Дзікая прырода побач
2.94K subscribers
2.68K photos
214 videos
2 files
1.3K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
加入频道
Новыя тэмпературныя рэкорды

🌡️ 2024 год стаў самым цёплым у свеце за ўсю гісторыю метэанізіранняў. Сярэдняя глабальная тэмпература паверхні Зямлі была на 1,55 градуса вышэй ад сярэдняга значэння за даіндустрыяльны перыяд.

У Беларусі 2024 год таксама стаў самым цёплым за ўсю гісторыю. Сярэдняя гадавая тэмпература склала 9,5 градусаў. Гэта на 2,3 градусы вышэй за кліматычную норму. Анамальна цёплымі былі ўсе месяцы, акрамя студзеня.

Затое студзень 2025 года пабіў рэкорд і стаў самым цёплым у Беларусі за ўсю гісторыю. Сёлета сярэдняя тэмпература ў студзені была бліжэй да сакавіка і склала 1,2 градусы. Гэта на 5,3 градусы вышэй за кліматычную норму.

🌩️ Летась ва ўсім свеце было шмат экстрэмальных пагодных з’яў, праз якія загінулі людзі – моцныя штормы, паводкі, засухі і лясныя пажары.

У Беларусі 2024 год таксама адзначыўся экстрэмальнымі пагоднымі з’явамі – моцнымі ліўнямі, ураганнымі парывамі ветру, анамальнай спёкай і доўгімі перыядамі засухі.

Вучоныя папярэджваюць, што свету неабходны тэрміновыя меры, каб запаволіць змены клімату.

📷 Дзякуем за фота Наталлі Бачурынскай.

#зменыклімату
Аб’яўлены пераможцы штогадовага фотаконкурсу ад @Smartpress “Дзікая прырода Беларусі-2024”.

Узяць удзел мог кожны ахвочы. Галоўная ўмова конкурсу: фотаздымкі павінны быць зроблены ў натуральным асяроддзі на тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе.

Віншуем пераможцаў! 👏

🏆 У намінацыі “Звяры” перамог Дзмітрый Конеў з фотаздымкам  “Заяц. Утро. Человек”.
🏆 У намінацыі “Птушкі” перамог Андрэй Тавалжанскі з фотаздымкам “О, край родны, край прыгожы…”
🏆 У намінацыі “Насякомыя” перамагла Дыяна Ротава з фотаздымкам “Стрекоза и космос”.

Прызы – бронзавая статуэтка “Заяц” аўтарства беларускага скульптара Канстанціна Селіханава і планшэт Xiaomi Redmi Pad SE кожнаму пераможцу.

Чацвёртага пераможцу, намінацыя “Прыз сімпатый гледачоў”, можаш дапамагчы выбраць ты. Галасаванне скончыцца 8-га лютага а 23:00. Глядзі прыгожыя фота фіналістаў і галасуй!

Па выніках конкурсу плануецца выстава работ.
У 2024 годзе эксперты кампаніі “Дзікая прырода” праманіторылі захаванасць 196 месцаў з чырванакніжнікамі ў Іванаўскім, Пінскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Столінскім, Шчучынскім і Гродзенскім раёнах.

Акрамя гэтага яны знайшлі новыя месцы, дзе жывуць ці растуць віды з Чырвонай кнігі і падрыхтавалі 143 пашпарты і ахоўныя абавязкі. Распачалася працэдура перадачы ўсіх дадзеных месцаў пад ахову. #ДзікіяЭкспедыцыі

🙏 Дзякуем усім удзельнікам “Дзікага клуба”, чэмпіянатаў па фотабёрдынгу, пакупнікам кніг пра дзікую прыроду. Вынікі нашай працы – і ваша заслуга. Бо ўвесь прыбытак кампаніі ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі.❤️

Хочаш падтрымаць працу па ахове дзікай прыроды? Далучайся да “Дзікага клуба”, набывай значкі-піны з жывёламі і кветкамі, атлас-вызначальнік раслін, размалёўкі ад арнітолагаў https://dzikajapryroda.aqulas.me

Go into the wild! Натхняльнік кампаніі Барсук Ясь

📷 На фота эксперта Юрыя Янкевіча венерын чаравічак у заказніку "Дзівін – Вялікі Лес", Кобрынскі раён.
З 16 лютага законам забаронена разбураць птушыныя гнёзды!

Да гэтага часу яшчэ можна паклікаць камунальнікаў, каб прыбралі старыя гнёзды. Гэта зменшыць шанцы, што ў цябе пад вокнамі паселіцца калонія гракоў.

🦉 Ранняя забарона звязана ў асноўным з совамі, якія сваіх гнёздаў не будуюць, а займаюць чужыя. У гняздзе грака зараз можа апынуцца вушатая сава з яйкамі ці нават птушанятамі.

#Дзікіфакт Пугачы могуць гнездаваць у буслянках. Такія выпадкі былі неаднаразова зафіксаваны ў Беларусі, нават у населеных пунктах.

☝️ Забарона на разбурэнне птушыных гнёздаў дзейнічае па 14 жніўня ўключна. Парушэнне караецца штрафам.

Калі пасля 15 лютага ты заўважыш, што нехта разбурае гнёзды, трэба адразу пазваніць у раённую інспекцыю Мінпрыроды. Ці можна зарэгістравацца і напісаць у абласны камітэт Мінпрыроды праз сайт адзінай сістэмы паведамленняў https://обращения.бел

Паведамі дату і месца здарэння, пастарайся зрабіць фота ці запісаць відэа. Варта зняць нумар пад’ёмніка і іншых машын, калі адбываецца абрэзка дрэваў з дапамогай такой тэхнікі. Калі магчыма, зафіксуй, што знаходзіцца ў гнёздах, калі яны апынуліся на зямлі. Перапішы ці здымі на фота надпісы на спецвопратцы. Чым больш інфармацыі і доказаў, тым лепш.

📷 На фота Віталя Некрашэвіча птушаня вушатай савы, якое вылупілася ў былым гняздзе шэрай вароны ў Брэсце.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Шэрая кугакаўка (серая неясыть) сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Яна часта гняздуецца ў парках і каля населеных пунктаў. Але пачуць яе прасцей, чым убачыць.

🦉 Кугакаўкі пачынаюць сезон размнажэння ўжо ў студзені, і зараз па начах чутны гучныя крыкі самца. Крычаць яны з прыцемак і да самага досвітку. Крык самца працяглы і меладычны – «ууу...у...у...ууууууууу». Ён такуе, седзячы на галіне вялікага дрэва. Самка ў адказ можа кінуць  кароткае рэзкае “ку-віт”.

👂 Зараз добры час, каб пачаць слухаць соў. Трэба выбіраць ціхі сухі вечар без ападкаў і ветру. Пачынай прыслухоўвацца да наваколля з захадам сонца. А калі не зможаш вызначыць па голасе, што за від крычыць, дасылай нам свае аўдыя/відэазапісы – дапаможам!

Дарэчы, зараз яшчэ не позна павесіць штучныя гняздоўі для соў.

📷 Дзякуем за фота Кацярыне Крупянковай, чат “Птушкі з фотастужкі” @ptushkafota.

#галасыптушак
Вух, драпежніцы! Глядзі, што заўтра чакае цябе на мінскім галоўным паштамце.

11 лютага, у Беларусі выходзяць у абарот паштовыя маркі з драпежнымі раслінамі.

Колькі відаў драпежных раслін ты ведаеш? А на марках іх чатыры, прычым з іх толькі адна расіца.

🌱 Драпежныя расліны звычайна растуць на пясках ці ў вадзе – месцах, бедных мінераламі, таму каб атрымаць неабходныя азот і фосфар, яны ловяць дробных казурак ці рачкоў.

На марках – чатыры з 10 драпежных раслін флоры Беларусі: тлушчанка звычайная (жирянка обыкновенная), расіца круглалістая (росянка круглолистная), плывунец звычайны (пузырчатка обыкновенная), альдраванда пухіраватая (альдрованда пузырчатая).

💌 Заўтра і толькі заўтра на галоўным паштамце краіны ты зможаш пагасіць марку на адмысловым канверце першага дня спецыяльным штэмпелем, які выкарыстоўваецца толькі адзін дзень.

Прыходзь набыць маркі ў сваю калекцыю!

Маркі выпусціла Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Над імі працавалі мастак Аляксандр Міцянін і дызайнерка Марына Крэзо.

👉 Напішы, ці бачыў(ла) ты гэтыя расліны ў прыродзе? Ці, можа, зараз апазнаў(ла) якое?
Запрашаем усіх на афлайн-лекцыю ў Мінску!

У гэты чацвер, 13-га лютага, у 19.00 у НПЦ па біярэсурсах пройдзе лекцыя Аляксандра Вінчэўскага, супрацоўніка кампаніі “Дзікая прырода” пра прыроду аднаго з самых вялікіх астравоў планеты: "От эпиорнисов до ванг: история птиц Мадагаскара".

Якія атрады і сямейства птушак пражываюць толькі на Мадагаскары?
Каго з беларускіх відаў птушак можна там сустрэць?
Які шанец у эндемікаў Мадагаскару выжыць у нашым турбулентным свеце?

На гэтыя і іншыя пытанні Аляксандр адкажа падчас лекцыі. У канцы ты зможаш задаць свае пытанні.

🏆 Падчас лекцыі адбудзецца ўзнагароджанне прызёраў восеньскага чэмпіянату па фотабёрдынгу і па спартыўнай арніталогіі.

Будзем радыя вас бачыць! Уваход вольны, але патрэбна кароткая рэгістрацыя.

📍 Мінск, Акадэмічная 27, аўдыторыя 331.

📷 Дзякуем за фота мадагаскарскай белавочкі Наталлі Косар.
100 гадоў Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку! 🎉

Віншуем супрацоўнікаў і аматараў дзікай прыроды Беларусі!

🌿 Бярэзінскі біясферны запаведнік арганізаваны 30 студзеня 1925 года для аховы баброў і іншых жывёл ад паляўнічага прэсу. Тады, яшчэ да меліярацыі, тут цудам захавалася самае вялікае ў СССР пасяленне баброў, знойдзенае заолагам Анатолем Фядзюшыным.

У гонар юбілею ў Мінску адкрылася фотавыстава навуковага супрацоўніка ББЗ Дзяніса Іўковіча. Прыходзь палюбавацца дзікай прыродай! ❤️

Выстава праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі да 17 лютага ўключна па адрасе вул. Леніна, 20.

📷 Фота Дзяніса Іўковіча.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Як крычыць вялікі дзяцел? Уключай гук!

🐦 Вялікі дзяцел – добра вядомая ўсім птушка, якую можна сустрэць па ўсёй Беларусі, нават у населеных пунктах, парках і садах.

Ужо з канца лютага можна пачуць гучныя крыкі вялікіх дзятлаў “кек.. кіікк..” і “гігігі”. У гэты час дзятлы разбіваюцца на пары і самцы спаборнічаюць паміж сабой за самак і гнездавыя ўчасткі.

У лесе часта можна пачуць “барабанны дробат” вялікага дзятла: седзячы на вяршыні сухога дрэва, самец у хуткім тэмпе б’е дзюбай па драўніне. Так ён абазначае межы сваёй тэрыторыі і прыцягвае ўвагу самкі. У ціхае надвор’е гэты гук можна пачуць за некалькі сотняў метраў.

Такая гукавая камунікацыя ў дзятлаў працягваецца прыкладна да канца красавіка.

📷 Дзякуем за фота Вользе Шугалеўскай, чат “Птушкі з фотастужкі” @ptushkafota

#галасыптушак
Сёння пагаворым пра гілёў!

🐦 Кожны год мастакі малююць мілыя паштоўкі з парачкамі чырвоненькіх гілёў, а людзі любуюцца: "Які прыгожы дуэт!" Але вось сюрпрыз: у прыродзе толькі ў самцоў гілёў чырвоныя брушкі, а ў самак яны шэра-бэжавыя. 😜

Так што, дарагія мастакі, глядзіце шырэй! Замест таго, каб маляваць двух аднолькавых гілёў, дадайце крыху разнастайнасці: няхай на вашых паштоўках будуць і самцы, і самкі! 🤗

З Днём усіх закаханых! ❤️

#птушкажарт
Як пазнаць птушку года сярод іншых кулікоў?

🐦 Вялікі грыцук – буйны кулік. Адметная асаблівасць, якая выдзяляе яго сярод іншых сваякоў - у яго ўсё доўгае: даўгія ногі, доўгая шыя, доўгая, прамая (!) дзюба даўжынёй больш за 2 галавы птушкі.

А ты знайшоў(ла) вялікага грыцука тут? Віншуем! Пішы нумар у каментах!

📷 Дзякуем за фота Іне Шкурко, Сафіі Пенкінай, Паўлу Сацуту, Віталю Некрашэвічу, Наталлі Бачурынскай, Volha, Таццяне Алешка, Кацярыне Фацеевай.

#птушка2025года
У чым праблема спажывання мяса для захавання дзікай прыроды?

🐄 Жывёлагадоўля займае на планеце 77% сельскагаспадарчых плошчаў, але вырабляе толькі 18% калорый і 37% бялку ў ежы чалавека.

Мясная прамысловасць робіць значны ўнёсак у выкіды вуглякіслага газу і знішчэнне лясоў пад пашы. Адмова ад мяса і малочных прадуктаў у глабальным маштабе магла б скараціць выкарыстанне сельскагаспадарчых зямель як мінімум на 75%!

Але можна не адмаўляцца ад мяса зусім, нават змяншэнне яго спажывання зніжае нагрузку на дзікую прыроду.

Што, напрыклад, можна зрабіць? Вось практычныя саветы ад сяброў Дзікага клуба:

🔹 Пазбягаць стрэс, каб не пераядаць.
🔹 Распаўсюджваць інфармацыю пра жорсткае стаўленне да жывёл, якіх забіваюць на мяса.
🔹 Рабіць разгрузачныя дні без мяса.
🔹 Есці мяса толькі па выходных.
🔹 Пісаць вытворцам харчовай індустрыі, каб прасоўвалі вегетарыянства.
🔹 Дадаваць у стравы арэхі замест мяса – гэта вельмі смачна.
🔹 Дзяліцца смачнымі вегетарыянскімі рэцэптамі з іншымі.

Да 2050 года плануецца павялічыць спажыванне мяса на 76%!

Раскажы пра свае любімыя рэцэпты без мяса! 🤗