Верашчака
481 subscribers
6.34K photos
915 videos
2 files
1.45K links
Беларускамоўны канал пра Беларусь, пра беларусаў і пра нашу людскасць.

Пра палітыку толькі з гумарам і доляй сарказму.

Дасылайце нам свае матэрыялы або цікавасці пра Беларусь сюды
@gusljar_bot
加入频道
#МіфыЛегендыБеларусі

Напасць

Вёз чалавек у горад пшаніцу прадаваць. Сустрэлася яму па дарозе баба з кавальскім молатам на плячы. І просіць жаласліва:
— Падвязі, чалавеча, мой молат.
— Добра, падвязу.

Укінула баба молат на воз, а сама побач пешкі ідзе. Потым пытаеца:
— Скажы, гаспадарыку, а ці молішся ты Богу ад злой напасці?
— Навошта мне маліцца? — здзівіўся чалавек. — Яна і так да мяне не прычэпіцца.
— А ты маліся, дзетка, — няўхвальна заківала галавой старая, — бо пашкадуеш, што не маліўся…
Сказала так і залезла на воз.

Едуць далей. Пад’язджаюць да горада, баба зноў пра сваё:
— А чаму ты не молішся ад напасці?
Маўчыць чалавек, а сам сабе думае: «Што з дурною бабаю гаманіць…»
Яна ж не сунімаеца, зноў са сваім пытаннем лезе. Так дапякла, аж чалавек прыгразіў:
— Сядзі, калі сядзіш, бо папру з воза!

Нарэшце прыехалі на кірмаш. Выпраг гаспадар коні, паставіў каля воза, сена падкінуў. А баба не злазіць, сядзіць на мяхах з пшаніцай.
— Бяры свой молат ды ідзі, куды табе трэба, — кажа ёй чалавек.
А яна на ўвесь кірмаш:
— Ты чаго прывязаўся да майго воза? Прывезла твой молат, дык яшчэ лаешся!..

Усчалася сварка. Прыбегла паліцыя.
— Што тут здарылася?
Чалавек кажа, што ён падвёз бабу, а баба бубніць, што яна яго падвезла. Вядома, усе заступаюца за бабу, бо кавальскі молат не для жаночых рук. Хацелі ўжо гаспадара ў астрог валачы.

Давай ён маліца, хрысціцца і плакаць:
— І не сніў, — кажа, — і не думаў, што такая напасць прычэпіцца!..

Зарагатала тут баба і злезла з воза.
— Глядзі, чалавеча, помні, што я па дарозе табе казала, бо завуць мяне — Напасць.
Сказала так і знікла, як скрозь зямлю правалілася.
#МіфыЛегендыБеларусі

Начніцы

Начніцы часцей за ўсё гуляюць улетку, калі лес убярэцца ў лісце, на паплавах зацвітуць кветкі, на палетках закаласіцца жыта, а ўсюды так стане хораша, што, здаецца, усё жыццё сядзеў бы сярод зялёных, пахучых лісцяў і красак, якія спавіваюць і поле, і поплаў, і лес.

Але так не бывае, каб усё добра было. Калі навокал прыгожа, а на сэрцы радасна, дык абавязкова бяда зусім блізка.

Толькі сонейка схаваецца за лес — лясныя нетры напаўняюцца ўсялякімі галасамі. Рагочуць, гойдаючыся на галінах, русалкі, ломяць дрэвы лесавікі, пагрозліва трашчыць нечысць, з лазовых кустоў выбягае чарада начніц. Хапае тады жаху добрым людзям.

Аднойчы напачатку лета захацелі мы з Данілам налавіць уюноў. Узялі сакі і папхнуліся да возера. Возера плыткае, адна гразюка, а ўюноў — хоць шуфлем шуфлюй. Як бачыш налавілі паўчоўна. Больш нельга, бо човен ваду зачэрпвае. Ледзь прыпхаліся да берага. Знайшлі сухі грудок і заначавалі пад вярбою.

Толькі закурылі люлькі, як раптам паблізу штосьці заверашчала, запішчала і так зарагатала — аж лес захістаўся. Трэба хутчэй вогнішча класці, бо агню ўсялякая нечысць баіцца. А тут, як на бяду, на грудку няма ні галля сухога, ні карчоў старых. Сядзім і ляскаем зубамі ад страху.

Ноч выдалася хмурная, мала што відаць праз галіны вярбы. Пачалі мы пільней прыглядацца, што вакол нас робіцца. Пасярэдзіне возера густы туман стаіць, а ў тумане штосьці мітусіцца, быццам дзяўчаты фартухамі махаюць. Адразу здагадаліся, што начніцы ігрышча спраўляюць.
Ледзь перачакалі ноч.

Пачало, дзякаваць Богу, світаць. Прылеглі, каб хоць трохі адпачыць. Не змаглі — рогат і піск не сунімаліся. Няма чаго рабіць: падняліся мы і падыбалі да ракі.

Адно прадзерліся праз лазу — выскачылі з кустоў начніцы. Падбеглі да ракі і — плюх! плюх! — у ваду.
Мільганулі і больш мы іх не бачылі.
#МіфыЛегендыБеларусі

Пестунь

...Знайшлі аднойчы парабкі на ўзлеску логавішча з трыма малымі ваўчанятамі. Толькі чапаць іх не сталі, бо ведалі, што раззлуюць дарослых ваўкоў — наклічуць бяду на скаціну. Ваўкі-бацькі счулі людзей, але логавішча не пакінулі. Мірнае суседства працягвалася, авечкі і гусі па-ранейшаму пасвіліся на выгане.

Аднак у хуткім часе самі ж парабкі і распудзілі драпежнікаў. Пачалі яны, ды яшчэ з сабакамі, ледзь не кожны дзень хадзіць да тых ваўчанят. Ваўкі нарэшце не вытрымалі і аднойчы ноччу сышлі з двума ваўчанятамі невядома куды. Аднаго малога бацькі пакінулі, відаць, не змаглі, а мо і не паспелі забраць з сабой.
Засталося малое ваўчанё ў старым логавішчы сіратой. Два дні, забіўшыся ў кут, моўчкі трывала, а на трэці, калі зусім прагаладалася, завыла на ўвесь лес.

Сабраліся парабкі каля логавішча, не ведаючы, што рабіць. Забіць ваўчанё — бацькі абавязкова пачнуць помсціць. Забраць у вёску таксама небяспечна, бацькі зноў-такі ўзлуюцца. Так, пад галодны енк малога, і вярнуліся хлопцы дадому. А неўзабаве сціхла тое ваўчанё. Як толькі ўзышло сонца, пайшлі парабкі да логавішча, каб даведацца, што з малым. Спыніліся ў кустах і бачаць: на вытаптанай каля логавішча прагаліне ляжаць кавалкі перажованага мяса, а побач, соладка пасопваючы, спіць ваўчанё. Спачатку падумалі, што гэта маці-ваўчыца не вытрымала і прынесла галоднаму дзіцяці паесці. Але раптам адзін з іх убачыў за густой ялінай вялізнага мацёрага ваўка, што не зводзіў з людзей пільнага вока. Прыгледзеліся, ажно гэта зусім стары воўк, сівая поўсць касмыкамі тырчыць, рэбры вытыркаюцца, вочы слязяцца... І зразумелі хлопцы, што прыцёгся сюды стары на покліч малога, пакарміў згаладалае, перапалоханае ваўчанё.

Усё лета ахоўваў ён падкідыша, карміў, пеставаў малога, а неўзабаве і забраў яго з сабой. Ну, а калі людзі, якія добра памяталі, як стары воўк пеставаў кінутае ваўчанё, пачалі будавацца непадалёку ад былога логавішча, то і парашылі назваць вёску Пестунь...