Матуля Беларусь
187 subscribers
39.2K photos
686 videos
1 file
3.36K links
加入频道
НАШЫ АСОБЫ.
ФЁДАР ЕЎЛАШОЎСКІ.

7 лютага -
дзень нараджэння грамадзскага дзеяча ВКЛ і пісьменніка ЕЎЛАШОЎСКАГА Фёдара Міхайлавіча (1546- пасля 1616).

Нарадзіўся ў Ляхавічах. Навагрудскі шляхціч.

Самастойна набыў веды па матэматыцы, юрыспрудэнцыі і інш. Удзельнік Лівонскай вайны. У 1566 г. прыняў кальвінізм. Па даручэнню наваградскай шляхты быў павятовым паслом на Люблінскім (1569 г.) і Варшаўскім (1579 г.) сеймах. Удзельнічаў у выпрацоўцы дзяржаўна- прававога дакумента - "Трыбунала Вялікага княства Літоўскага". Быў адвакатам у Навагрудку.

З літаратурнай спадчыны Ф.Еўлашоўскі пакінуў дыярыуш - самы ранні помнік мемуарнага жанру (канец 16 - пачатак 17 ст.) Ён напісаны на ліцьвінска- польскім жаргоне службовых асоб таго часу. Адметнасць твора - багатая персаналія, якая ўключая некалькі соцень імёнаў; знайшлося месца на старонках мемуараў і для ўласнага бацькі.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
УЛАДЗІМІР ЛЯПЁШКІН.
ПАЭЗІЯ.

8 лютага -
дзень нараджэння беларускага паэта, педагога Уладзіміра ЛЯПЁШКІНА (1928 - 1994).


Нарадзіўся ў вёсцы Церабель Пухавіцкага раёна. Закончыў літаратурны факультэт Мінскага педінстытута (1951). Працаваў у школах Мінска настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, завучам, дырэктарам.
Друкавацца пачаў у 1949 г. Заслужаны настаўнік БССР.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
АЛЯКСАНДР РЫПІНСКІ.
ЛІТАРАТУРА.

Сёлета спаўняецца
216 гадоў з дня нараджэння беларускага і польскага паэта, фалькларыста РЫПІНСКАГА Аляксандра Феліксавіча (1809 - 1900?).


Нарадзіўся ў вёсцы Кукавячына Віцебскага раёна. Скончыў
Віцебскую гімназію. Удзельнічаў у паўстанні 1830-31 гг.,змагаўся ў адным з атрадаў што дзейнічаў на Віцебшчыне. Пасля эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з Міцкевічам.

У 1840 г. у Парыжы надрукаваў этнографа- фалькларыстычнае даследаванне "Беларусь", у якім даў агляд розных жанраў вусна- паэтычнай творчасці беларускага народа. У канцы 40-х гг. пераехаў у Лондан. Там заснаваў свабодную друкарню, дзе была выдадзена беларуская балада "Нячысцік"(1853).
У 1859 г., пасля амністыі, вярнуўся на радзіму, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры. Памёр каля 1900 г. у маёнтку Страганы.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
МАКСІМ ГАРЭЦКІ.
ЛІТАРАТУРА.

18 лютага -
дзень нараджэння беларускага пісьменніка
ГАРЭЦКАГА Максіма
Іванавіча (1893 - 1939).


Нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. У 1-ю Сусветную вайну быў цяжка паранены на фронце. Працаваў у гарадскім савеце Смаленска, супрацоўнічаў у газеце "Звязда". З 1923 г. жыў у БССР. Выкладаў беларускую літаратуру ў навучальных установах Мінска і Горак, быў правадзейным членам Інбелкульта, вёў даследчую работу.

Друкаваўся з 1912 г.. У 1914 г. выдаў зборнік апавяданняў "Рунь". Максім Гарэцкі адзін з пачынальнікаў беларускай нацыянальнай літаратуры. Кнігай запісак "На імперыялістычнай вайне" ён паклаў пачатак дакументальнаму жанру ў беларускай літаратуры. Адным з першых звярнуўся да адлюстравання гістарычнага мінулага нашага краю. Збіраў і вывучаў беларускі фальклор,аўтар "Гісторыі беларускае літаратуры", "Хрэстаматыі беларускае літаратуры".

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
КЛІМ ГРЫНЕВІЧ.
ПАЭЗІЯ.

18 лютага -
дзень нараджэння беларускага паэта ГРЫНЕВІЧА Кліма Лазаравіча (1912 - 1941).


Нарадзіўся ў вёсцы Шасцёраўка Клімавіцкага раёна. У 1930 г. студэнт Рагачоўскага педінстытута, у 1932 г. - Мінскага вышэйшага педінстытута. У 1932 г. рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан на два гады. Працаваў будаўніком, карэктарам у друкарні, у рэдакцыях газет, настаўнічаў у Казахстане і Калінінскай вобласці. У 1937 - 41 гг. завочна вучыўся ў Ленінградскім імя Герцэна педінстытуце. Друкаваўся з 1930 г. Пісаў лірычныя вершы пра каханне, хараство прыроды, любоў да Радзімы. У 1932 г. К.Грыневіч выдаў зборнік "На бераг". Памёр у 1941 г. ад сухотаў.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
ЯКУБ БРАЙЦАЎ.
ПАЭЗІЯ. ДРАМАТУРГІЯ.

19 лютага -
дзень нараджэння празаіка, драматурга, паэта БРАЙЦАВА ЯКУБА (Якава Раманавіча, 1861 - 1931).


Нарадзіўся ў вёсцы Забялышын Хоцімскага раёна. З сялян. Скончыў Клімавіцкае павятовае вучылішча. Працаваў у Забялышыне. Выдаў кнігу "Багацеі. Аповесць з беларускага простанароднага жыцця" (1889 г., Масква). У сваіх творах пісаў пра сацыяльную несправядлівасць, гаротнае жыццё пры паншчыне, барацьбу з прыгнятальнікамі. У 1920-я гады супрацоўнік "Крестьянской газеты" у Маскве. У 1925 г. па стану здароўя пераехаў у вёску Забялышын, дзе ў школе выкладаў курс земляробства. Пахаваны ў Забялышыне Хоцімскага раёна.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
ЯН ЦАДРОЎСКІ.
МЕМУАРЫСТЫКА.

3 сакавіка - дзень нараджэння грамадскага дзеяча, пісьменніка-мемуарыста ЦАДРОЎСКАГА Яна Янавіча (1617 - 1682?).

Нарадзіўся ў шляхецкай кальвінісцкай сям’і ў вёсцы Пагост пад Слуцкам. Вучыўся ў Крулявецкім (Прусія) і Ягелонскім (Кракаў) універсітэтах. З 1637 г. знаходзіўся на службе ў Б.Радзівіла, з якім падарожнічаў па Заходняй Еўропе. У 1660 г. правёў дывізію Чарнецкага ад Свержаня да ракі Бярэзіны. Меў вялікі аўтэрытэт сярод шляхты Мінскага ваяводства. Пісаў на польскай мове. Аўтар мемуараў у якіх адлюстраваны поруч з біяграфічнымі звесткамі гістарычныя і грамадскія падзеі; змешчаны таксама марціролаг блізкіх людзей.

У поўным выглядзе ўспаміны Цадроўскага надрукаваны ў кнізе "Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVII ст.", якая выйшла ў 1983 г. ў выдавецтве "Навука і тэхніка".

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
ІВАН БЯЛЬКЕВІЧ.
МОВАЗНАЎСТВА.

6 сакавіка -
дзень нараджэння беларускага мовазнаўца БЯЛЬКЕВІЧА Івана Кандратавіча (1883 - 1960).


Нарадзіўся ў вёсцы Варонічы Слонімскага павета. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, БДУ. З 1927 г. навуковы супрацоўнік Інбелкульта і Інстытута мовазнаўства АН БССР. Аўтар артыкулаў па беларускім мовазнаўстве, "Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны". Арыштаваны ДПУ БССР 17 лютага 1930 г. і сасланы на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Працаваў на лесапавале. Пасля вызвалення выехаў у Данецкую вобласць. Да канца жыцця не атрымаў дазволу вярнуцца на Радзіму.

#ViktarKaval
НАША ВЕРА.
СВЕДЧАННЕ ЭПОХІ.

11 сакавіка 1931 г.
У СССР быў забаронены продаж і завоз у краіну БІБЛІІ.


#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
АЎГІННЯ КАВАЛЮК.
ЛІТАРАТУРА.

13 сакавіка -
дзень нараджэння беларускай паэтэсы Аўгінні КАВАЛЮК (1934 - 2007).


Нарадзілася ў вёсцы Стральцы Гродзенскага павета. Бацька, Сідарэвіч Трафім, быў асуджаны як "вораг народа" і адбываў у ГУЛАГу 15 гадоў.
У 1954 г. скончыла беларускую школу ў Гродна, а ў 1959 - гістарычна- філалагічны факультэт Гродзенскага педінстытута. Першы верш быў змешчаны ў школьнай насценгазеце.
Па сямейных абставінах пераехала ў Рыгу і ў 1954 - 78 гг. працавала настаўніцай.
З 1987 г. жыла ў Ленінградзе, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці беларусаў.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 г.

МАЯ БЕЛАРУСЬ

Ты мой лёс,
Ты мая доля.
Тут мяне маці
Згубіла ў полі,
А бусел знайшоў,
Пасадзіў на грушу.
Таму, мой куток,
Любіць цябе мушу.

#ViktarKaval
НАША ГІСТОРЫЯ.
ГАРАДНАЯ : ГЕРБ.

17 сакавіка 1792 г.
гадавіна падцвярджэння герба ГАРАДНОЙ.


Гарадная ўпамінаецца ў гістарычных дакументах пад 1592 годам.

Вядома як цэнтр ганчарнай вытворчасці.

У час вайны 1648 -54 гадоў была спалена татарамі, захоплена ў палон 700 яе жыхароў. З 1579 г. карысталася магдэбургскім правам, якое было пацверджана ў 1670 і 1753 гг. Уваходзіла ў Пінскі павет Берасцейскага ваяводства.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) - мястэчка Церабежаўскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1803 г. сяляне Гарадной дамагаліся вызвалення ад прыгону. У 1921 - 1939 гг. - у складзе Польшчы.

Цяпер Гарадная - вёска ў Столінскім раёне.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
ІВАН АЗЁМША.
ЛІТАРАТУРА.

Сёлета спаўняецца
174 гады з дня нараджэння беларускага казачніка АЗЁМШЫ Івана Паўлавіча (1841-1916).


Нарадзіўся і жыў у вёсцы Лучыцы, Петрыкаўскі раён.

У яго рэпертуары былі легенды, паданні, казкі, апавяданні на фантастычныя і касмаганічныя сюжэты. У кнізе Аляксандра Сержпутоўскага "Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў"(1911) 32 запісаны ад Івана Азёмшы.

#ViktarKaval
НАША ВЕРА.
БАГАРОДЗІЧНАЕ СВЯТА.

ІКОНА БОЖАЙ МАЦІ МАГІЛЁВА-БРАЦКАЯ.

1 красавіка
Магілёва-Брацкае іконы
Божае Маці.


Знаходзілася ў Богаяўленскім саборы Брацкага манастыра Магілёва. Яўленне і першы цуд, які праславіў ікону, адбыўся ў 1655 г., калі па малітвах жыхароў яна выратавала горад падчас маскоўскай аблогі. У манастыры захоўваўся рукапісны зборнік ХVII ст. з апісаннем цудаў. У канцы ХІХ ст. тая кніга знаходзілася ў Магілёўскім царкоўна- археалагічным музеі. У 1910 г. падчас спусташальнага пажару заступніцтвам Божае Маці быў выратаваны ад агню гістарычны цэнтр горада разам з Брацкім манастыром. Цяпер шанаваны спіс Магілёва- Брацкага вобраза знаходзіцца ў кафедральным Трохсвяцкім саборы Магілёва.

#ViktarKaval
НАША ВЕРА.
БАГАРОДЗІЧНЫ КАЛЯНДАР.

4 красавіка - дзень ушанавання
НОВА-СВЕРЖАНСКАЙ
іконы Божае Маці.


Ва Успенскай царкве вёскі Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна да 1961 г. захоўваўся цудатворны вобраз Маці Божай. Па паданні ікона была знойдзена каля 1500 года ў лесе на дрэве, на месцы, дзе цяпер стаіць царква.
У 1650 г. малітоўна звярнуўшыся да Божай Маці перад Яе іконай, ацаліліся Аляксандр Людвік Радзівіл, яго жонка Лукрэцыя Марыя, дачка Цэцылія, а таксама надворны падскарбій Багуслаў Слушка. Хрысціна Яўфімія Радзівіл засведчыла, што Маці Божая Свержанская адвярнула пажар ад двара ў поле. Пасля гэтага Радзівіл стаў вялікім прыхільнікам іконы і пажадаў, каб была выдадзена кніжка пра цуды. Том ўбачыў свет.

У канцы ХІХ ст. для іконы быў зроблены аклад з вянцамі і каронамі. Абраз захоўваўся ў царкве да 1960-х.

Меркаваць пра іканаграфію можна па металічнай гравюры, выкананай да кніг. Спецыялісты адносяць паходжанне іконы да ХVI ст. і лічаць яе адным з лепшых узораў беларускага іканапісу.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
ІВАН ЧЫГРЫН.
ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА.

10 красавіка -
дзень нараджэння беларускага літаратуразнаўца і крытыка ЧЫГРЫНА Івана Пятровіча (1931 - 2006).


Нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета. Скончыў БДУ. Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. Кандыдат філалагічных навук. Друкаваўся з 1959 г. Аўтар манаграфій, артыкулаў, каментарыяў. Складальнік збораў твораў беларускіх пісьменнікаў: "Выбраныя творы" Ядвігіна Ш, "Веснаход" (апавяданні "Маладняка").

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
МАРЫЯ БАРСТОК.
ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА.

15 красавіка -
дзень нараджэння крытыка і літаратуразнаўцы БАРСТОК Марыі Мікітаўны (1916 - 1994).


Нарадзілася ў вёсцы Наркавічы Верхнядзвінскага раёна. Скончыла БДУ. Кандыдат філалагічных навук. Друкавалася з 1938 г. Аўтар прац пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Пісала вершы, выступала з артыкуламі па пытаннях дзіцячай літаратуры.

#ViktarKaval
НАША ВЕРА.
ХРЫСЦІЯНСКІ КАЛЯНДАР.

СВЯТА БАГАРОДЗІЧНАЙ ІКОНЫ.

21 красавіка - дзень
Пружанскай іконы
"ПЛАЧ БАГАРОДЗІЦЫ".


Знаходзіцца ў Пружанскай Аляксандра-Неўскай царкве і адносіцца да тыпу "Распяцце".

Па сведчанні, 9 красавіка 1934 г. адбыўся цуд: з вачэй Божай Маці на іконе ля Распяцця сталі выцякаць слёзы. Даследаванне з’явы падцвердзіла яе цудоўнае паходжанне.

22 красавіка 1934 г. для ўшанавання іконы ў Пружаны прыбыў архіепіскап Палескі і Пінскі Аляксандр (Іназемцаў), які адслужыў Літургію і дабраславіў штогад у Светлую Пятніцу здзяйсняць святочнае богаслужэнне ва ўспамін пра цудоўную падзею.

Гэтае дабраславенне выконваецца ў храме і сёння.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
УЛАДЗІМІР КОНАН.
ФІЛАСОФІЯ.

23 красавіка -
дзень нараджэння беларускага філосафа, гісторыка КОНАНА Уладзіміра Міхайлавіча (1934 - 2011).


Нарадзіўся ў вёсцы Вераскова Навагрудскага павета. Скончыў у 1959 г. гістарычны факультэт БДУ. У 1961 г. паступіў у аспірантуру інстытута філасофіі і права АН БССР, якую скончыў у 1965 г. У 1981 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1982 г. У 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
АЛЕСЬ ПЕТРАШКЕВІЧ.
ЛІТАРАТУРА.

1 траўня -
дзень нараджэння беларускага пісьменніка, драматурга Алеся ПЕТРАШКЕВІЧА (1930 - 2012).


Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Талачынскім раёне. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1955).
Друкавацца пачаў ў 1954 г. У 1961 г. стаў членам Саюза журналістаў Беларусі, у 1974 г. членам Саюза пісьменнікаў БССР. Член Беларускага саюза тэатральных дзеячоў з 1970 г. Кандыдат гістарычных навук. Заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1991 - 1998 г.г. кіраваў цэнтрам па выданні гісторыка- дакументальных хронік "Памяць".
У маі 2024 г. кніга "Выбраныя творы" Алеся Петрашкевіча з серыі "Беларускі кнігазбор"(2017) прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

#ViktarKaval
НАШЫ АСОБЫ.
НІНА ВАТАЦЫ.
БІБЛІЯГРАФІЯ.

14 траўня - дзень нараджэння бібліёграфа-даследчыцы ВАТАЦЫ Ніны Барысаўны (1908 - 1997).

Нарадзілася ў горадзе Вендэн, Ліфляндыя (Цэсіс, Латвія). Закончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт. З 1930 г. працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР ( з 1945 г. - галоўны бібліёграф).

Сёння Ніна Ватацы вядома як адзін з самых дасведчаных, сур’ёзных даследчыкаў жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Гэтай працы аддадзена амаль 25 гадоў. Напісаны бібліяграфічны даведнік "Макcім Багдановіч", складзены зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў "Шлях паэта", выдадзена праца "Максім Багдановіч. Паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры", брашура "Песня Максіма". Калі было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Мінску музея Максіма Багдановіча ўсе сабраныя ёю матэрыялы даследчыца падарыла музею.
Заслужаны дзеяч культуры БССР.

#ViktarKaval