Дзікая прырода побач
2.88K subscribers
2.65K photos
208 videos
2 files
1.3K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
加入频道
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
А што гэта за мышка? Ой, гэта птушка!

🐦 Звычайны паўзунок (обыкновенная пищуха) – невялікая і скрытная птушка, якая лазіць па кары дрэў. Да таго ж у птушкі тоненькая ціхая пазыўка, якая нагадвае мышыны піск.

#Дзікіфакт Паўзунок – выдатны дрэвалаз. У яго моцныя кіпцюры, якімі ён чапляецца за кару, і доўгі жорсткі хвост, на які ён абапіраецца, як дзяцел. Перамяшчаецца паўзунок па ствале знізу ўверх па спіралі. Але не можа лазіць уніз галавой, як папаўзень. На дрэвах паўзунок шукае насякомых, якіх выцягвае з трэшчын у кары сваёй тоненькай выгнутай дзюбай.

🌲 Птушка насяляе розныя тыпы лясоў, любіць старыя дрэвастоі, дзе за адсталай карой можна зладзіць гняздо. Увосень і ўзімку паўзункоў можна сустрэць нават у гарадах. Часта яны трымаюцца разам з сініцамі.

А ты сустракаў_ла звычайнага паўзунка?

📷 Дзякуем за фота Данатасу Відуцісу.

Любіш фатаграфаваць птушак ці любіш разглядаць іх – далучайся да чату "Птушкі з фотастужкі" @ptushkafota

#галасыптушак
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Крумкач – прыгожая і велічная птушка, якая часцей за ўсё асацыюецца з містыкай і тым светам. Сёння людзі ў свеце святкуюць Хэлаўін! 🎃

#Дзікіфакт Інтэлект крумкачоў – адзін з самых выдатных сярод жывёл. Крумкачы могуць карыстацца прыладамі, адрозніваць сябе ў люстэрку, маюць прасторавае мысленне, здольныя падманваць, запамінаюць добрыя і злыя ўчынкі, якія ім зрабілі, і могуць помсціць або падзякаваць у адказ.

📷 Дзякуем за фота Паўлу Лычкоўскаму, чат “Птушкі з фотастужкі” @ptushkafota

#галасыптушак
У Мінск прыляцела аляпка!

Птушку заўважылі 4 лістапада птушкары Святлана Слуцкая і Павал Пастар. Пасля іх за рэдкай прыгажуняй паназіралі ўжо дзясяткі птушкароў.

❄️ Да нас аляпкі прылятаюць зімаваць с поўначы. У нас яны шукаюць што-небудзь падобнае да горных рэчак: хуткія, неглыбокія з камяністым дном.

#Дзікіфакт Аляпкі – адзіныя птушкі з вераб'іных, здольныя ныраць. Прыўздымаючы крылы, птушка бегае па дне, збірае насякомых і рачкоў. Пад вадой аляпка можа заставацца да 50 с, прабягаючы за гэты час да 20 м. 🤩

Аляпкі могуць зімаваць на шмат якіх ручаях і рэчках Беларусі. Усе выпадкі сустрэчы з гэтай птушкай важныя для навукі. Калі ўбачыш такую птушку – сфатаграфуй яе, калі ласка, і паведамі нам.

📷 Фота Алёны Ціхановіч, відэа Паўла Пастара.
🍁🦉 Чароўная сава на фота – даўгахвостая кугакаўка (длиннохвостая неясыть).

Гэта буйная сава, нашмат буйнейшая за шэрую кугакаўку, з доўгім паласатым хвастом. Дыск твару аднатонны, на яго фоне ярка вылучаецца жоўтая дзюба.

#Дзікіфакт Даўгахвостая кугакаўка – страшны сон для мышападобных грызуноў і подлеткаў птушак, але можа злавіць і каго буйнейшага, напрыклад, вавёрку. Як ва ўсіх начных драпежнікаў, у яе выдатныя слых і зрок, а адмысловае апярэнне робіць яе палёт цалкам бясшумным.

У Беларусі даўгахвостая кугакаўка – рэдкі від, уключаны ў Чырвоную кнігу.

☝🏻 Улічвай, што турбаваць соў нельга. Спудзіш удзень – іх могуць заўважыць і пакрыўдзіць крумкачовыя.

📷 Дзякуем за фота Віктару Выскварку, @ptushkafota
🐦 Чорнагаловы шчыгел (черноголовый щегол) жыве ў Беларусі круглы год.

З гэтай прыгожай птушкай прасцей за ўсё пазнаёміцца якраз увосень ці ўзімку. Пусткі з зараснікамі чартапалоху – улюбёныя месцы шчыглоў.

Іх любімы корм у гэты час – насенне пустазелля: дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, васілька, цыкорыя, дзьмухаўца і шмат якіх іншых. 😋

#Дзікіфакт: Лацінская назва гэтай птушкі "Carduelis" паходзіць ад слова "чартапалох".

А табе ўжо давялося сустрэць гэтую яркую прыгожую птушку?

📷 Дзякуем за фота Віктару Выскварку.

Калі ты таксама хочаш дзяліцца сваімі здымкамі для нашых публікацый, далучайся да чату "Птушкі з фотастужкі" @ptushkafota.
Што за звер такі?

🌲 Лясная куніца насяляе лісцевыя і хваёвыя лясы па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Але ўбачыць яе ў дзікай прыродзе – вялікая ўдача. Звер паводзіцца асцярожна і пазбягае сустрэч з чалавекам.

На зіму лясныя куніцы ў спячку не кладуцца, а вядуць актыўны лад жыцця круглы год.

#Дзікіфакт: Цяжарнасць лясных куніц цягнецца 236-274 сутак – амаль як у чалавека. Спароўваюцца звяркі ў ліпені-жніўні, потым цяжарнасць пераходзіць у латэнтную стадыю і аднаўляецца ў канцы зімы – пачатку вясны. Патомства нараджаецца ў лютым-сакавіку і расце ўжо ў цёплы час года. Так прырода паклапацілася аб тым, каб бездапаможныя і сляпыя ад нараджэння шчаняты куніц, якія важаць усяго 30 грамаў, мелі больш шансаў выжыць.

Падзяліся гэтым допісам з сябрамі, каб больш людзей ведалі цікавосткі з жыцця роднай прыроды. 🤗

📷 Дзякуем за фота Глебу Сініцкаму, чат “Птушкі з фотастужкі” @ptushkafota.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Ну што за мілата! 😍

Сініца-апалоўнік – адна з самых дробных птушак Еўропы. Яе цела ў даўжыню ўсяго да 7 см, затое які хвост даўжынёй да 11 см!

#Дзікіфакт Гэтыя птушкі настолькі таварыскія, што па-за часам гнездавання трымаюцца чародкамі, увесь час перагукваюцца, выдаючы трохі траскотную пазыўку «чррр, чррр» (як на гэтым відэа).

Узімку гэтыя лясныя сініцы качуюць чародамі і сустрэць іх можна на лецішчах і ў вёсках, на ўскрайках гарадоў.

А ты сустракаў_ла гэтых птушак?

📷 Дзякуем за цудоўныя фота Віталю Некрашэвічу, Кацярыне Фацеевай, Алёне Ціхановіч.

#галасыптушак
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Хоць маленькая, але ўдаленькая!

🐦 Толькі паглядзі, як маленькая сіняя сініца адважна змагаецца за арэх з вялікай сініцай.

#Дзікіфакт Сіняя сініца мае баявы нораў і моцную дзюбу, якой зручна расшчапляць сцёблы трыснягу і парасонавых раслін дзеля тлустых лічынак.

Маеш цікавыя кадры з птушкамі або звярамі? Дзяліся імі ў нашым чаце “Птушкі з фостастужкі” @ptushkafota

Дзякуем за відэа Уладзіміру Бондару.
А дзе ж тыя ракі зімуюць?

🦀 У спячку ракі не ўпадаюць, а зімуюць у тых жа вадаёмах, дзе жывуць летам, толькі перабіраюцца на глыбіню – там вада цяплейшая. Большасць часу яны праводзяць у сваіх сховішчах, дзе дрэмлюць да 20 гадзін у суткі, а ў астатні час перасоўваюцца па дне і палююць.

Але гэта тычыцца толькі самцоў. У самак ракаў узімку больш актыўнае жыццё.

#Дзікіфакт: ракі спароўваюцца позняй восенню – у кастрычніку-лістападзе. Пасля гэтага самкі выношваюць ікру на сваіх брушках усю зіму, да канца вясны – пачатку лета. Яны клапатліва даглядаюць ікрынкі, абмываюць іх вадой і ачышчаюць ад глею.

📷 Дзякуем за фота вузкапальцага рака Алёне Ціхановіч.
У 74 гады яна памяняла мужа😱

Легендарная самка лайсанскага альбатроса Уіздам (англ. Wisdom - мудрасць) лічыцца найстарэйшай вядомай птушкай у свеце. Яна не гнездавалася на працягу чатырох гадоў - з таго часу, як знік яе партнёр Акеакамаі (з гавайскай - "аматар мудрасці"). Яны былі разам з 2010 года.

Гэтай восенню, як і кожны год, Уіздам вярнулася для размнажэння на гавайскі атол Мідуэй, але Акеакамаі так і не з’явіўся. Верагодна, ён загінуў.😞

І на гэты раз 74-гадовая Уіздам знайшла новага партнёра і адклала першае за 4 гады яйка.💚

Звычайна лайсанскія альбатросы жывуць 12-40 гадоў.

Усяго за сваё жыццё Уіздам знесла каля 60 яек і выгадавала больш за 30 птушанят.💪

Малюнак з групы Green Humour, Facebook.
#дзікіфакт #птушкажарт
Ці мерзнуць у мышэй хвасты?

Дзікія мышы, такія як мышы лясныя і палявыя, зімой вымушаны шукаць ежу нават у маразы. Але іх тонкія хвасты, якія амаль не пакрытыя поўсцю, пры гэтым не абмярзаюць. Як такое магчыма?

🔬 Польскія навукоўцы даследавалі гэты феномен у натуральных умовах. Яны ўсталявалі эксперыментальныя боксы з камерамі і тэрмометрамі, а каб прывабіць у гэтыя пасткі-лабараторыі мышэй, выкарыстоўвалі… арэхава-шакаладны крэм.

📉 Выявілася, што тэмпература хвастоў мышэй у марозныя дні можа апускацца да -5°C, не выклікаючы пашкоджання тканак. Калі тэмпература робіцца крытычнай, мышы інстынктыўна абгортваюць хвасты вакол цела, каб абагрэць іх.
Такі механізм адаптацыі дазваляе грызунам эканоміць энергію. Пры ўмераным холадзе яны не марнуюць рэсурсы на награванне хваста, паколькі страты цяпла ў гэтым участку мінімальныя.

❄️ Гэтыя назіранні — першы зафіксаваны выпадак, калі ў сысуноў, якія не гібернуюць, тэмпература перыферыйных частак цела апускаецца ніжэй за нуль. Гэта яшчэ адзін доказ геніяльнасці прыродных механізмаў выжывання.

Сачыце за намі, каб даведацца больш пра дзікую прыроду! 🌿

Паводле Ludwika Tomala, Nauka w Polsce

📷 Дзякуем за фота палявой мышы Віталю Некрашэвічу.

#Дзікіфакт
Ласка і гарнастай – як адрозніць?

Гэтыя юркія сваякі куніцы некалі сустракаліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі. І зараз ласку можна сустрэць амаль паўсюль, але гарнастай у 2015 гаду трапіў у нацыянальную Чырвоную кнігу.

🐾 Ласка – самы маленькі прадстаўнік куніцавых. Даўжыня яе цела без хваста 11-23 см. Гарнастай можа быць і меншы за ласку, а таксама і буйнейшы амаль у тры разы – 17-32 см без хваста.

Восенню гэтыя віды мяняюць карычневую шубку на белую.

#Дзікіфакт: Адрозніць гэтых звяркоў у полі няпроста. Але ёсць верная адзнака – кончык хваста. У гарнастая ён заўсёды чорны, незалежна ад сезону.

А ты сустракаў_ла гэтых звяркоў у дзікай прыродзе? Напішы від, год і раён, калі ласка.

📷 Дзякуем за фота Іне Субоцінай; Sasha Sanbith (памер фота зменены) CC BY-SA 4.0 Wikimedia Сommons.
А ты таксама ясі, як птушка?

🐦 Жоўтагаловы каралёк важыць усяго 5 грамаў.

Як гэтым малюпасам удаецца перажыць зіму ў Беларусі?

#Дзікіфакт: Праз свой малы памер каралёк мае высокую хуткасць абмену рэчываў, таму каралькі вымушаны няспынна шукаць корм, асабліва ўзімку, калі дзень кароткі. І ядуць яны шмат. Раўнацэнная колькасць ежы для чалавека склала б каля 27 вялікіх піц за дзень! 🍕

📷 Дзякуем за фота Алегу Аляксевічу, чат “Птушкі з фотастужкі” @ptushkafota