Верашчака
490 subscribers
7.02K photos
1.1K videos
4 files
1.72K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#Падарожжа
#АрхітэктураБеларусі

Сядзіба Дамейкаў ў Сітцах
Докшыцкі раён Віцебскай вобласці

У XVII стагоддзі маёнтак Сітцы належаў сям'і Бжастоўскіх: яны вырашылі стварыць тут цэлы палацава-паркавы ансамбль.

У 1798 годзе маёнтак выкупіў дзядзька Ігната Дамейкі – Тадэвуш. Праз нейкі час палац згарэў, і сын Тадэвуша ўзвёў тут новы будынак – гэтым разам драўляны (праўда, ён таксама згарэў).

Пасля ўсіх выпрабаванняў лёсу, што выпалі на долю маёнтка, ацалелі толькі парачка калон, якія засталіся яшчэ ад Бжастоўскіх, руіны некалькіх сценаў, барочная ўязная брама і здаравенны дуб-волат, якому ўжо каля 500 гадоў. Кажуць, у прасторным цені дуба калісьці адпачываў Тадэвуш Касцюшка – а цяпер могуць адпачыць і ўсе ўдумлівыя вандроўцы па Беларусі.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Бохвіцаў у Флер’янове
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

Сядзіба роду Бохвіцаў з прыгожым садам з'явілася ў Флер'янове ў 1870 годзе.

У сядзібе захоўвалася вельмі багатая бібліятэка і любілі бавіць час многія знакамітыя дзеячы культуры тых часоў: Рэйтаны, Радзівілы, Уладзіслаў Рэймант і іншыя.

Наведваал Флер'янова і Эліза Ажэшка – у 1909 годзе яна нават пасадзіла тут свой дуб, які можна знайсці і сёння. Паводле яе, «вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра». 

Прыязджай сюды вясной ці летам, каб адчуць усё гэтае хараство.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Тышкевічаў у Лагойску
Мінская вобласць

Пару стагоддзяў таму ў Лагойску ўсім запраўлялі Тышкевічы. Першы замак сям'і быў разбураны, таму ў XIX стагоддзі Пій Тышкевіч заняўся ўзвядзеннем каменнага палаца. Вакол палаца быў разбіты англійскі парк з ручаямі і масткамі.

У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы адкрылі ў Лагойску музей старажытнасцяў – ён займаў некалькі пакояў палаца.

Да нашых дзён дайшло няшмат, але скласці ўяўленне пра тое, як усё тут выглядала ў лепшыя часы, можна па малюнках Напалеона Орды.

Сёння Лагойскі парк выдатна пасуе для кароткай вылазкі з Менска – асабліва калі хочаш адпачыць душой.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Агінскага ў Залессі
Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

Род Агінскіх валодаў гэтымі землямі яшчэ з пачатку XVIII стагоддзя.

Самы знакаміты прадстаўнік роду – Міхал Клеафас, аўтар таго самага паланэза – вярнуўся ў Залессе ў 1802 годзе (пасля ўдзелу ў паўстанні Касцюшкі яму давялося на некалькі гадоў пакінуць родныя мясціны).

Адразу пасля вяртання гаспадара пачалі актыўна ўзводзіць вытанчаны каменны палац і разбіваць англійскі парк: раней тут была драўляная сядзіба і некалькі гаспадарчых пабудоў.

Праўда, будаўніцтва заняло амаль два дзясяткі гадоў, затое палац атрымаўся цудоўны – з калонамі, парадным уваходам і ўнікальнай аранжарэяй з трапічнымі раслінамі. 

Сам Міхал Клеафас увесь час жыў у Залессі да 1810 года, а пасля – да самай смерці ў 1833 годзе – рэгулярна сюды наведваўся. Тут ён прымаў гасцей, ладзіў літаратурныя чытанні і музычныя вечары. Кажуць, што менавіта ў Залессі ўпершыню прагучаў паланэз «Развітанне з Радзімай».
#Падарожжа
#АрхітэктураБеларусі

Палац Радзівілаў у Нясвіжы
Менская вобласць

Знакавую беларускую славутасць атачае, бадай, самы ўражальны парк у падборцы (насамрэч нават пяць паркаў).

Спачатку за часам Радзівіла Сіроткі тут разбілі італьянскі сад, пры Рыбаньку – французскі.

Самыя маштабныя работы вяліся з падачы княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян. Тады ў Нясвіж завезлі саджанцы з Берлінскага гадавальніка, на замкавых валах разбілі ружовыя кветнікі, вакол збудавалі тэрасы і альтанкі для адпачынку. Тады ж з'явіліся Замкавы парк з алеямі ўздоўж абароннага рова, Стары парк на паўночным усходзе ад замка і Японскі парк, дзе павінны былі размясціць сад камянёў і карлікавыя дрэвы (але нешта не склалася).

На процілеглым беразе ракі Ушна раскінуліся Англійскі і Новы паркі: Англійскі вырас на месцы іпадрома і быў любімым месцам конных шпацыраў Радзівілаў.

Новы (Марысін) парк нагадвае пра каханне князёўны да беднага шляхціца.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Лошыцкі парк
Менск

Каб прагуляцца па маштабным сядзібным парку, нават неабавязкова выязджаць з Менска: адпраўляйся ў Лошыцу, каб убачыць цэлы комплекс XVIII стагоддзя.

У будынку сядзібы, які даволі добра захаваўся, сёння працуе музей.

Акрамя таго, па велізарнай тэрыторыі рассыпана яшчэ некалькі пабудоў і руін: флігель з драўлянай вежкай, разбураная капліца ў стылі віленскага барока і млын канца XIX стагоддзя.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Путкамераў у Больценіках
Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці

Сядзібны дом у Больценіках Путкамеры ўзвялі ў першай палове XIX стагоддзя (праўда, пабудова, якую мы бачым цяпер, – больш позняя версія будынка: канца XIX стагоддзя).

З гэтым месцам звязана прыгожая гісторыя кахання: тут Адам Міцкевіч часта сустракаўся з Марыляй Верашчакай, якая тады была жонкай Ваўжынца Путкамера.

Сядзібны парк, дзе бавілі час закаханыя, Міцкевіч пяшчотна называў «гайком Марылі». Калі будзеш блукаць па парку, паспрабуй адшукаць камень, на якім вышкрабаны крыж: кажуць, ці то Марыля выдрапала яго ад тугі па каханым, ці то гэта зрабіў сам Адам – калі Марыля не прыйшла на апошняе спатканне.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Чарноцкіх у Начы
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

У старадаўнім паселішчы Нача, вядомым яшчэ з XV стагоддзя, захаваўся маляўнічы сядзібны парк Чарноцкіх.

Уласнасцю Францішка Чарноцкага маёнтак стаў у канцы XVIII стагоддзя. Сядзібу ў класічным стылі тут узвёў сын Францішка Міхаіл Чарноцкі. Будаўніцтва скончылі каля 1815 года, тады ж вакол будынка разбілі і прасторны пейзажны парк.

Сучасны выгляд сядзіба набыла пасля маштабнай рэканструкцыі на пачатку ХХ стагоддзя. А па Другой сусветнай дом прыстасавалі пад вытворчасць воцату.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Навіцкіх у Савейках
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

Непадалёк ад Начы знаходзіцца яшчэ адна славутасць Ляхавіцкага раёна – закінутая сядзіба Навіцкіх у Савейках, пабудаваная на стыку XVIII–XIX стагоддзяў.

Агледзеўшы сядзібны дом, які, дарэчы, вельмі нядрэнна захаваўся, адпраўляйся на павольны шпацыр па мясцовым парку з вадаёмамі – па шляху адшукаеш яшчэ некалькі гаспадарчых пабудоў.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба ў Камарове
Мядзельскі раён Менскай вобласці

Вёска Камарова можа стаць не толькі перавалачным пунктам на шляху да Нарачы або Блакітных азёр – сюды варта прыехаць і асобна.

Мястэчка вядомае яшчэ з XIV стагоддзя. За гэты час уладальнікі шмат разоў мяняліся, апошнімі – у канцы XIX стагоддзя – былі Старжынскія.

Тады маёнтак моцна пашырыўся, на тэрыторыі з'явіліся новыя гаспадарчыя пабудовы, а ў парку – аранжарэя.

Зараз аранжарэі ўжо няма, але захаваліся старыя алеі і вадаём з невялікім вадаспадам.

Бяры з сабой тэрмас, у мясцовай пякарні хапай свежую выпечку і размяшчайся на маляўнічым беразе – атрымаецца выдатны перакус with a view.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзібны парк Кужанецкіх у Дубае
Пінскі раён Брэсцкай вобласці

Мястэчка Дубае вядомае з канца XV стагоддзя. З тых часоў ім валодалі многія знатныя сем'і, а ў XVII стагоддзі маёнтак перадалі мясцовым езуітам.

Калі ордэн езуітаў скасавалі, сядзіба перайшла да Кужанецкіх – яны ж і разбілі пейзажны парк з экзатычнымі дрэвамі.

Адна з галоўных прыродных славутасцяў парку – дуб Боны Сфорцы, які, паводле легенды, мае ўсялякія магічныя ўласцівасці.

Для зручнасці падарожнікаў па парку пракладзеная экасцежка. Акрамя таго, у парку Дубае захавалася сімпатычная барочная капліца другой паловы XVIII – пачатку XIX стагоддзя.
#АрхітэктураБеларусі
#Падарожжа

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы
Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці

Вёсачка Грушаўка можа пахваліцца багатай спадчынай роду Рэйтанаў. Першы будынак сядзібы тут узвёў Дамінік Рэйтан, і быў ён каменным.

Драўляная версія з'явілася з падачы аднаго з наступных уладальнікаў маёнтка – Юзафа Рэйтана.

Апынуўшыся ў Грушаўцы, не прапусці яшчэ адну важную мясцовую славутасць – містычную пахавальню роду Рэйтанаў, якая знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад сядзібнага дома.