Дзікая прырода побач
3.01K subscribers
2.77K photos
221 videos
2 files
1.33K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
加入频道
Гібрыд дзвюх варон у Мінску! 😳

Варону з незвычайнай афарбоўкай заўважыла Алена Акуліч на пляжы Цнянскага вадасховішча 19 сакавіка. Дзяўчына западозрыла, што птушка можа быць гібрыдам і падзялілася фотаздымкамі з мінскімі птушкарамі. Здагадка пацвердзілася: гэтая птушка – гібрыд шэрай і чорнай вароны.

🐦 Шэрая варона можа ўтвараць пары са сваім найбліжэйшым сваяком – чорнай варонай. Многія вучоныя лічаць чорных і шэрых варон падвідамі аднаго віду. Але некаторыя сістэматыкі падымаюць ранг падвідаў варон да віда.

Калі табе трапіцца варона з незвычайнай афарбоўкай ці паводзінамі, здымай фота і відэа і дасылай назіранне ў Тэлеграм-чат “Птушка года” 👉 @ptushkahoda

📷 Дзякуем за фота Алене Акуліч.

#птушка2024года
Нарэшце – у Беларусь прыляцелі першыя вялікія арляцы (большие подорлики)! ❤️

🦅 Нягледзячы на цёплае надвор'е і адсутнасць снегу, гэта адбылося пазней за ўсе папярэднія гады даследавання – 22 сакавіка.

Першае месца падзялілі між сабой самцы Блонд і Дубовы, абодва жыхары вялізных абшараў балот на поўдні краіны.

На карце паказаны апошнія часткі трэкаў бліжніх мігрантаў, якія зімавалі на Балканах. Астатнія арляцы знаходзяцца зараз значна далей – на ўзроўні Бліжняга Усходу ці Турцыі.

На сёння на сувязь выйшлі 14 арляцоў з 17, якія былі актыўнымі ўвосень. Ніякіх звестак няма ад Элені, Джо і Вялуты. Будзем спадзявацца, што з імі ўсё добра, проста яны пакуль афлайн. Джо, магчыма, загінуў: ад яго няма сігналаў з мінулай восені. Але ўсё адно спадзяёмся на лепшае. Магчыма, ён вернецца на сваё гняздо, і тады яго сфатаграфуе фотапастка, якая там усталявана арнітолагамі.

🦅 Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі гняздуецца адна з самых вялікіх папуляцый у свеце. У 2017-2021 гадах беларускія арнітолагі пазначылі перадатчыкамі 25 птушак, каб вывучаць шляхі іх міграцыі. Кожная птушка атрымала імя.

У арляца Палешука дрэнна працаваў перадатчык і яго сляды згубіліся ўжо ў першую зіму 2017-2018 г. На жаль, за некалькі апошніх гадоў чатыры вялікія арляцы з пазначаных перадатчыкамі загінулі.

Акрамя Джо, яшчэ ў трох птушак, у Юзэфіны, Ціхана і Перуна, перадатчыкі перасталі працаваць. Пры гэтым вядома, што яшчэ летась яны былі жывыя. Што з імі зараз, таксама будзем глядзець па фотапастках.

Пазычым нашым вандроўнікам добрага падарожжа на радзіму! 🙏

👉 Сачы за міграцыяй вялікіх арляцоў анлайн!

Дзякуем за інфармацыю арнітолагу Валеру Дамброўскаму.

Фота ілюстрацыйнае.
Ты ўсё яшчэ думаеш, што глабальнага пацяплення не існуе?

Тэмпература на Зямлі ўпершыню за гісторыю метэаназіранняў б’е рэкорды ўжо 9 месяцаў запар. 🥵

Мінулы люты стаў самым рэкордна цёплым дзявятым запар месяцам на планеце.

У Беларусі люты стаў другім самым цёплым месяцам, пачынаючы з 1945 года. Сярэдняя тэмпература склала +1,7 градусаў, што вышэй за кліматычную норму на 5,2 градусы.

🌡️ Пачынаючы з ліпеня 2023 года, глабальная тэмпература перавышае норму на 1,5 градуса. Гэта азначае, што тэмпература ўжо падыходзіць да рубяжа Парыжскага пагаднення.

Парыжскае пагадненне – абавязковая міжнародная дамова па зменах клімату, прынятая амаль 200 краінамі. Яго мэта – істотнае скарачэнне глабальных выкідаў парніковых газаў і абмежаванне павышэння глабальнай тэмпературы ў гэтым стагоддзі хаця б да 2°C, а ў ідэале да 1,5°C.

☝️ Чым больш змяняецца клімат, тым больш частымі будуць экстрэмальныя перапады надвор'я. А гэта кепска і для прыроды, і для людзей, і для эканомікі. Многія віды раслін і жывёлаў могуць знікнуць, а іншыя зменяць свой арэал.

Што ты можаш зрабіць для захавання клімату:

🔹Хаця б адзін дзень на тыдзень не есці мяса,
🔹выкарыстоўваць LED-лямпачкі,
🔹не выкідваць, рамантаваць сапсаваныя рэчы,
🔹зніжаць хуткасць, калі едзеш у аўто,
🔹спажываць мясцовыя прадукты,
🔹 закрываць кран з вадой, пакуль чысціш зубы,
🔹далучыцца да “Дзікага клуба”: увесь прыбытак ад клуба ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі.

📷 На фота шызы голуб.

#зменыклімату
Галубіцкая пушча застанецца дзікай!

Тэрыторыя #1 з 17

💚Дзякуючы нашым экспертам і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах шанец захаваць гэтую дзікую тэрыторыю значна вырас. Галубіцкая пушча знаходзіцца ў Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах. Яна мае тры міжнародныя статусы: Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП), Рамсарскае ўгоддзе і аб’ект Смарагдавай сеткі Савета Еўропы.

Зараз толькі траціна ТВП “Галубіцкая пушча” мае статус мясцовага заказніка. Але ў яе ёсць шанс павысіць свой статус да нацыянальнага узроўню да 2030 года. Цяпер гэтая тэрыторыя ўнесена ў Рэспубліканскую схему, якая ўзгоднена з землекарыстальнікамі, павінна яшчэ прайсці грамадскія абмеркаванні і дачакацца зацвярджэння Саветам Міністраў.

🌲Летась нашыя спецыялісты абышлі шмат гушчароў, балот, поймаў на тэрыторыях, якім хацелася б падвысіць ахоўны статус. Былі знойдзены сотні рэдкіх і тыповых біятопаў, месцаў з “чырванакніжнікамі”. Крытэрыі асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі рэспубліканскага ўзроўню больш жорсткія, трэба было старацца.

Даследаваць такія дзікія мясціны – вельмі цяжкая праца. У Галубіцкай пушчы амаль няма цывілізацыі, няшмат дарог, процьма кляшчоў, камароў, мядзведзі пільна сочаць за табой. Спецыялістам прыйшлося нялёгка падчас даследавання пушчы, але гэтая праца прынесла плён!

🌳💧Пушча – гэта буйны лесабалотны комплекс, які мае значэнне для стабілізацыі гідралагічнага рэжыму вярхоўяў ракі Бярэзіна. Найбольш каштоўным у гідралагічных адносінах з’яўляецца практычна некрануты масіў верхавых і пераходных балот у цэнтральнай частцы масіву з дыстрофным возерам Межужол, а таксама ўчастак натуральнай поймы ракі Бярэзіны.

Экалагічную каштоўнасць уяўляюць таксама масівы забалочаных драбналістых лясоў высокага ўзросту.

🐦Гэтая тэрыторыя – важнае месца гнездавання скапы, залацістай сеўкі (золотистая ржанка), даўгахвостай кугакаўкі (длиннохвостая неясыть), глушца (глухарь), цецерука, арла-вужаеда (змееяд), малога арляца (малый подорлик) і чорнага бусла.

Працяг👇
Гэта толькі адна з 17 тэрыторый, якія могуць павысіць свой прыродаахоўны статус, дзякуючы працы нашых экспертаў. Аб другіх важных каштоўных тэрыторыях раскажам таксама ў наступных допісах.

🤲Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды? Уступай у “Дзікі клуб” і кліч з сабой сяброў. Добрую і важную справу робім разам! Увесь прыбытак ад клуба мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

👉Як мы дапамагаем ахоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

📷На фота эксперта Юрыя Янкевіча: заходняя тайга ў Галубіцкай пушчы, “чырванакніжныя” расліны і грыбы – баранец звычайны, грыбы фамітопсіс ружовы і яжовік каралападобны, сон расчынены.
На малюнках: Галубіцкая пушча на карце Беларусі, схема будучага заказніка.
☀️🐦 Дзень павялічваецца і прылятаюць новыя птушкі!

Ужо вярнуліся белыя пліскі (белые трясогузки), рудахвосткі-чарнушкі (горихвостки-чернушки), пячураўкі-ценькаўкі (пеночки-теньковки), малінаўкі (зарянки), лугавыя свірстуны (луговые коньки), рэмезы, баравыя жаўрукі, чорнагаловыя ерчыкі (черноголовые чеканы) і нават удоды. Вярнуліся першыя балотныя луні.

На поўдні адзначаны й кулікі: баталёны (турухтаны), кулікі-случкі (травники), вялікія грыцукі (большие веретенники), бакасы, кулікі-чарнякі (черныши) і слонкі (вальдшнепы).

Ужо масава ляцяць качкі-свіцьвы (свиязи), ныркі-сівакі (красноголовые нырки), качкі-цыранкі (чирки-свистунки), качкі-чыркі (чирки-трескунки), качкі-шылахвосткі (шилохвости), качкі-лапаноскі (широконоски). 🦆

Зараз – добры час для назіранняў за ляснымі птушкамі. Лісця на дрэвах яшчэ асабліва няма, і заўважыць іх прасцей. І вясновае надвор’е вельмі радуе. Раім карыстацца магчымасцю і выбірацца на прыроду часцей. ❤️

А якіх новых птушак гэтай вясной за выходныя назіраў_ла ты?

📷 На фота: малінаўка, аўтар Віктар Выскварка; рудахвостка-чарнушка, ерчык чорнагаловы, аўтар Кацярына Хведанцэвіч; кулік-случок, аўтар Наталля Бачурынская; жаўрук баравы, аўтар Аляксей Вайцянкоў.
Лаві падборку самага цікавага за сакавік! ❤️

🔹 Важныя прыродаахоўныя навіны: нашы неверагодныя дасягненні ў ахове дзікай прыроды, забалочванне ў Белавежскай пушчы
🔹 Незвычайныя назіранні: наш чорны бусел знайшоўся ў Партугаліі, варона-гібрыд у Мінску
🔹 Назірай за птушкамі анлайн: падглядай за сямейным жыццём сокалаў-пустэльг у Брэсце, сачы за прылётам вялікіх арляцоў (больших подорликов)
🔹 Парада: як зрабіць дамок для птушак сваімі рукамі
🔹 Гарачыя навіны: тэмпература на Зямлі б’е рэкорды
🔹 Правер сябе: ці добра ты ведаеш вераб’ёў?

🦆 Птушка года: цікавыя факты пра яе чытай па хэштэгу #птушка2024года

Глядзі спіс актыўнасцяў з птушкай года і выбірай для сябе самыя цікавыя.

Далучайся ў Тэлеграм-чат “Птушка года” 👉 @ptushkahoda

🦡 У “Дзікім клубе” ужо прайшлі дзве дзікія лекцыі – пра цікавыя факты аб запаведніках і нацпарках Беларусі і пра міграцыю нашых птушак. Усе лекцыі магчыма паглядзець у запісы.

На дзікіх афлайн-сустрэчах у клубе мы пачалі вывучаць галасы птушак, ужо вывучылі 10 галасоў птушак, якія прыляцелі.

Далучайся да "Дзікага клуба"! Сваім удзелам у клубе ты падтрымліваеш ахову дзікай прыроды Беларусі, бо ўвесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты ❤️

Яшчэ хутка плануем выпусціць новы дроп маек і торб, зладзім вясновы чэмпіянат па фотабёрдынгу. І гэта яшчэ не ўсё! Заставайся на сувязі і сачы за навінамі 🤗
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Сямейны фільм пра птушак для вечара 1 красавіка.

🐦 Міграцыя птушак – гэта цуд прыроды і ў той жа час магутны фактар натуральнага адбору. Падчас міграцыі птушкі праходзяць шмат выпрабаванняў: гэта складаныя ўчасткі, хваробы, драпежнікі і цяжкія пагодныя ўмовы. Натуральных перашкод і пагроз шмат, але нямала і перашкод створаных чалавекам.

Асабліва цяжка даюцца міграцыі відам, якія знікаюць, такім як гусь-піскулька. Каб прывучыць піскулек са Швецыі зімаваць у бяспечных краінах Еўропы, дзе зімуюць мільёны гусей іншых відаў, у 1999 арнітолаг Крысціян Мулек з жонкай Паолай арганізавалі дзіўны эксперымент. Выведзеных у няволі гусей-піскулек яны з дапамогай дэльтаплана паспяхова прывялі за сабой на зімоўку ў Германію.

А ў 2019 годзе дзіўнае падарожжа з дзікімі гусямі стала асновай мастацкага фільма "Распраў крылы". Рэжысёр Нікаля Ванье выдатна перадаў любоў да прыроды і дух авантурызму, якія рухалі мужам і жонкай Мулек.

🎬 Вельмі раім паглядзець гэты добры прыгодніцкі фільм сёння, у Міжнародны дзень птушак! Глядзець можна ўсёй сям’ёй. 🤗

Беражы і цані птушак не толькі сёння, але і ўвесь год. ❤️

📷 На фота Крысціян Мулек суправаджае на дэльтаплане дзікіх птушак, аўтар ©Superbass, CC-BY-SA-3.0, Wikimedia Commons.