Лукашынскі дзённік
865 subscribers
1K photos
30 videos
63 links
🐷 Нейра-селянін, бульба-інвестар, SMS-калгаснік

👨‍💻 Ствараю тэксты, будую сэнсы і сюжэты

🏡 Жыву ў вёсцы Лукашына Іўеўскага раёна

🤓 Сувязь з аўтарам: @evgenirum
加入频道
📝 Нататкі на палях 3.0

***
🌁 Раніцай ступіў на ганак і акунуўся ў туман. Ён слаўся так нізка да зямлі, што здавалася, лезе нават у вушы і нос. А потым узышло сонца – і стала зразумела: вясна вярнулася.

***
🥔 Надоечы вёска загула трактарнымі маторамі: сяляне пачалі вывозіць гной на палі. Заўтра адбудзецца вялікае лукашынскае бульбасаджанне. Далучымся да яго і мы з роднымі: што не кажы, а бульба — другі хлеб.

***
🏡 Пачалі змяняцца і навакольныя сядзібы: вось Юзік фарбуе плот і вароты, а трошкі далей цёткі Лёдзя, а за ёй і Дана справілі замест драўлянага штакетніка металічны. Дзесьці насупраць хаты ляжыць куча пяску, там — зроблены фундамент і слупы пад новую агароджу, паўсюль гудуць касілкі і бензакосы — вясна прымае паўнамоцтвы.

***
✝️ Змянілі ўбранства і паклонныя крыжы, якіх у нашай вёсцы тры. На адным абнавіліся ленты, каля другога відаць свежыя вянкі, трэці заззяў новым плотам. Да маёвак, якія пачнуцца ў наступную сераду, усё гатова. І кожны дзень а шостай вечара насупраць крыжоў, як і ў мінулым годзе, і дзесяць, і 50 год таму, загучаць пацеры.

***
🌸 Я падыходжу да вішняў, якія гудуць ад шмялёў, удыхаю дурманячы пах і ўсміхаюся.

Вясна


#нататкі_лд
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
🗺 У першы год свайго велашпацыравання па вёсках і мястэчках Іўеўшчыны я выбіраў больш-менш прыгодныя для ровара дарогі, папярэдне вывучаючы мапы. Вядома, падарожнічаў і лесам, але то былі ў асноўным наезжаныя пуцявіны.

🛣 На другі год я пачаў катаць на больш далёкія адлегласці, шмат ездзячы па трасах. Але часцяком бывала і так: о, нейкая сцежка праз лес. Напрамак прыкладна супадае з патрэбным мне. То пагналі!

💦 Шмат разоў выпадкова абраны мной напрамак праз кіламетр-паўтара абрываўся, знікаючы, упіраўся ў непралазны гушчар, канаву ці поле без канца і без краю. Але бывалі і моманты, калі трапляўся сапраўдны цуд, як, напрыклад, знойдзены ў гэтую суботу міні-вадападзік каля Людміліна.

🪲 Абадраныя ў кустоўі рукі-ногі і знятыя з сябе шэсць кляшчоў цалкам гэтага варты

#вёскі_і_падарожжы_лд
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
🥬 Прачнуцца да ўсходу сонца, каб спасаць капусту ад начных замаразкаў — чарговы вясковы чэллендж выкананы.

🎶 Толькі паслухайце, як заліваюцца птахі!

#відэа_лд
🔍 Калі я пераехаў жыць у Лукашына, быў літаральна апантаны гісторыяй роднага краю. Шмат інфармацыі шукаў у сеціве, ездзіў у раённую бібліятэку, размаўляў з людзьмі – і ў выніку даведаўся сёе-тое. Але заўсёды карцела дазнацца больш не толькі пра вялікую Іўеўшчыну і яе вядомыя населеныя пункты, але і расшукаць нешта пра малыя, а болей за ўсё – пра роднае Лукашына.

📜 І вось, у чарговы візіт у храм кнігі і ведаў, дзякуючы загадчыку аддзела абслугоўвання і інфармацыі Таісе Іванаўне Грыкень мне ў рукі трапіў сапраўдны скарб (праўда, пра гэта я даведаўся ўжо дома) – невялічкая брашурка, а ў ёй – легенда пра з’яўленне роднай вёскі!

🌐 Карацей, не буду пісаць тут шмат літар. Прыкладаю спасылку на Тэлэграф, бо ацыфраваны тэкст легенды атрымаўся памерам з некалькі тэлеграмных допісаў.

😋 Спадзяюся, вы атрымаеце такую ж асалоду ад ведання гэтай таямніцы, як і я

#кнігі_лд
🏘 Днямі гуляў па вёсцы пехатой і задумаўся: колькі ж тут новых людзей з’явілася! З тых, што купляюць хаты пад лецішча і прыязджаюць некалькі разоў за сезон на танцы-шашлыкі. Ідзеш міма, з усімі, канешне, вітаешся, але так, каб перакінуцца словам-другім – амаль нікога не засталося.

😄 І тут успамінаюцца мне былыя часіны, каторыя лепш за ўсё адлюстроўвае прымаўка: «У адным канцы вёскі пёрнуў, а ў другім ужо кажуць, што ўсраўся».

🗞 Тады, дзякуючы мясцоваму, цікаўнаму да ўсяго насельніцтву, навіны даляталі хутчэй, чым з’яўляюцца ў сённяшнім Тэлеграме. Праўда, пры перадачы ад аднога вяскоўца да другога яны абрасталі такімі падрабязнасцямі, пра якія сам герой і думаць не мог.

📺 Таксама ўспамінаецца, як у нашай хаце збіраўся дзесант суседак-бабулек з маім дзедам на чале. Яны глядзелі чарговы лацінаамерыканскі серыял, а потым абмяркоўвалі сюжэтныя павароты на зэдліках ля хат, перамешваючы гісторыю Жадзі і Лукаса з вясковымі навінамі і плёткамі.

🧍‍♂🧍‍♀ То адбывалася ўвечары. Пасля ж змяркання тыя самыя лавачкі займалі хлопцы-дзеўкі, лузгаючы да рання семкі і смеючыся. Праўда, часцяком даводзілася мяняць месца діслакацыі, бо з-за гучнага рогата гаспадар хаты, ля якой знаходзілася месца прыцяжэння вясковай моладзі, высоўваўся ў вакно і з мацюкамі і праклёнамі гнаў прэч, абяцаючы зрання зруйнаваць лавачку.

🫤 Днямі гуляў па вёсцы пехатой і задумаўся: шкада, што замест вокліча «Чый ты, хлопец? Хадзі сюды» і шматлікіх пытанняў пра сваякоў ўсё часцей чуваць проста «Добрый вечер» или «Здравствуйте».

#так_і_было_лд
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Ля студні п’яніць водарам язмін. Не ў чалавечых сілах проста прайсці міма, ды і хто я такі, каб працівіцца спрадвечнай сіле прыроды? Спыняюся і ўдыхаю арамат на поўныя грудзі, забываючыся пры гэтым, куды і навошта ішоў. А потым заўважаю ледзь не на носе чмяля: не вельмі далікатна ён дае зразумець, што мае да гэтага куста большую патрэбу.

На далоні ляжаць першыя чатыры клубніцы. Яны яшчэ не зусім даспелі, але пахнуць так, што ўжо каторы дзень ля кустоў круціцца сабака, чакаючы зручнага моманту, каб першым ухапіць ягаду. Шанцаў на гэта ў Вары больш няма.

На клумбах гараць півоні і касачы, населеныя жукамі і мурашамі. З цяпліцы на стол вось-вось папросіцца гурок. Пачынаюць змяняць колер вішні, агрэст і парэчкі.

Я сяджу на арэлях і слухаю, як нешта няспынна шэпча палоска жыта. І ўрэшце разумею:

«Праз два дні – лета»

#нататкі_лд