Верашчака
481 subscribers
6.34K photos
918 videos
2 files
1.45K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#ГісторыяБеларусі
#Год1917

Рэвалюцыя 1917 года і беларускае пытанне

У лютым 1917 г. у Расійскай імперыі пачаліся падзеі, якія пераважная большасць даследчыкаў акрэсліла як Лютаўскую рэвалюцыю.
У ноч з 2 на 3 сакавіка 1917 года імператар Мікалай Раманаў падпісаў акт аб адрачэнні аб адрачэнні ад пасады, улада была перададзена Часоваму ўраду.

Важнейшым пытаннем для Расіі з'явіліся пытанні аб зямлі і аб міру. Вайна прымусіла народы Расійскай і іншых імперый пашырыць сваю барацьбу за існаванне. Не з'яўляюцца выключэннем і беларусы.

Прадстаўнікі сацыяльных слаёў і груп па-рознаму бачылі шляхі вырашэння акрэсленых пытанняў.
З сакавіка па лістапад 1917 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 26 палітычных партый і арганізацый, пераважна агульнарасійскіх.

Вялікі ўплыў у гарадах і мястэчках меў Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз (Бунд), які ўзнік у 1897 г. у Вільні.

Актывізаваліся арганізацыі прапольскай, літоўскай і украінскай арыентаванасці.

У сакавіку 1917 г. аднавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе арганізацыі ўзніклі ў Петраградзе, Маскве, гарадах неакупаванай часткі Беларусі.  БСГ падтрымала Часовы ўрад у спадзяванні, што ён будзе дзейнічаць з улікам інтарэсаў беларусаў.

У перыяд з сакавіка па кастрычнік свае палітычныя партыі стваралі беларускія памешчыкі, буржуазія, духавенства, інтэлігенцыя.

Наяўнасць вялікай колькасці салдат, шматэтнічны і поліканфесійны склад насельніцтва Беларусі абумовілі значныя цяжкасці ў аб'яднанні нацыянальных сіл. Але паступова акрэслівалася разуменне, што без кансалідацыі намаганняў дасягнуць поспеху немагчыма.

З 25 па 27 сакавіка 1917 года па ініцыятыве БСГ А.Смоліча адбыўся з'езд беларускіх партый і арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 чалавек: прадстаўнікі БСГ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай партыі народных сацыялістаў, Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў.
Быў створаны нацыянальны камітэт для падрыхтоўкі выбараў у Беларускую краёвую раду на чале з Р.Скірмунтам.
Міністру-старшыні Часовага ўраду Г.Львову была накіравана запіска аб неабходнасці аўтаноміі для Беларусі.

Аднак гэта прапанова не знайшла падтрымкі, паколькі прадстаўнікі Часовага ўрада не лічылі беларусаў асобным народам.

У чэрвені 1917 года на канферэнцыі ў Петраградзе быў адобраны праект праграмы-мінімум БСГ. Сярод бліжэйшых задач назначаліся нацыяналізацыя прамысловасці, стварэнне кааператыўных і крэдытных арганізацый, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня, устанаўленне мінімальнага заробку і інш. Вырашэнне важнейшага для беларксаў пытання аб зямлі бачылася праз яе перадачу органам мясцовага кіравання.

Між тым, Часовы ўрад не мог вырашыць нават пытанні забеспячэння харчаваннем. Паражэнне на фронце і далейшае абвастрэнне сацыяльных праблем выклікалі наступны палітычны крызіс. Арганізаваная бальшавікамі 3-4 ліпеня ў Петраградзе масавая дэманстрацыя была разагнана, пачаліся арышты, была ўведзена смяротная кара і ваенна-палявыя суды. Двоеўладдзе завяршылася. Бальшавікі ўзялі курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання.

Сітуацыя, якая ўзнікла, вымусіла беларускія нацыянальныя сілы шукаць новыя падыходы да ажыццяўлення планаў нацыянальнага самавызначэння.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917

Рэвалюцыя 1917 года і беларускае пытанне

8-10 ліпеня 1917 года ў Мінску адбыўся ІІ з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале з Я.Лёсікам, якая распачала намаганні па аб'яднанні нацыянальна арыентаваных сіл. Аднак эсэры, меншавікі, бундаўцы былі супраць палітычнай аўтаноміі Беларусі.

У ліпені-жніўні 1917 года ў беларускіх губернях адбыліся выбары ў мясцовыя органы кіравання: гарадскія думы і земствы. Найбольшую колькасць месцаў у гадах атрымалі эсэры, бундаўцы, польскі сацыялістычны і яўрэйскі нацыянальны блокі. На выбарах у валасныя земствы перамогу атрымалі эсэры, у мястэчках - бундаўцы.

Такім чынам, летам 1917 года ні беларускія нацыянальныя партыі, ні бальшавікі не мелі значнай падтрымкі насельніцтва.

19 ліпеня Вярхоўным Галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Л.Карнілаў, які ў канцы жніўня запатрабаваў устанавіць у краіне ваенную дыктатуру. Па загадзе Л.Карнілава ў Петраград былі накіраваны вайсковыя падраздзяленні.
А.Керанскі, які ўзначальваў Часовы ўрад, расцаніў гэта патрабаванне як мяцеж і загадаў Л.Карнілаву скласці паўнамоцтвы галоўнакамандуючага. Генерал адмовіўся. Тады А.Керанскі звярнуўся за падтрымкай да Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Улады выпусцілі з турмаў арыштаваных лідараў бальшавікоў. А.Керанскі прыняў на сябе кіраўніцтва войскамі.
1 верасня 1917 года Карнілаў быў арыштаваны, Расія была абвешчана рэспублікай.

Актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Беларусі прынялі мясцовыя Саветы, якія ўзніклі ў лютым-сакавіку 1917 г.
30 жніўня быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту.

Рэвалюцыйна настроеныя салдаты і рабочыя ўстанавілі кантроль над стратэгічнымі чыгуначнымі станцыямі, арсеналамі.

Бальшавікі, якія ўзначалілі барацьбу супраць акцыі генерала Л.Карнілава, значна павысілі свой аўтарытэт сярод рэвалюцыйна настроенай часткі насельніцтва.

У верасні 1917 года ў ходзе перавыбараў Саветаў яны атрымалі большасць у Мінскім савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў.


Працяг будзе

Пачатак тут
#ГісторыяБеларусі
#Год1917

Рэвалюцыя 1917 года і беларускае пытанне
Пачатак тут

Вядучыя палітычныя сілы Расіі спрабавалі знайсці выхад з крызісу. 14 верасня ў Маскве адбылася Дэмакратычная нарада, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі буржуазных, рэвалюцыйна-дэмакратычных партый.
Дэлегаты выказаліся за кааліцыю з кадэтамі і стварэнне новага Часовага ўрада.
Бальшавікі прапанавалі склікаць ІІ Усерасійскі з'езд Саветаў, які павінен быў вырашыць пытанне аб уладзе.
Быў сфарміраваны новы кааліцыйны склад Часовага ўрада пад старшынствам А.Керанскага. Аднак аўтарытэт улады быў невысокім. Сістэмны крызіс працягваўся.

Часовы ўрад праяўляў эканамічную некампетэнтнасць, што вяло дэмакратычную рэвалюцыю да гібелі, а краіну - да катастрофы.
Разлік на перамогу ў Першай сусветнай вайне быў памылковым.
Сяляне стаміліся чакаць аграрную рэформу.

Лютаўская рэвалюцыя выклікала магутную хвалю нацыянальна-вызваленчага руху, але Часовы ўрад не прапанаваў шляхоў вырашэння нацыянальнага пытання.

Бальшавікі вырашылі скарыстаць сітуацыю, якая склалася ў сталіцы, для захопу ўлады.
У ноч з 24 на 25 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне рабочых і салдат.
Увечары 24 кастрычніка атрады Чырвонай гвардыі, некаторыя вайсковыя часці захапілі пошту, тэлеграф, вакзалы, масты. Раніцай была апублікавана адозва Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, падрыхтаваная У. Леніным, у якой абвяшчалася аб завяржэнні Часовага ўрада.

Вечарам 25 кастрычніка 1917 года адкрыўся ІІ Усерасійскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
З 649 чалавек 390 прадстаўлялі партыю бальшавікоў.
Ад Беларусі і салдат Заходняга фронту прысутнічаў 51 дэлегат.

Ноччу паўстанцы арыштавалі членаў Часовага ўрада. Меншавікі і правыя эсэры пакінулі з'езд у знак пратэсту супраць перавароту.

З'езд прыняў рашэнне аб пераходзе ўлады да Саветаў і сфарміраваў Савет народных камісараў як Часовы рабочы і сялянскі ўрад. Яго ўзначаліў У.Ленін .

Былі прыняты Дэкрэт аб зямлі, які адмяняў прыватную ўласнасць на зямлю, Дэкрэт аб міры.

У краіне ўсталёўвалася савецкая ўлада.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917

Рэвалюцыі 1917 года і беларускае пытанне
Пачатак тут

Звесткі аб паўстанні ў Петраградзе сталі вядомыя ў Мінску 25 кастрычніка ў другой палове дня. Выканкам Мінскага Савета вывеў на вуліцы горада салдат двух запасных палкоў, вызваліў з турмы каля 800 арыштаваных.

26 кастрычніка 1917 года выканкам Мінскага Савета абвясціў аб пераходзе ўлады ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З палітычных зняволеных быў створаны першы рэвалюцыйны полк.

27 кастрычніка быў створаны Камітэт выратавання рэвалюцыі, большасць у якім мелі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Ён увёў у Мінск часці Каўказскай дывізіі, зняў вайсковыя пасты Мінскага Савета, адхіліў прызначаных ім камісараў.
Мінскі Савет згадзіўся на перадачу ўлады Камітэту пры ўмове, што войскі не будуць накіроўвацца на падаўленне паўстання ў Петраградзе і Маскве.

Пасля заключэння пагаднення бальшавікі правялі агітацыю сярод салдат, дзе мелі значную падтрымку. У ноч з 1 на 2 лістапада ў Мінск увайшоў браніраваны цягнік, а таксама атрады рэвалюцыйна настроеных салдат, якія ўзялі пад абарону Мінскі Савет.

У канцы кастрычніка - пачатку лістапада 1917 года савецкая ўлада была ўсталявана ў Віцебску, Гомелі, Полацку, Оршы і іншых гарадах.

У лістападзе 1917 года адбыліся з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, ІІІ з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, ІІ з'езд армій Заходняга фронту. Яны прынялі рашэнне аб стварэнні адзінага органа кіравання.
26 лістапада сфарміраваны Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах, які ўзначаліў напачатку М.Рагазінскі, а са студзеня 1918 г. - А.Мяснікоў).
Са 170 членаў Аблвыканкамзаха беларусаў было ўсяго 3 (левыя эсэры)

Кіраўнікі створаных бальшавікамі структур не бачылі перспектыў беларускага нацыянальнага развіцця. Яны меркавалі, што стварэнне нацыянальных рэспублік стане перашкодай для сусветнай пралетарскай рэвалюцыі.
З'яўляючыся ў выключнай большасці прадстаўнікамі іншых народаў
(В.Кнорын, К.Ландар, А.Мяснікоў), яны не лічылі беларусаў асобнай нацыяй.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917

Рэвалюцыі 1917 года і беларускае пытанне
Пачатак тут

У выніку ў нацыянальным пытанні бальшавікі Беларусі дапусцілі шэраг пралікаў.

Апублікаваная ў 1917 годзе "Дэкларацыя правоў народаў Расіі" садзейнічала стварэнню асобных дзяржаў каля меж Беларусі на аснове самавызначэння.
У лістападзе 1917 года была абвешчана Украінская Народная рэспубліка (прызнаная Савецкай Расіяй), зроблены захады па ўтварэнні Латвійскай дзяржавы.

На заходнюю, акупаваную немцамі частку Беларусі (Віленшчыну і Гродзеншчыну) прэтэндавалі Літоўская Тарыба і польскія палітыкі.
Сур'ёзную пагрозу для Беларусі стваралі размешчаныя тут арміі Заходняга фронту, якія знаходзіліся ў стадыі інтэнсіўнага распаду.
Сітуацыя яшчэ больш ускладнялася дзеяннямі 1-га польскага корпуса пад камандаваннем Ю.Доўбар-Мусніцкага.

Ва ўмовах нарастання аграрнай рэвалюцыі часці корпуса станавіліся на абарону памешчыкаў, учынялі над беларускімі сялянамі жорсткія расправы.

Беларускія нацыянальныя партыі, якія не прынялі ўладу Саветаў, пэўныя надзеі звязвалі з выбарамі ва Устаноўчы сход (лістапад 1917г.). Яны меркавалі, што метадамі парламенцкай дэмакратыі можна дасягнуць поўнага нацыянальнага самавызначэння Беларусі.

Выканкам Вялікай беларускай рады пачаў падрыхтоўку свайго Устаноўчага сходу - Усебеларускага з'езда, мэтай якога было стварэнне дэмакратычнай краёвай улады.

Адначасова ў гэтым кірунку працаваў Беларускі абласны камітэт (БАК), які быў сфарміраваны ў лістападзе 1917 г. пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў.
Беларускі абласны камітэт выступіў з прапановай аб правядзенні 15 снежня з'езда прадстаўнікоў земстваў, Саветаў сялянскіх дэпутатаў, беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, арміі, настаўніцкага саюза, кааператыўных і культурна-асветніцкіх арганізацый.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#УсебеларускіЗъезд

Рэвалюцыя 1917 года і беларускае пытанне.
Усебеларускі з'езд 1917 года

Пачатак тут


І Усебеларускі з'езд - знамянальная падзея ў гісторыі дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
Гэта першая ў найноўшай гісторыі спроба беларусаў арганізаваць сваю ўладу на ўласнай этнічнай тэрыторыі.
Многія нацыянальна-прававыя пытанні, якія ўздымаліся на з'ездзе, значна апярэджвалі час.

Асноўнымі ініцыятарамі і арганізатарамі з'езда сталі два палітычныя цэнтры - Вялікая беларуская рада (ВБР) з падпарадкаванай ёй Цэнтральнай беларускай вайсковай радай у Мінску і Беларускі абласны камітэт (БАК) у Петраградзе.
Гэтыя арганізацыі ўяўлялі сабой дзве асноўныя культурна-ідэалагічеыя плыні, што суадносілі сябе з беларускай этнічнай супольнасцю і прэтэндавалі на выказванне яе інтарэсаў - уласна беларускую ("адраджэнскую") і "заходнярускую".
Яны па-рознаму вызначалі дзяржаўна-палітычную будучыню Беларусі.

Вялікая беларуская рада (старшыня В.Аламовіч) гуртавала вакол сябе носьбітаў нацыянальнай ідэі, галоўным чынам прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. Яны выступалі за абранне краёвага цэнтра ўлады, бясплатную перадачу зямлі працоўнаму народу, стварэнне нацыянальнага войска; развіццё беларускай культуры; адстойванне інтарэсаў Беларусі на міжнародным мірным кангрэсе.
У якасці канчатковай мэты вызначалася ўтварэнне аўтаномнай дэмакратычнай Беларускай рэспублікі, якая на роўных правах з Расіяй і іншымі рэспублікамі павінна была ўвайсці ў агульнарасійскі федэральны саюз.

Беларускі абласны камітэт (на чале з Я.Канчарам) быў створаны 17 лістапада пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў. Асаблівасць палітычнай сітуацыі ў канцы 1917 года вызначалася тым, што значная частка беларускіх дзеячаў знаходзілася ў Петраградзе. Менавіта яны складалі большасць БАК. Тут мелася шырокае прадстаўніцтва дзясяткаў тысяч бежанцаў з беларусаў і петраградскіх рабочых-беларусаў.
Па меркаванні прадстаўнікоў БАК, самавызначэнне Беларусі магло адбыцца праз стварэнне аўтаномнай вобласці ў складзе Расіі.
Для "абласнікоў" такое раўвіццё падзей бачылася не заканамерным вынікам развіцця Беларусі, а вымушаным крокам, прадыктаваным збегам знешніх абставін.

Такая пазіцыя была блізкая да поглядаў наркама па справах нацыянальнасцей РСФСР І.Джугашвілі (І.Сталіна). У канцы лістапада 1917 года БАК актывізаваў сваю дзейнасць па скліканні з'езда Саветаў і атрымаў грошы ад савецкага ўрада на яго правядзенне. "Абласнікі" планавалі арганізаваць з'езд без удзелу ВБР. Аднак прадстаўнікі беларускіх бежанцаў змаглі пераканаць БАК у неабходнасці аб'яднання намаганняў з Вялікай беларускай радай.

24 лістапада ВБР, БАК, ЦБВР прынялі рашэнне аб скліканні з'езда. У адозве "Да ўсяго беларускага народа" гаварылася, што ўлада ў Беларусі павінна належаць Краёвай радзе, абранай дэмакратычным шляхам. Беларусь павінна быць дэмакратычнай рэспублікай, аб'яднанай з Вялікарасіяй і суседнімі рэспублікамі на аснове федэрацыі.

2 снежня 1917 г. у Брэсце паміж Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і Германіяй і яе саюзнікамі - з другога - быў заключаны дагавор аб перамір'і на ўсім расійскім фронце.
9 снежня пачаліся перагаворы аб міры.
У цэнтры дыскусіі было пытанне аб лёсе акупаваных Германіяй Польшчы, Курляндыі, Літвы, Ліфляндыі, Эстляндыі, якое абмяркоўвалася праз прызму самавызначэння нацый.

Беларуская праблема ў якасці самастойнай на перагаворах не разглядалася. Гэта актуалізавала неабходнасць канстытуявання Беларусі ў якасці асобнай і непадзельнай адміністрацыйна-дзяржаўнай адзінкі.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#УсебеларускіЗъезд

Рэвалюцыя 1917 года і беларускае пытанне.
Усебеларускі з'езд 1917 года

Пачатак тут

Усебеларускі з'езд пачаўся 5 снежня 1917 года.
У ім прынялі ўдзел 1872 дэлегаты.
З'езд прадстаўляў тагачаснае беларускае грамадства: на ім прысутнічалі прадстаўнікі Саветаў (адзін чалавек ад павета), губернскіх, павятовых і валасных органаў кіравання і самакіравання, настаўніцкіх арганізацый, беларускіх нацыянальных арганізацый, дэлегаты ад арміі, флоту, тылу, члены выканаўчых камітэтаў БАК, ВБР, ЦБВР і г.д.

З'езд планаваў абмеркаваць палітычнае становішча краіны і лёс Беларусі, бежанскае пытанне, працэсы дэмабілізацыі арміі.
Быў створаны шэраг камісій, дзе разглядаліся актуальныя праблемы развіцця беларускай дзяржаўнасці. У прыватнасці акадэмік Яўхім Карскі выступіў з дакладам аб беларускім універсітэце.

У цэнтры ўвагі было пытанне аб арганізацыі краёвай нацыянальнай улады ў супрацьвагу Аблвыканкамзаху і створанаму ім Саўнаркаму.

Аблвыканкамзах і Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б) ўсведамлялі пагрозу сваёй уладзе, аднак падтрымка з'езда савецкай уладай не дазволіла ім пайсці на ягоны разгон адразу.

17 снежня на нарадзе з лідарамі фракцый і зямляцтваў быў выпрацаваны тэкст пастановы аб самавызначэнні Беларусі і часовай краёвай уладзе. Дакумент быў зачытаны ў ноч на 18 снежня.

Знойдзеная форма ўключала матыў Беларускай рэспублікі, але наймення такога не ўтрымлівала. Яна была прынята ўсімі і пад бурныя авацыі ўхвалена з'ездам.
Гэта была безумоўная перамога дэлегатаў - як над уласнымі супярэчнасцямі, так і над раскольніцкай тактыкай бальшавіцкага кіраўніцтва Беларусі. Апошнія з мэтай захавання ўлады былі вымушаны выкарыстаць сілу, каб перапыніць работу з'езда.

Дэлегаты паспелі аднагалосна прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі.
У ім падкрэслівалася: "....замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і сцвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі, для выратавання роднага краю і засцярогі яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі І Усебеларускі з'езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў".

З'езд падтрымаў савецкую форму ўлады ў Беларусі, але выступіў за беларускія саветы, а створаныя бальшавікамі не прызнаваў.

У ноч з 17 на 18 снежня 1917 года з'езд быў разагнаны, а члены прэзідыума з'езда (у тым ліку і старшыня з'езда І. Серада) і рад дэлегатаў арыштаваны.

Усебеларускі з'езд стаў першай легітымнай спробай народнага воевыяўлення ў вырашэнні важнейшых пытанняў фарміравання беларускай дзяржаўнасці.

Дэлегаты з'езда прадэманстравалі здольнасць да кампрамісаў, выпрацоўкі ўзаемапрымальных шляхоў прадухілення пагроз, што навіслі над Беларуссю ва ўмовах ваенных і рэвалюцыйных катаклізмаў.

Нацыянальным сілам у снежні 1917 года не ўдалося рэалізаваць свае кансалідаваныя рашэнні. Нейкі час беларускія дзеячы рухаліся рознымі шляхамі будаўніцтва беларускай дзяржавы.

Вывады, якія прагучалі на з'ездзе сталі ідэйным падмуркам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адначасова тыя ўдзельнікі Усебеларускага з'езда, якія спадзяваліся на падтрымку бальшавістскага кіраўніцтва Савецкай Расіі, працягвалі барацьбу за Савецкую Беларусь (у тым ліку будучыя кіраўнікі БССР А.Чарвякоў і З.Жылуновіч)

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#БНР

Абвяшчэнне БНР

Абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі садзейнічаў шэраг знешніх і ўнутраных абставін.

Перагаворы на савецка-германскай мірнай канферэнцыі ў Брэсце ў канцы студзеня 1918 г. былі перапынены савецкім бокам. Скарыстаўшы сітуацыю, Германія і Аўстра-Венгрыя 18 лютага 1918 года аднавілі ваенныя дзеянні на ўсім фронце ад Балтыйскага мора да Карпат.

Пасля разгону з'езда частка яго арганізатараў і ўдзельнікаў сабралася ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі. На гэтым паседжанні было прынята рашэнне пераўтварыць Прэзідыум з'езда ў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда.

У ноч на 19 лютага перад пагрозай наступлення германскіх войскаў кіраўнікі Аблвыканкамзаха пакінулі Мінск.
Выканаўчы камітэт Рады заявіў, што аб'яўляе сябе найвышэйшай уладай у краі.
20 лютага быў створаны Народны Сакратарыят на чале з Я.Варонкам.

21 лютага , напярэдадні ўступлення нямецкіх войскаў у Мінск, Выканкам звярнуўся да народа Беларусі з Першай Устаўной граматай, у якой дэкларавалася права беларускага народа на самавызначэнне.
Народны Сакратарыят Беларусі ў складзе 20 міністраў, прадстаўнікоў розных партый, абвяшчаўся да склікання Устаноўчага сходу часовым урадавым органам.

Да канца лютага 1918 года нямецкія войскі захапілі большую частку Беларусі да лініі Расоны - Полацк - Сянно - Орша - Магілёў - Жлобін - Навазыбкаў.
3 сакавіка 1918 года паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны сепаратны мірны дагавор, згодна з якім прыкладна 85% этнічнай беларускай тэрыторыі адыходзіла Германіі, 15% - Савецкай Расіі. Для беларускіх зямель фактычнае спыненне стану вайны доўжылася да лістапада 1918 года, калі з-за рэвалюцыйных падзей у Германіі нямецкія войскі пачынаюць пакідаць тэрыторыю Беларусі.

Падпісанне Брэсцкага міру падштурхнула Выканаўчы камітэт Рады да выдання 9 сакавіка 1918 года Другой Устаўной граматы.
Гэтым дакументам, "у межах рассялення і лікавай перавагі беларускага народа", зацвярджалася назва краіны - Беларуская Народная Рэспубліка.


Меркавалася, што асноўныя законы зацвердзіць Устаноўчы Сойм, які будзе скліканы на аснове агульнага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права.
Падцвяржаліся дэмакратычныя свабоды, 8-гадзінны працоўны дзень, адмена прыватнай уласнасці на зямлю.

Між тым тэрыторыя, на якой дэкларавалася ўлада БНР, кантралявалася нямецкімі акупацыйнымі войскамі і савецкай Расіяй. Беларускія землі большасць еўрапейскіх палітыкаў лічыла часткай Расіі. Выключэннем была Польшча і Літва, якія разглядалі частку беларускіх зямель (Гродзенскую, Віленскую, частку Мінскай губерняў) як тэрыторыю сваіх дзяржаў.
Федэратыўная канцэпцыя Ю.Пілсудскага тычылася выключна Усходняй Беларусі. Палессе і паўднёвую частку Гродзеншчыны хацела атрымаць Украіна, Віленшчыну і паўночную частку Гродзеншчыны - Літва.

Па сутнасці, адзінай дзяржавай, якая прызнала БНР de facto, была Фінляндыя.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#БНР

Абвяшчэнне БНР
Пачатак тут

Кайзер Германіі Вільгельм ІІ 23 сакавіка 1918 года выдаў Дэкларацыю аб прызнанні незалежнасці літоўскай дзяржавы (Літоўскай Трабы) і перадачы ёй беларускіх зямель: Беласточчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны. Землі на поўдзень ад Палескай чыгункі перадаваліся Украінскай Народнай Рэспубліцы.
Прынятыя палітычныя рашэнні разрывалі беларускія землі на часткі, руйнавалі эканамічныя сувязі.

Дзейсных органаў кіравання на месцах урадам БНР створана не было. Усе намаганні кабінета Я.Варонкі былі накіраваны на атрыманне палітычнай падтрымкі з боку нямецкай адміністрацыі Обер-Оста ў Берліне. Ён верыў, што Германія, якая падтрымала ўзнікненне Украінскай Народнай Рэспублікі і Літоўскай Рэспублікі, прызнае і ўрад БНР.

Але Германія з Савецкай Расіяй заключылі дагавор аб непрызнанні Берлінам новых дзяржаўных утварэнняў, якія паўстануць на тэрыторыі Расіі пасля 3 сакавіка 1918 года.
На ноту ўрада Я.Варонкі канцлер Рэйха Георг фон Хертлінг заявіў, што Берлін ставіцца да Беларусі як да часткі Савецкай Расіі.
Больш за тое, перагаворы з нямецкім ўрадам і стасункі з акупацыйнымі войскамі толькі кампраметавалі БНР, бо ў германскіх войсках беларусы бачылі прыгнятальнікаў і ворагаў, якія неслі голад і разбурэнні.

Адмова савецкага кіраўніцтва ад прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі ставіла пытанне аб суб'ектнасці БНР.
У такіх умовах з'явілася Трэцяя Устаўная грамата. Яна ўпершыню аб'яўляла Беларусь незалежнай дзяржавай.

Галоўная задача, якую ставілі яе стваральнікі, - прызнанне незалежнасці на міжнароднай арэне.
Аднак для Германіі гэта дэкларацыя, якая падкрэслівала незалежнасць БНР ад Расіі, нічога не змяняла.

Крокам адчаю стала тэлеграма да імператара Германіі Вільгельма ІІ з падзякай за вызваленне Беларусі ад панавання Расіі і з чарговай просьбай аб падтрымцы БНР як дзяржавы, якую 26 красавіка 1918 года падпісалі Р.Скірмунт, Я.Варонка і шэраг членаў Рады БНР.

Гэты крок быў вельмі негатыўна ўспрыняты левым крылом Беларускай сацыялістычнай грамады і прывёў да яе расколу.
БСГ распалася на тры партыі: Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыял-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыял-федэралістаў. Апошнія выказалі незадаволенасць тым, што Р.Скірмунт палітычным партнёрам бачыў Польшчу, а не Расію.

Дадатковым фактарам палітычнага крызісу Рады БНР летам і восенню 1918 года стала пашырэнне партызанскай барацьбы супраць нямецкіх акупацыйных войскаў.
Паводле няпоўных звестак, на акупаванай тэрыторыі Беларусі дзейнічалі каля 100 партызанскіх атрадаў.

Працяг будзе
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#БНР

Абвяшчэнне БНР
Пачатак тут

Не змог вырашыць задачу міжнароднага прызнання БНР і сацыял-федэраліст І.Серада, які змяніў Р.Скірмунта на пасадзе кіраўніка Народнага Сакратарыята.
Без поспеху вярнулася дэлегацыя, накіраваная ў Кіеў у верасні 1918 года пад кіраўніцтвам А.Луцкевіча, якая павінна была дамовіцца аб прызнанні Беларускай народнай Рэспублікі ўкраінскай дзяржавай.
Вельмі складанымі былі пытанні аб дзяржаўных межах.

На перагаворах з Савецкай Расіяй А.Луцкевіч, не адмаўляючы федэрацыі з Савецкай Расіяй, паставіў умову папярэдняга прызнання ўрада БНР.

Перайменаванне А.Луцкевічам Народнага Сакратарыята ў Раду народных міністраў БНР і новыя спробы наладзіць перагаворы з Расіяй адбываліся ва ўмовах нарастання рэвалюцыйных падзей у Германіі.
Урад У.Леніна ў лістападзе 1918 года скасаваў усе папярэднія дамоўленасці з Германіяй.
Прызнанне БНР ставіла пытанне аб далейшым руху Чырвонай арміі на захад ва ўмовах росту спадзяванняў на сусветную пралетарскую рэвалюцыю.

10 снежня 1918 года войскі Чырвонай арміі ўступілі ў Мінск. Да сярэдзіны лютага 1919 года лінія фронту замацавалася на лініі Вільня - Ліда - Слонім - Бяроза-Картузская.
У студзені пачала працу мірная канферэнцыя ў Парыжы.
Аднак спробы А.Луцкевіча атрымаць падтрымку краін Антанты поспеху не мелі.
У канцы лютага 1919 года германскія войскі пакінулі Гродзеншчыну.

Неадкладна на гэтыя тэрыторыі ўвайшлі польскія войскі. У красавіку яны занялі Вільню, а ў жніўні - Мінск.
Лёс Беларусі па-ранейшаму залежаў ад акупацыйных улад.

Пры гэтым польская адміністрацыя не хацела пагаджацца нават з некаторымі здабыткамі ў нацыянальна-культурнай сферы: дзейнасцю беларускіх гімназій і школ, спробамі адкрыцця беларускай кансерваторыі і ўніверсітэта, пашырэннем беларускага перыядычнага друку і сферы ўжывання беларускай мовы.

У такіх умовах дзейнасць урада БНР захоўвала толькі фармальнае значэнне.
Ініцыятыва ў барацьбе за беларускую дзяржаўнасць перайшла да той часткі дэлегатаў Усебеларускага з'езда, якія захавалі спадзяванні на супрацоўніцтва і трывалыя кантакты з урадам Савецкай Расіі.
#ГісторыяБеларусі
#Год1917
#СтварэннеБеларускайДзяржаўнасці

Белнацкам і яго роля ў стварэнні ССРБ

Пасля разгону Усебеларускага з'езда адбылося паскарэнне бальшавізацыі левага крыла беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху.
На савецкай тэрыторыі беларуская нацыянальная ідэя была распаўсюджана сярод беларусаў-бежанцаў і тых, хто даўно жыў і працаваў у расійскіх губернях, сярод салдат.

У кастрычніку 1917 года пачаўся працэс стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (БСДРП), блізкай па сваёй ідэалогіі да бальшавікоў. Яна была створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арганізацыі БСГ і спачатку налічвала каля 500 чалавек, у асноўным рабочых. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Чарвякоў, У.Скарынка і інш.

БСДРП накіравала дэлегатаў на Усебеларускі з'езд і пасля яго разгону падала заяву ў ЦК РСДРП(б) з патрабаваннем стварыць камісію для расследвання гэтага здарэння.

8 студзеня 1918 г. па ініцыятыве БСДРП адбылася нарада з удзелам Петраградскай арганізацыі БСГ, чыгуначнай і вайсковай арганізацыі беларусаў, дзе абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята.
У лютым 1918 года беларусы ўдзельнічалі ва ўзброенай абароне Петраграда ад германскіх інтэрвентаў.

31 студзеня 1918 года У.Ленін падпісаў дэкрэт, у адпаведнасці з якім ствараўся Беларускі нацыянальны камісарыят на правах аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР (Белнацкам).

Камісарам Белнацкама да мая 1918 г. з'яўляўся А.Чарвякоў (пасля І.Лагун), а яго намеснікам левы эсэр У.Скарынка.

Дзеячы левага крыла нацыянальнага руху ў Беларусі знаходзіліся пад уплывам марксізму. Аднак кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абласнога камітэта бальшавісткай партыі і Аблвыканкамзаха адмоўна ставіліся да фарміравання беларускай дзяржаўнасці. Імкненне да нацыянальнага адраджэння ў любых формах яно раўглядала як праявы сепаратызму і нацыяналізму.
Па іх меркаванні, тыя этнаграфічныя асаблівасці, што аддзяляюць беларусаў ад рускіх, неабходна было ліквідаваць, бо галоўнай задачай павінна было стаць не стварэнне новых нацый, а знішчэнне старых нацыянальных перашкод.
Ва ўмовах ваеннага супрацьстаяння і нарастання рэвалюцыйных падзей у Еўропе пазіцыя В.Кнорына, К.Ландэра і А.Мяснікова станавілася яшчэ больш жорсткай.
Па іх прапанове быў ліквідаваны аддзел па нацыянальных справах пры выканкаме Заходняй вобласці.

У такіх умовах Белнацкам станавіўся галоўным цэнтрам, які змагаўся за станаўленне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Пад уплывам гэтай арганізацыі ідэя беларускай савецкай рэспублікі набывала ўсё большую падтрымку, што, у прыватнасці, выявілася ў прыняцці адпаведных рэзалюцый беларускімі сходамі, канферэнцыямі і з'ездамі.
У прынятых рэзалюцыях меліся, як правіла, тры асноўныя пункты: непрызнанне БНР і яе ўрада, дэкларацыя ў падтрымку савецкай улады і супрацьпастаўленне БНР ідэі федэрацыі Беларусі з Расіяй як спосабе рэалізацыі права беларускага народа на самавызначэнне.

Дарэчы, Першая сусветная вайна істотна паўплывала на рост нацыянальнай самасвядомасці. Гэта можна назіраць на прыкладзе параўнання перапісаў насельніцтва.
Калі ў 1897 годзе ў Мінскай губерні беларусамі сябе лічылі 76% насельніцтва, то ў 1917 годзе беларусы склалі 89%

Працяг будзе