзенскі губернскі маршалак шляхты. Вёў перамовы з царскімі ўладамі наконт аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю, аднаўлення Віленскага ўніверсітэта. У час паўстання 1863-1864 гг. адзін з кіраўнікоў партыі «белых» у Беларусі і Літве. 

Юзаф Такажээвіч – польскі пісьменнік і публіцыст.  Прапагандаваў тэорыю абшчыннага сацыялізму А. Герцэна. Становішчу рускага і беларускага народаў прысвяціў артыкул «Рускае пытанне» (1868).

Рамуальд Людвікавіч Траўгут - генерал, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. З 1845 года служыў у расійскай арміі, удзельнік Крымскай вайны (1853-1856)У 1928 г. ў мястэчку Свіслач устаноўлены помнік Р. Траўгуту, адноўлены ў 1989 г.

Працяг будзе...
#ЛюдзіБеларусі

Адамам Ганорый Кіркор (1818–1886) - беларускі этнограф і гісторык.

Нарадзіўся у в.Слівіна Мсціслаўскага павета ў шляхецкай сям'і. Вучыўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях. Быў членам Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўніком Віленскага музея старажытнасцяў. У 1859 г. Кіркор заснаваў уласную друкарню. З 1859 па 1865 быў рэдактарам газеты "Kurier Wileński".

Пасля паўстання 1863-64 гадоў і далейшага ўціску працаваць у Вільні стала немагчыма (дзе тут прыхільнікі помнікаў Мураўёву?). Адам Кіркор пераехаў у Пецярбург, дзе, пры садзеянні Маўрыкія Вольфа, выдаваў газету "Новое время".

У 1872 г. ён з'ехаў у Кракаў (на той час у складзе Аўстрыі), дзе працягваў даследчыцкую і літаратурную практыку. У гэты час былі напісаны навукова-папулярныя нарысы па гісторыі Літвы і Беларусі, якія абагульнілі апошнія навуковыя здабыткі ў вывучэнні краю і склалі трэці том "Маляўнічай Расіі". Урыўкі з гэтага выдання мы зараз публікуем на нашым канале.
#ЛюдзіБеларусі
#Паўстанне1863
#ГісторыяБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Валерый Урублеўскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. у Беларусі, дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбургскі лясны інстытуты (на будынку ўніверсітэта ўсталявана мемарыяльная дошка). Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў яго падпольнай працы, у тым ліку ў выданні і распаўсюджванні «Мужыцкай праўды». Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, - апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю. Калі 18 сакавіка 1871 года ў Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва працоўны ўрад Парыжскай Камуны, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У гэтым выступе ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе…». У званні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Версальцы завочна прысудзілі яго да смяротнага пакарання. З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Вялікабрытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Урублеўскі ўступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 г. яго абралі членам Генеральнага савета I Інтэрнацыяналу, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Падтрымліваў Маркса і Энгельса супраць Бакуніна. У 1878 г. ён нелегальна прыязджаў у Расію (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. У Гродне імем Урублеўскага названа вуліца. Ацэнка дзейнасці Урублеўскага дадзена ў словах У. І. Леніна: «…Памяць Дамброўскага і Урублеўскага непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі…».

Працяг будзе...
#ЛюдзіБеларусі
#Паўстанне1863
#ГісторыяБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Міхал Яхім Цюндзявіцкі - удзельнік паўстання 1863-1864 гг., першая ахвяра царскіх карнікаў. У час службы ў войску Міхал увайшоў у рэвалюцыйную арганізацыю, па заданні якой пры канцы 1862 г. ўзяў адпачынак і накіраваўся ў вандроўку па вёсках Мінскай і Віленскай губерняў – заклікаць сялян да паўстання. Пераапрануты ў кажух, аб’ехаў шмат мясцін. 18 лютага 1863 г. ён наведаўся ў карчму каля вёскі Камень, дзе сабралася шмат народу на хрэсьбіны. Калі гаворка перайшла да тэмы ўзброенага выступлення, Цюндзявіцкі дастаў з кішэні брашуру на беларускай мове (хутчэй за ўсё «Мужыцкую праўду») і гучна яе зачытаў.

Яўстах Чарноўскі – удзельнік паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Ашмянскага павета. Ва ўніверсітэце атрымаў наступную характарыстыку: «Ён, кажуць, мае вялікі ўплыў на сялян, якія яго любяць, таму што ён, апранаючыся ў шэры армяк, называе іх братамі. Наогул, як запэўніваюць, сяляне заходніх губерняў ахвотней слухаюцца студэнтаў, чым сваіх памешчыкаў альбо тамтэйшых жыхароў, кажучы, што студэнты і разумнейшыя за іх, апошніх, і лепш ведаюць аб здагадках і мерапрыемствах урада, жывучы большай часткай у сталіцах і вялікіх гарадах.»

Працяг будзе...
#ЛюдзіБеларусі
#Паўстанне1863
#ГісторыяБеларусі

Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг.

Усім журналістам, прапагандыстам і гісторыкам, якія лічуць, што гэта паўстанне не мае ніякага дачынення да беларусаў, прысвячаецца.

Зыгмунт Баніфацый Рох Бярнардавіч Чаховіч-Ляхавіцкі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг., бібліяфіл. У 1862-1863гг. – член Віленскага Камітэта Руху, пасля яго ліквідацыі – займае пасаду сакратара ў «Аддзеле кіраўнікоў правінцыямі Літвы». Прыхільнік жорсткай лініі К. Каліноўскага. У Малых Бяседах Зыгмунт Чаховіч стварыў вялікую бібліятэку. З Чаховічам пазнаёміўся малады Янка Купала, сям’я якога ў 1895-1904 гг. жыла непадалёку ў фальварку Селішча. У доме Чаховіча Купала ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай (прысвечанай польскаму вызвольнаму руху), гутарыў з ім пра паўстанне 1863-1864 гг., карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Пра сустрэчы з Чаховічам паэт пісаў у аўтабіяграфіях.

Тадэвуш Рыгор Удальрык Чудоўскі – адзін кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. на Магілёўшчыне. Чудоўскі дапамог адкрыць у Горках падпольную народную школу, дзе навучанне вялося паводле беларускіх кніг, друкаваных лацінкай. Падтрымліваў здольную моладзь таксама і матэрыяльна, не шкадуючы на гэта ўласных сродкаў. Напрыклад, за яго кошт вучыўся ў інстытуце зямляк з Чэрыкаўскага павета Станіслаў Віскоўскі, які ў 1863 г. стаў адным з кіраўнікоў паўстання горацкіх студэнтаў. Чудоўскі, які вітаў адмену прыгоннага права ў 1861 г., задоўга да гэтага даў сваім сялянам волю.

Працяг будзе...