Niasvizh_museum
287 subscribers
2.49K photos
206 videos
83 files
297 links
National History and Culture Museum-Reserve «Niasvizh»
tel. + 375 (1770) 2-06-02
e-mail: [email protected]
[email protected]
222603, Leninskaya str. 19, Niasvizh, Belarus
加入频道
#30радкоўна30гадоў
▪️Адным з экспанатаў у аддзеле экскурсійнай і культурнай дзейнасці «Ратуша» музея-запаведніка «Нясвіж» з'яўляецца крэданс 2-ой паловы ХVI стагоддзя.
▪️Прабацькам крэдансаў, як і ўсіх шафаў, быў звычайны куфар. Крэданс з'явіўся ў XVI стагоддзі. Гэта невысокая шафа з адной або дзвюма дзверцамі, з шуфлядай або без яе. У сярэднія вякі гэта быў прадмет мэблі для захоўвання царкоўных прыладаў, адсюль і назва – сredo (вера).
▪️Крэдансы выраблялі з хвоі, дуба, арэха, ціса, таполі, бука. У дамах заможных людзей гэтыя прадметы мэблі выконвалі таксама і ролю дэманстрацыйнага подыума для раскошнага вытанчанага посуду, які паказваў матэрыяльны дастатак іх гаспадароў.
▪️Крэданс, прадстаўлены ў экспазіцыі ратушы, упрыгожаны рознымі фігурамі герояў антычнай міфалогіі – бога Гермеса (Меркурыя) з кадуцэем, мячом і Афіны Палады на фоне гарадскога пейзажу, а таксама алегарычнымі выявамі багіні Дэметры з пладамі ўраджаю, рогам дастатку і дзецьмі. У ніжняй частцы – ніша, закрытая задняй сценкай і чатырма разнымі ножкамі з галоўкамі анёлаў. Бакавыя панэлі, фрыз і карніз дэкараваны раслінным арнаментам.
▪️Сюжэты малюнкаў крэдансаў вызначаліся па ўзгадненні майстра з заказчыкам, яны загадзя старанна маляваліся на паперы ў адпаведнасці з модай, тэндэнцыямі таго часу. Іншы раз заказчык аддаваў сюжэты малюнкаў цалкам на волю майстра, а таксама мог прапаноўваць свае.
▪️У XVI стагоддзі частка крэдансаў будавалася ўжо ў два паверхі, падзяляючы іх шуфлядамі. У другой палове XIX стагоддзя грувасткія разьбяныя крэдансы ў стылі новага рэнесансу зноў з'явіліся ў гасціных.
▪️Залаты, срэбраны або алавяны посуд, сталовыя прыборы захоўваліся і перадаваліся ў сем'ях па спадчыне, разам з крэдансам.
#30радкоўна30гадоў

🔸У першапачатковым выглядзе Нясвіжскі замак (паводле выявы на гравюры Т. Макоўскага (пачатак XVII ст.) быў пабудаваны на паўвостраве, на правым беразе ракі Уша.

🔸Замак на плане меў чатырохкутную форму, памерамі 170×120 м, быў акружаны гліняным валам з бастыёнамі па кутах і сухім абарончым ровам з перакінутым праз яго пад'ёмным мостам.

🔸Замак быў добра абаронены, тут не было недахопу ў артылерыі, ручной агнястрэльнай зброі і ваеннай амуніцыі. У добрым стане падтрымлівалася сістэма фартыфікацый. У другой палове XVII ст. яна прайшла мадэрнізацыю.

🔸Абарончыя збудаванні замка вытрымалі шматлікія варожыя аблогі на працягу XVII-XVIII стагоддзяў. Узяць штурмам Нясвіжскі замак было даволі складана. На валах размяшчаліся буйныя артылерыйскія прылады. Па дадзеных інвентароў, колькасць іх магла дасягаць некалькіх дзесяткаў гармат розных калібраў. З боку горада да замка вёў велізарны драўляны мост, які, пры неабходнасці, можна было хутка дэмантаваць або знішчыць. Праз абарончы роў на тэрыторыю замка вёў мост, фрагмент якога быў пад'ёмным. Пралёт моста падымаўся на ланцугах, якія намотваліся на вялікія драўляныя барабаны.

🔸Існуючы сёння мост быў пабудаваны ў 1914 годзе.
#30радкоўна30гадоў
Гетманская зала
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ўся Еўропа перажывала жудасныя наступствы разбуральнай Паўночнай вайны. У гэты ж час, страціўшы свае абарончыя збудаванні, нясвіжскі замак, разрабаваны, спалены, у чарговы раз уздымаўся з попелу.
🔲
Дзякуючы таленту мясцовага архітэктара Казіміра Ждановіча, замак змяніўся і ператварыўся ў выдатны палац. Гетманская зала стала адным з яго ўпрыгожванняў. Першапачаткова яна стваралася як зала Вішнявецкіх, каб падкрэсліць родавыя сувязі Радзівілаў з гэтым сямействам, аднак у хуткім часе гісторыя змяніла яе прызначэнне і нават назву. У 1744 годзе тагачасны ўладальнік замка Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька стаў шостым прадстаўніком роду, які атрымаў пасаду гетмана вялікага літоўскага. Палац павінен быў адпавядаць новаму статусу яго гаспадара, і былая зала Вішнявецкіх ператварылася ў гетманскую залу. Яе сцены ўпрыгожвалі партрэты гетманаў ВКЛ, сцягі і штандары, партрэты вялікіх палкаводцаў. У зале ўручаліся ваенныя ўзнагароды, вырашаліся ваенныя пытанні, а ўсім сваім аздабленнем яна ўслаўляла ратную славу гаспадароў палаца.
🔲
Напачатку XX стагоддзя ў былой гетманскай зале размяшчалася вялікая бібліятэка, а ў перыяд існавання ў замку санаторыя яна выкарыстоўвалася ў якасці більярдавай. Знакаміты більярд “Манарх”, які зараз з’яўляецца гордасцю экспазіцыі музея-запаведніка “Нясвіж”, калі ў замку быў санаторый, стаяў менавіта ў гэтай зале.
🔲
Другое нараджэнне гетманскай залы адбылося ў перыяд апошняй рэстаўрацыі. Вялікія паддашкавыя прасторы былых прыдворных мастацкіх майстэрняў дазволілі павялічыць аб'ём памяшкання, дадаўшы ў сістэму яго асвятлення вокны другога святла. У наш час зала не толькі ўваходзіць у музейны маршрут, але і выконвае функцыі вялікай канферэнц-залы музея-запаведніка.
#30радкоўна30гадоў
У 2023 годзе Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку "Нясвіж" спаўняецца 30 гадоў.
У свой юбілейны год музей-запаведнік працягвае дэманстраваць наведвальнікам арыгінальныя прадметы з фондавых калекцый, якія ўвесь час папаўняюцца новымі аб’ектамі. Навуковыя супрацоўнікі праводзяць вялікую работу па вывучэнні гісторыі іх ўзнікнення і бытавання. Рэстаўратары старанна працуюць над аднаўленнем унікальных элементаў, страчаных за час існавання кожнага асобнага прадмета. І сёння, наведваючы пастаянную экспазіцыю Палацавага ансамбля XVI - XIX стст. і гарадской ратушы XVI - XVIII стст., можна бачыць вынік цеснай і зладжанай сумеснай працы структурных падраздзяленняў музея-запаведніка.
Апроч багатай пастаяннай экспазіцыі музей-запаведнік рэалізаваў мноства цікавых, незвычайных і пазнавальных выставачных праектаў. Дзве выставачныя залы палаца з сучасным вітрынным абсталяваннем і асвятленнем дазваляюць дэманстраваць праекты рознай тэматыкі і накіраванасці.
У гонар 30-гадовага юбілею музея-запаведніка быў створаны выставачны праект "Упершыню экспанат. Са збораў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж". У вялікай выставачнай зале прадстаўлена 465 прадметаў. Частка з іх экспануюцца ўпершыню. Сярод іх — выдатныя ўзоры выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва, помнікі археалогіі, традыцыйна-бытавой этнаграфіі, кнігі, дакументы і фатаграфіі, каштоўныя манеты розных перыядаў, унікальныя мінералы і шмат іншага. Экспанаты падзелены на 9 тэматычных блокаў, у кожным з якіх сабраны прадметы пэўнай фондавай калекцыі.
Для больш падрабязнага знаёмства з цікавымі, малавядомымі ці забытымі фактамі пра прадметы, прадстаўленыя на выставе, распрацаваны тэматычныя квэсты "Фандавічкі" і "Музейны алфавіт".
#30радкоўна30гадоў

❄️ Шпацыруючы вакол палацавага комплекса, з паўночнага боку вала, можна ўбачыць парослую мохам сцяну з акенцам. Гэта — лядоўня, збудаванне XVIII стагоддзя, дзе захоўваўся запас прадуктаў.

❄️ Лядоўня уяўляе сабой прасторнае падземнае збудаванне, падзеленае на два ярусы, звязаныя лесвіцай. У халодную пару года верхні ярус лядоўні запаўняўся лёдам, пласты перакладалі саломай альбо пілавіннем. Так запавольвалі працэс раставання лёду.

❄️ У падлозе былі пракладзены невялікія каналы, праз якія ў замкавы роў выцякала адталая вада. Праз акенца лядоўні выкідалі рэшткі падталага за лета лёду, каб вызваліць месца для новага.

❄️ На ніжнім ярусе знаходзіцца шэраг злучаных паміж сабой прасторных памяшканняў, дзе і захоўваліся прыпасы. Уваход у лядоўню размяшчаецца ў Інтымным дворыку палацавага комплекса.

❄️ На сённяшні дзень лядоўня зачынена для наведвання і з'яўляецца службовым памяшканнем.
#30радкоўна30гадоў
🔸 Гісторыя скарба медных манет
🔸У прасторы музейнай экспазіцыі ”Скарбніца” гарадской ратушы знаходзіцца скарб старадаўніх манет, знойдзеных пад зямлёй у цэнтры Нясвіжа.
🔸 У пачатку кастрычніка 2002 года ў гістарычнай часцы горада праводзіліся археалагічныя назіранні ў зоне правядзення рамонтных работ па вуліцах Ленінскай і Савецкай у раёне ратушнай плошчы. Было выкапана 2 траншэі шырынёй па 1 метры і працягласцю 20 і 16 метраў. На глыбіні 1,35 - 1,45 м вызначаны слой попелу, які можа сведчыць аб буйным пажары. У першай траншэі на глыбіні 1,64 м пад абломкамі будаўнічага смецця, якое складалася з цэглы, керамікі і кафлі, быў знойдзены скарб з 1882 манет дробных наміналаў XVII – XVIII стст., такіх як: паўтара гроша і соліды Рэчы Паспалітай, шылінгі Шведскай Прыбалтыкі, капейкі Расійскай дзяржавы. Манеты знаходзіліся ў чырвоным гліняным гаршчку, пакрытым унутры бескаляровай палівай, і запаўнялі яго да верху. Захаванасць манет адзначаецца як добрая, аднак па розным прычынам значная іх частка страціла важныя для атрыбуцыі і аналізу дэталі. Старэйшая манета кладу – паўтарак Сігізмунда ІІІ Вазы 1623 года, малодшая манета – капейка Пятра І 1703 года.
🔸 Зыходзячы з году выпуску малодшай манеты скарба (1703), можна з вялікай доляй упэўненасці выказаць здагадку, што скарб схавалі ў сувязі з баявымі падзеямі падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг. Калі 14 сакавіка 1706 года тры батальёны шведскіх драгун пад камандаваннем падпалкоўніка Траутфетэра з боем занялі Нясвіж, Траутфетэр загадаў падпаліць горад. А 10 мая 1706 года шведскае войска зноў увайшло ў горад на чале з Карлам ХІІ і ўсе пабудовы, якія засталіся пасля падпалу ў сакавіку, акрамя касцёлаў і кляштароў, былі спалены.
🔸 Слой попелу і будаўнічага смецця гаворыць аб тым, што пабудова (магчыма, гэта быў магазін) была спалена ў перыяд паміж 14 сакавіка і 10 мая 1706 года, перад гэтым там быў закапаны гліняны гаршчок, запоўнены дробнымі манетамі, якія ўбачылі свет толькі праз 300 гадоў.
#30радкоўна30гадоў

Адным з аксесуараў касцюма жанчыны XII-XIV стагоддзяў з'яўляўся шкляны бранзалет. Гэтае жаночае ўпрыгажэнне, вядомае яшчэ з часоў Старажытнага Рыма, трапляла на нашу тэрыторыю з Візантыі, дзе станавіліся неад'емнай часткай касцюма заможных гараджанак, сярод якіх спачатку распаўсюдзілася замежная мода.
💍
Калі пачалі працаваць рускія майстэрні па вырабе навінкі, шкляныя бранзалеты сталі насіць і сялянкі. Формула візантыйскіх бранзалетаў значна адрознівалася ад шкла “рускай школы”. Склад візантыйскай шкляной масы ўзыходзіць да раннесярэднявечнай школы шклаварэння, і таму ў літаратуры яго прынята называць «антычным». Візантыйцы выкарыстоўвалі соду,вапну і пясок.
💍
Варта дадаць, што па складзе шкла можна з дакладнасцю ўсталяваць, дзе былі выраблены бранзалеты, паколькі яго аснова нязначна, але адрознівалася ў залежнасці ад горада. Да прыкладу, у Ноўгарадзе ў шкляную масу дадавалі вокіс сурмы, у полацкіх бранзалетах выявілі дамешак шчолачнай зямлі, у Смаленску майстры дадавалі срэбра і волава.
💍
Пры раскопках сустракаюцца бранзалеты розных колераў і формаў: сінія, блакітныя, зялёныя, бірузовыя, чырвоныя, чорныя, жоўтыя, празрыстыя і глухія, круглыя і плоска выпуклыя, абвітыя шклянымі каляровымі ніткамі, інкруставаныя ўстаўкамі з рознакаляровага шкла.
💍
Невялікая колькасць шкляных упрыгожванняў трапіла ў фонды музея-запаведніка “Нясвіж” і зараз прадстаўлена на юбілейнай выставе “Упершыню экспанат”.
💍
1. Рэканструкцыя аблічча старажытных славянак і спосабы нашэння ювелірных упрыгожванняў ў 11-13 стагоддзях. Мастак — Алег Уладзіміравіч Фёдараў.
2. Бранзалеты на выставе музея.
#30радкоўна30гадоў
🌟Непрыкметна да нас крочыць Новы год, а гэта азначае, што атмасфера на аб’ектах музея-запаведніка “Нясвіж” зараз нагадвае работу сапраўднай творчай лабараторыі. Яшчэ некалькі штрыхоў – і ў кожным куточку палаца можна будзе па-сапраўднаму адчуць хуткае набліжэнне чароўных зімовых святаў, іх цеплыню і хараство.

🎄 І хоць сёлета музею-запаведніку “Нясвіж” споўнілася 30 гадоў, традыцыя ўпрыгожваць залы палаца, ратушы, сувенірных крамаў і аб’ектаў грамадскага харчавання з’явілася адносна нядаўна. І вось каля 30 ялінак, аздобленых у розных залах у самых разнастайных тэматыках, упрыгожваюць палацавы ансамбль. І кожная “зялёная прыгажуня” па-свойму падкрэслівае багацце, пышнасць, вытанчанасць той ці іншай залы. Напрыклад, навагоднія цацкі ў Паляўнічай зале арганічна дапаўняюць яе інтэр’ер: тут вам і санкі, і алені, і паляўнічы рог – усё нагадвае пра забаву, якую калісьці любілі ўладальнікі палаца. Пакоям княгіні, дзе пераважаюць спакойныя светлыя колеры, надзвычай пасуе белая ялінка. А елка ў Залатой зале – сапраўднае адлюстраванне раскошы і шыку. У капліцы – навагодняя інсталяцыя на біблейскія сюжэты. Нікога не пакідае абыякавым высокая пышная “навагодняя прыгажуня” ў цэнтральным двары палацавага ансамбля. А стыльнае ўбранне ў магазінах “Крэдэнс” і “Сувеніры” так і вабіць на пошукі незвычайных падарункаў для сваіх блізкіх!

🎹 Але не толькі сваім шыкоўным святочным аздабленнем і чароўнай атмасферай прыцягвае ў гэты час музей-запаведнік: наведвальнікаў чакае цікавая і разнастайная навагодняя праграма. Ужо 24 і 25 снежня ў Тэтральнай зале пройдуць традыцыйныя канцэрты класічнай музыкі, асабліва папулярны і адметны з іх – гэта, безумоўна, “Калядная ноч у замку”. Толькі ўявіце сабе: вечар, ззянне агеньчыкаў на ялінках, камінах, Параднай лесвіцы. На шляху да Тэатральнай залы даносяцца гукі чароўнай музыкі, і нарэшце – сама неверагодная канцэртная праграма… Ці не цуд?..

👑 👗 🎀 У перыяд з 2 да 4 студзеня для гасцей палаца падрыхтавана спецыяльная экскурсійная праграма пад назвай “Модны праменад” . Але не будзем загадзя раскрываць усе сакрэты.

🎶 🎷 🎺 Ужо 5 студзеня замак будзе патанаць у джазавых рытмах. У гэты дзень Тэатральная зала зноў збярэ ўсіх прыхільнікаў гэтай “інтэлектуальнай” музыкі падчас двух канцэртаў “Калядны джаз”.

👠 6 студзеня ўвазе нашых юных наведвальнікаў мы прапануем музычны спектакль для дзяцей «Крыштальны чаравічак» паводле вядомай казкі Шарля Перо «Папялушка» ў выкананні артыстаў Белдзяржфілармоніі.

Далучайцеся да цудоўнай атмасферы зімовых святаў і прыемных прыгод, правядзіце час весела і пазнавальна! Няхай наведванне музея-запаведніка стане незабыўнай падзеяй у чарадзе навагодніх мерапрыемстваў і падорыць вялікім і маленькім гледачам цудоўны настрой і добрыя ўспаміны.
#30радкоўна30гадоў
Парадная лесвіца нясвіжскага палаца

Цэнтральная парадная лесвіца з'яўляецца галоўнай архітэктурнай дамінантай амаль кожнага вядомага палаца, і Нясвіжскі палац князёў Радзівілаў не з'яўляецца выключэннем.


Парадныя ўсходы існуюць у нясвіжскім замку з моманту яго пабудовы ў канцы XVI стагоддзя і з моманту рэканструкцыі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя практычна не змяніліся. Лесвіца вядзе з галоўнага хола на трэці паверх палаца ў Залатую залу.

Сцены ўсходаў упрыгожваюць дзівосныя фрэскі, выкананыя ў рэдкай тэхніцы грызайль у 1751-1753 гадах прыдворнымі мастакамі князёў Радзівілаў. Класічны сюжэт сярэдзіны XVIII стагоддзя адсылае нас да антычнай і рымскай міфалогіі. Выявы грэчаскай багіні Афіны Палады і рымскай Вікторыі суседнічаюць са шматлікімі выявамі ваеннай сімволікі і атрыбутыкі.

У 1950-ых гадах на часткі фрэсак XVIII стагоддзя былі накладзены партрэты Кутузава, Суворава і Аляксандра Неўскага з выявамі трох вышэйшых ваенных ордэнаў УС СССР, заснаваных у гонар гэтых вялікіх ваеначальнікаў. Падчас апошняй рэстаўрацыі дадзеныя сюжэты былі ліквідаваны, а на іх месцах з’явіліся імітацыі вакон.

Рэдкая тэхніка, у якой выкананы фрэскі, надае малюнкам аб'ём і рэалістычнасць, а ўключаныя ў сюжэт выявы геральдычных элементаў і вензеляў гаспадароў палаца дадаюць размалёўкам неабходную статуснасць і арыстакратычнасць.

Прыгожа дапаўняюць дэкор парадных усходаў каваныя парэнчы, якія захаваліся да нашага часу. Іх мудрагелісты ўзор мае працяг у манументальным жывапісу на сценах, які быў выяўлены падчас рэстаўрацыйных работ і якія ўдалося захаваць.

Дзіўна гарманічным завяршэннем агульнай кампазіцыі парадных ўсходаў служыць велізарны маляўнічы плафон сярэдзіны XVIII стагоддзя на столі. Яго памеры 6х6 метраў, ён выкананы на палатне невядомым мастаком і паказвае багіню ранішняга світання Аўрору.

Ансамбль параднай лесвіцы з'яўляецца ўнікальнай часткай інтэр'ераў нясвіжскага палаца, а яго агляд ва ўрачыстыя дні становіцца выдатным дадаткам да звычайнага экскурсійнага маршруту.
#30радкоўна30гадоў

🔸 Прыкладна з канца XIX ст. ў нясвіжскай ратушы размясцілася гарадская адміністрацыя, якая выконвала свае функцыі да 1939 г.

🔸Падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. на другім паверсе ратушы размяшчалася адміністрацыя мясцовага самакіравання, на першым знаходзіліся памяшканні настаўніцкай семінарыі, спартыўная зала, гарадская бібліятэка. Пасля 1945 г. тут знаходзіўся раённы Дом культуры, пазней — Дом піянераў і школьнікаў, дзіцячая бібліятэка, вячэрняя школа.

🔸 Новае жыццё будынак ратушы атрымаў пасля рэстаўрацыі, якая праводзілася з 1997 г. па 2004г. Ратушную вежу аднавілі пасля пажару 1836 г., пяты і шосты ярус-васьмерыкі былі перакрыты гранёным купалам. Вышыня вежы — 42 м з флюгерам, (без флюгера – 38 м), на вышыні 26 м устаноўлены гадзіннік Арлоўскага гадзіннікавага завода з чатырма цыферблатамі, якія сімвалізуюць чатыры бакі свету. Цяпер тут размяшчаецца музейная экспазіцыя.

🔸У частцы памяшканняў на першым паверсе доўгі час размяшчаўся рэстаран. 2 ліпеня 2016 г. тут урачыста адкрылася дзіцячае кафэ. Кафэ “Батлейка” прываблівае сваёй утульнай атмасферай і салодкімі прысмакамі не толькі самых маленькіх наведвальнікаў, але і ўсіх жадаючых. Тут таксама можна замовіць правядзенне дня нараджэння ці іншае забаўляльнае мерапрыемства.🎉 🎉 🎂