Партизанский образовательныйпишем летопись вместе
1.61K subscribers
60.6K photos
4.49K videos
150 files
5.35K links
🔝 Новости учреждений образования Партизанского района города Минска.

🤳🏼 Официальный Telegram-канал Управления по образованию администрации Партизанского района г.Минска - https://parue.minsk.edu.by/
加入频道
Рубрыка «Смак роднай мовы» ❤️

Аўторак 🗝#чытаем_вершы_разам

Якуб Колас «На рэчцы» (паэма «Новая зямля», ч. ХІХ)
Ніхто з дамашніх не згадае,
        Чым рэчка Костуся займае,
        Якая іх звязала сіла
        І чым яна так хлопцу міла.
        Бывала, толькі чуць разднее,
        Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,
        Глядзіш – на рэчку ён шыбуе
        І лёд сякеркаю мацуе,
        То падбяжыць і скаўзанецца,
        І сам сабе ён засмяецца;
        То спыніць крок, замрэ, застыне –
        Такая радасць тут хлапчыне!
        Лядок закохкае, угнецца
        І вось-вось зломіцца, здаецца,
        Але нястрашны і знаёмы
        Для хлопца гэтыя надломы,
        Палоскі-стрэлы гаваркія,
        І моцны скрэпы ледзяныя.
Forwarded from Екатерина Щукина
Рубрыка «Смак роднай мовы»❤️

Аўторак 🗝 - #чытаем_вершы_разам

Анатоль Грачанікаў «Свяці, кахання чыстая зара!…»

Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці - пачуццяў сэрцаў не азмрочвай -
Над доляй плугара і песняра
І над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара,
З'яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма - ёсць толькі існаванне.
Forwarded from Екатерина Щукина
Рубрыка «Смак роднай мовы»❤️

Аўторак - #чытаем_вершы_разам

Ніл Гілевіч «Родная мова»

Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была!
Мова  мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!

Ты звініш, калі я ўранку
Чую песні за акном,
I журчыш, як бае байку
Мне бабуля перад сном.

Разгарну буквар вясёлы –
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты.
Рубрыка «Смак роднай мовы»❤️

Аўторак 🗝 #чытаем_вершы_разам

Анатоль Вярцінскі «Было ў салдата два полі»

Было ў салдата два полі,
поле, дзе кветкі ірваў,
бегаў з сябрамі на волі,
і поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста
У полі яго дзяцінства,
былі агонь і дым
на полі ратным тым.

Два полі было ў салдата.
Адно зелянела травой,
другое было ўзарата
вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата два полі,
поле, дзе кветкі збіраў,
бегаў з сябрамі на волі,
і поле, дзе ён паміраў.
Forwarded from Екатерина Щукина
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 💬 - #чытаем_вершы_разам

I ўсе былі табой і не табой.
Адна ты разумела адмыслова,
Што цяжка паўтарыцца слова ў слова
I нельга цень свой засланіць сабой.

Я чуў твой голас цёмнаю парой,
Я сустракаў твой позірк выпадкова.
I ў кожнай не табе абавязкова
Шукаў не абяцаны мне спакой.

Мне б толькі ў поўні выпытаць сакрэты.
Мне б ведаць, што мой сон не існаваў,
Не верыць, што чакаеш не мяне ты,
Пакуль марудна ліставей гартаю.
Цябе, што сам сабе наканаваў,
Ужо, напэўна, так і не спаткаю.

Рыгор Барадулін.
Рубрыка «Смак роднай мовы»❤️

Аўторак 🗝 - #чытаем_вершы_разам

Анатоль Вярцінскі. Рэквіем па кожным чацвёртым.
(Эпілог. Урок спражэння)


Не забываецца той урон,
не зарастаюць прагалы...
«Дзеці, вы вывучылі урок?
Дзеці, вы праспрагалі?
Я іду,
ты ідзеш,
а ён не ідзе,
ён мёртвы.
Я пяю,
ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты.
Мы ідзём,
ідзеце вы.
Грунт пад нагамі цвёрды.
Яны не ходзяць — не жывы
кожны чацвёрты.
Любім мы,
любіце вы.
Колькі травы,
    ліствы,
        сінявы! —
Хоць сэрца насцеж разгортвай.
А каб яшчэ ды быў жывы
кожны чацвёрты!
Forwarded from Екатерина Щукина
Рубрыка «Смак роднай мовы» ❤️

Аўторак 🗝- #чытаем_вершы_разам

Янка Купала. Вясна

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы, Болей не мерзне душа ні адна, Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю Абдаравала зямельку вясна.

Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя, Сёння усталі, плывуць і бурляць; Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца, К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя, Радасна песні зайгралі свае; Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі, Свішча салоўка, і дзяцел клюе.

Поле травіцаю сочнай адзелася, Выйшла скацінка і дружна скубе, Каля скацінкі падпасвіч з жалейкаю Хадзіць навокал ды йграе сабе.

Грай, грай, жалеечка! Грай, грай, вясёлая! Выйграй з вясною і долечку мне; З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі Грай мне аб шчасці, грай аб вясне!
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 💬 - #чытаем_вершы_разам

Данута Бічэль. Роднае слова

Пад казачным дубам
над Нёманам сiнiм
хлапец прызнаваўся ў каханi
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,
шчырасцi поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агнiстае,
як Нёман празрыстае,
як казка, былiна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусiм у жыццi не пазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвiнела над хвалямi ў рэчцы.
вятрыска шаптаў яго
з лiсцем мiж гаю:
...Кахаю, кахаю...

Шапталi яго сенажаць i дуброва,
людзьмi перачутае,
некаму новае,
адзiнае, дзiўнае, светлае слова -
кахаю... кахаю...

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова "люблю" паўтараю.
Forwarded from Екатерина Щукина
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 💬 - #чытаем_вершы_разам

Якуб Колас. Не дай Божа сэрцам знікнуць.

Не дай Божа сэрцам знікнуць
І душой апасці,
Страціць веру і надзею
На жыццё і шчасце:
Бо без веры і надзеі
Ў свеце ўсё пастыла,
Бо згубіўшы сэрца крэпасць,
Чалавек — магіла.
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 🌜 - #чытаем_вершы_разам

Янка Купала. Вы кажаце.


Вы кажаце: надта пяю я нявесела,
Пацехаў нiякiх не бачу ў людзей...
Пакiньце смяяцца! Вас праўда не ўсцешыла,
Няпраўды ж не знаю ў душы я сваей.
 
Як пеў я дагэтуль, так пець не сцураюся,
Жальбою маркоцячы песню сваю;
Я ў долю народа свайго узiраюся
I толькi аб гэтым для вас тут пяю.
 
Няхай свет пазнае ўсе песнi бяздольнiка,
Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,
Быць вольным хай родзяцца думкi ў нявольнiка,
Хай быць чалавекам захоча брат мой.
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 💬 - #чытаем_вершы_разам

Кандрат Крапіва. Плеткары.

Знае ён усё на свеце,
Вестак больш, як у газеце,—
Чуў — не чуў, а навіну
Скажа вам, ды не адну;
Што і чуў, дык пераверне,
І пайшла пісаць губерня,
Бо даўгі яго язык
Да спакою не прывык.
«Вой, сястрыца! Чула дзіва?
Кажуць, сёння нарадзіла
Жонка Сцёпкі Карася
Не дзіця, а парася».
«А я чула ад Аўдолі,
Што папы дзесь раскалолі
Ўсю царкву напапалам —
Частка тут, а частка там».
«На Германію ж, казалі,
Рэпарацыі напалі,
Многа знішчылі дабра...
Гэта, кажуць, машкара.
Так жарэ, што не дай божа:
Есць траву, жывёлу, збожжа,
Лес паела дзе-нідзе,
Пераходзіць на людзей».
Вы, зязюлькі мае, цёткі,
Што за смак вам плесці плёткі?!
І мазоліць языкі
Вам, саколікі-дзядзькі?
Час і сілу дарма траціць?
Плеткарам жа мо не плацяць?
Толькі й платы бедаку,
Што мазоль на языку.

 
1922
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 🌜 - #чытаем_вершы_разам

Максім Танк. Мы вернемся

Клубамі чорнымі дым віўся,
ўгрызаўся ў вочы і ў раллю.
Мы адступалі, падпаліўшы
свае сядзібы і зямлю.

Каб там, дзе завітае вораг
або яго заблудзіць конь, —
бурлілі рэкі і азёры,
і помсты палымнеў агонь.

I ўсюды ў полі і ў акопах
фашысцкіх гадаў і іх зрок
душыў, сляпіў гарачы попел,
магільны замятаў пясок.

Настане дзень баёў апошніх.
Мы адступілі, каб было
дзе легчы ворагу на пожнях,
паросшых сіняй гавылой.

А мы шляхі вярнуцца знойдзем,
Як вырай іх знаходзіць век,
па сонцу, што над намі ўзойдзе,
па звону беларускіх рэк.
Рубрыка «Смак роднай мовы»❤️

Аўторак - #чытаем_вершы_разам

Кандрат Крапіва. Дзед і Баба.

Ехаў Дзедка на кірмаш,
З ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
 
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
 
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
 
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.
 
— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа.—
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
 
— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае.—
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
 
Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс,—
Дзе ўзяліся й ногі!
 
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж «бабы»:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
 
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
— Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
 
1925
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 🌜 - #чытаем_вершы_разам

Максім Танк. Дрэвы паміраюць...

Дрэвы паміраюць,

Калі перастаюць пазнаваць

Змены года

I не адгукаюцца рэхам;



Вада – калі забывае,

Куды ёй плыць,

I нікому не спатольвае смагі;



Зямля – калі перастае

Радзіць хлеб

I быць калыскай песняў;



Чалавек – калі страчвае здольнасць

Здзіўляцца і захапляцца

Жыццём.
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак 💬 - #чытаем_вершы_разам

Максім Багдановіч. Па-над белым пухам вішняў...

De la musique avant toute chose.
P. Verlaine*

* Музыка перш за ўсё.
П. Вэрлен (фр.)


 
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песня, –
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
Рубрыка "Смак роднай мовы" ❤️

Аўторак🌜 - #чытаем_вершы_разам

Анатоль Грачанікаў. Свяці, кахання чыстая зара...

Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці - пачуццяў сэрцаў не азмрочвай -
Над доляй плугара і песняра
І над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара,
З'яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма - ёсць толькі існаванне.