Літаратурны музей
157 subscribers
1.75K photos
16 videos
174 links
г.Мінск, вул.Багдановіча, 13
加入频道
#выстава #Іван_Шамякін
4 ліпеня 2022 года ў Мінскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў адкрылася перасоўная літаратурна-дакументальная выстава “Іван Шамякін. Мае кнігі – мая біяграфія”, якая была створана супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.
Выставу ўрачыста адкрылі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры С.І.Усік і старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў В.Т.Маліноўскі.
Госці імпрэзы мелі магчымасць дакрануцца да творчасці класіка беларускай літаратуры, пагартаць старонкі яго жыцця, пагаварыць пра тое, чым жыў таленавіты мастак слова, што яго хвалявала, што знайшло адлюстраванне ў яго кнігах.
Мерапрыемства арганізавана з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у межах мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці.
#выстава #Марк_Шагал #Віцебск
Сёння ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася літаратурна-мастацкая выстава "А Вы не из Витебска?", прысвечаная паэтыцы і паэзіі Марка Шагала.
На выставе прадстаўлены маляванкі, выкананыя мастачкамі з розных куткоў Віцебшчыны і Міншчыны па матывах творчасці славутага мастака. Літаратурная частка экспазіцыі прадстаўлена тэматычнымі выданнямі фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і шагалаўскімі ілюстрацыямі да "Мёртвых душ".
Выстава зладжана ў межах супольнага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і прымеркавана да святкавання 135-годдзя з дня нараджэння мастака.
Экспанаванне працягнецца да 30 ліпеня.
#катэхізіс #Сымон_Будны #выстава

На пачатку лета 1562 г. з Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні выйшла аздобленая кніжачка значных памераў пад назвай "Катэхізіс".

❗️Гэта была першая кніга, надрукаваная на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яна адразу прыцягнула да сябе ўвагу адукаваных людзей як у ВКЛ, так і за яго межамі, выклікаўшы шырокую літаратурную палеміку.
Аўтарам яе стаў інтэлектуал эпохі Рэфармацыі - таленавіты асветнік і гуманіст Сымон Будны.

Да 19 верасня ў Літаратурным музеі па адрасе вул.М.Багдановіча, 13 дзейнічае выстава "Катэхізіс" Сымона Буднага ў сучасным асэнсаванні", прысвечаная 460-годдзю выдання.

ЗАПРАШАЕМ!
Замовіць экскурсію можна па тэл.+375 (17) 363-56-21, +375 (17) 395-44-47.
#выстава #Максім_Багдановіч

ПАДАРУНАК АД ДЗЯДЗЮШКІ МАКСІМА

31.07.2022 – 28.08.2022

📍Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а)

У філіяле “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” распачала працу выстава “Падарунак ад дзядзюшкі Максіма”
Унікальны прадмет выставы – мядзведзік Васенька, якога Максім Багдановіч падарыў маленькай двухгадовай пляменніцы. Цацка – сімвал цеплыні і любові – нагадвае пра няздзейсненую мару Максіма аб уласных дзетках.
Мядзведзік Васенька не пакідае асноўную экспазіцыю, але ў выставе “Падарунак ад дзядзюшкі Максіма” ён становіцца галоўным экспанатам, каб распавесці колькі цудоўных гісторый пра паэта і яго родных. Кампанію мядзведзю складаюць фотаздымкі, на якіх мы можам убачыць маленькіх дзетак – Вадзю Багдановіча, Верачку, Нюту Гапановічаў, Наташу Кунцэвіч і іншых. На выставе таксама прэзентуюцца каштоўныя музейныя прадметы, падараваныя музею Наталіяй Глебаўнай Кунцэвіч.

Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Наталіі Глебаўны Кунцэвіч, яна – стрыечная пляменніца Максіма Багдановіча і любіміца сям’і, якая шмат зрабіла для багдановічазнаўства. Дзякуючы ёй фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча папоўніліся каштоўнымі музейнымі прадметамі – рукапісамі, фотаздымкамі паэта і яго родных, кнігамі з яго аўтографамі.

Падрабязна
#выстава

ЗГУКІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

03.08.2022 - 01.09.2022

📍Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а)

Пейзажная лірыка Максіма Багдановіча не пакідае абыякавым. Асаблівае ўздзеянне аказвае яна на людзей творчых. Вершаваныя замалёўкі квітнеючай вясны, спякотнага лета альбо першых халадоў не раз станавіліся крыніцамі натхнення для беларускіх мастакоў. Жывапісцы і графікі, скульптары і стваральнікі твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва спрабавалі ўвасобіць свае пачуцці ад прачытання вершаў беларускага генія. Многія творцы выпраўляліся ў падарожжа па беларускіх шляхах Максіма Багдановіча, наведвалі Ракуцёўшчыну і яе маляўнічыя ваколіцы.
Мастацкія работы, якія захоўваюць фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, не толькі дэманструюць прыгожыя краявіды беларускай прыроды. Яны перадаюць гармонію чалавека і прыроды, адчуванне плыннасці часу, уменне прыкмеціць прыгажосць і занатаваць гэтае імгненне для будучых пакаленняў…
#выстава #пісьменнікі_юбіляры

ДЫЯМЕНТЫ ПРЫГОЖАГА ПІСЬМЕНСТВА

31/08/2022

📍г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13

«Дыяменты прыгожага пісьменства» – штогадовы праект, прысвечаны святкаванню стогадовых юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, перакладчыкаў, публіцыстаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў.

31 жніўня 2022 г. у 17:00 у Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы «Дыяменты прыгожага пісьменства», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння: Пятра Васілеўскага, Івана Гурбана, Пятра Стэфановіча, Івана Кудраўцава, Пятра Харкова, Алеся Махнача, Уладзіміра Шыціка, Івана Сіўцова.

Гэта рукапісы, фатаграфіі, кнігі з аўтографамі, ліставанне і інш. прадметы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Юшавіцкай сельскай бібліятэкі імя Івана Гурбана.
Падрабязней
#дзень_пісьменства #выстава #Іван_Шамякін
3-4 верасня 2022 года, у межах святкавання Дня беларускага пісьменства, у Добрушскім раённым краязнаўчым музеі праходзіць прэзентацыя літаратурна-дакументальнай выставы “Іван Шамякін. Мае кнігі – мая біяграфія”, створанай супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Наведвальнікі экспазіцыі маюць магчымасць дакрануцца да творчасці класіка беларускай літаратуры, "пагартаць старонкі" яго жыцця, пагаварыць з куратарамі выставы пра тое, чым жыў таленавіты мастак слова, што яго хвалявала, што знайшло адлюстраванне ў яго кнігах.
#экскурсія #выстава #Максім_Танк #Дзень_народнага_адзінства

Я СПЫТАЎ ЧАЛАВЕКА...
экскурсія па выставе да 110-годдзя Максіма Танка

18/09/2022, 15:00

📍Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13)

Запрашаем аматараў беларускай літаратуры на куратарскую экскурсію па часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Я спытаў чалавека”, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка і прымеркаванай да Дня народнага адзінства.

Пачынаючы з першага паэтычнага зборніка “На этапах” і да апошняга дня, Максім Танк пісаў вялікую кнігу, за радкамі якой стаіць мінулае, сённяшні дзень і будучыня нашага народа. Ён пакінуў беларусам неацэнную духоўную спадчыну, самабытнае слова, асвечанае высокім талентам, бязмежнай мудрасцю, любоўю і дабрынёй да людзей. Ён жыў паэзіяй, верыў у яе гуманістычную, гаючую сілу.

Падчас экскурсіі наведвальнікі пазнаёмяцца з творчым і жыццёвым шляхамі класіка беларускай літаратуры, раскрываючы для сябе асобу Яўгена Іванавіча Скурко не толькі як выбітнага пісьменніка, але і як звычайнага, зямнога чалавека – з яго характарам і звычкамі, сямейнымі радасцямі, клопатамі і суровымі перыпетыямі лёсу.

На выставе будуць прадстаўлены першыя выданні твораў пісьменніка-юбіляра, асабістыя рэчы, фатаграфіі, рукапісы, творы графікі і жывапісу з фондаў музея.

🤗Шчыра запрашаем усіх жадаючых!

Кошт экскурсіі: 3 руб. – дарослыя, 1,50 руб. – школьнікі, студэнты.

Папярэдні запіс: +375 (17) 363-56-21.

Выстава “Я спытаў чалавека” будзе дзейнічаць да канца верасня. Уваход на выставу ВОЛЬНЫ.
#Максім_Танк #выстава

17 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачала працу выстава "Я спытаў чалавека", прысвечаная пісьменніку-юбіляру.
18 верасня а 15-й гадзіне запрашаем усіх жадаючых на экскурсію па выставе, падчас якой вы зможаце раскрыць для сябе асобу героя не толькі як выбітнага пісьменніка Максіма Танка, але і як простага чалавека Яўгена Скурко - мудрага, тонкага, прынцыповага, з цудоўным пачуццём гумару.

Кошт экскурсіі: 3 руб. – дарослыя, 1,50 руб. – школьнікі, студэнты.

Папярэдні запіс: +375 (17) 363-56-21.