Лёгкая Мова
4.36K subscribers
1.12K photos
54 videos
1 file
38 links
Створана зь любоўю да беларускае мовы і беларусаў 🩵

Тэрыторыя клясычнага правапісу 😌
加入频道
ПЫ́СА (pysa)

1. Ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл.

🔸Карова працягвае пысу, ліжа руку шурпатым цёплым языком. (Асіпенка).
🔸Конь .. шумна фыркнуў, дакрануўся пысай да вады, але піць не захацеў. (Хомчанка).
🔸З суседняга пакоя выйшаў сабака, прыязна абцёрся аб мае ногі і паклаў пысу мне на калені. (Карпюк).

2. Размоўнае слова, грубае: твар.

🔸Дзядзька вырывае з маіх рук лыжку, строга загадвае: — Пысу памый! (Жычка).
#словы_П
Як сказаць па-беларуску "ВЗАПЕРТИ"?

Проста! "ПАД ЗАМКОМ".
НАМЁТ (namiot)
(назоўнік, мужчынскі род)

Часовае, звычайна летняе памяшканьне зь непрамакальнай тканіны або скуры (нацягнутай, як правіла, на каркас).

🔸Пэтсан разгарнуў намёт. Ён адразу ж пазнаў пах старой тканіны, узгадаўшы, як утульна было калісьці спаць у намёце.
#словы_Н
ПЕ́РНІК (piernik)
(назоўнік, мужчынскі род)

Салодкае печыва на мёдзе, патацы або цукры з духмянымі прыправамі.

🔸Мядовы пернік.
🔸Мятны пернік.
🔸Пад вечар маці напякла салодкіх пернікаў, паставіла на стол вяндліну і паўкварты мёду. (С. Александровіч).
#словы_П
Ці ведаеце вы, што такое тут лёля? 💁

Лёля — гэта сарочка!

А цяпер беларускія адпаведнікі ''С МИЛЫМ РАЙ И В ШАЛАШЕ'':

🔸Хоць у будане жыць, абы з каханым быць
🔸Хоць пад лаўкаю сядзець, абы на харошага глядзець
🔸Хоць без хлеба пасяджу, але ж на любага пагляджу
🔸Хоць у адной лёлі (сарочцы), абы па любові

Усім каханьня! ❤️❤️❤️
#прымаўкі #прыказкі
СУМЁТ (sumiot)
(назоўнік, мужчынскі род)

Намеценая ветрам гурба сьнегу.

🔸Ужо больш месяца ляжыць сьнег, намяло высокія сумёты на вуліцы, на гародах. (Шамякін).
🔸Адна дэталь, і чытач ужо бачыць сьнежныя сумёты, чуе, як рыпіць сьнег. (Грахоўскі).
#словы_С
СЬЦЮЦЮ́РЫЦЦА (ściuciurycca)
(дзеяслоў, закончанае трываньне)

Сьцюцюрыцца, сьцяцюрыцца, счучурыцца — прытуліцца, сьціснуцца, скружніцца, суцішыцца.

🔸Як толькі вечар, яны каля бацькі сьцюцюрацца.
🔸Малы з холаду сьцяцюрыўся, аж будзіць балюча.
🔸Селі пад ёлачку, счучурыліся ўдваіх.

Слова "сьцюцюрыцца" — зь Віцебшчыны.
Сьцюцюрыцца можна ад холаду, страху.
#словы_С
Як усё ж завецца гэтае цудоўнае дрэва?🌲 А што тады такое ёлка? Распавядаем 😉

Паводле В. Вячоркі:

✏️Cлова ёлка ў значэньні адпаведнага дрэва ведаюць асобныя беларускія гаворкі — напрыклад, на Віленшчыне.

✏️У іншыя гаворкі ды ў літаратурную мову слова ёлка прыйшло ўжо ў савецкі час для абазначэньня менавіта сьвяточнага дрэва. Яшчэ "ёлачкай" могуць называць узор вышыўкі.

✏️Беларускія этымолягі з агульнаславянскай пэрспэктывы і пра елку, і пра ёлку кажуць: такія формы "маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя".

✏️На пераважнай жа бальшыні абшару менавіта беларускае мовы вядомая назва дрэва ялíна, з варыянтамі éліна, ялінá, а нават ядлíна.

✏️Ёлка ў роце! Гэта значыць — горка, прыкра ў роце. Многія ў Беларусі, нават расейскамоўныя, ведаюць і ўжываюць беларускі прыметнік ёлкі, які апісвае спэцыфічны непрыемны смак сапсаванага масла ці сала. Ёсьць і дзеясловы — зьялчэць, ёлкнуць. Этымалёгія слова зьвязаная з старымі яшчэ індаэўрапейскімі каранямі, як у слова эль.
✏️Сьвяткаваньне пад назваю калядная ялінка, перажыўшы савецкія часы на эміграцыі, вярнулася на Бацькаўшчыну. То хай жыве ялінка!

🔸А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Сьвецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках. (Я. Колас).
ХÁЛЕПА (chalepa)
(назоўнік, жаночы род)

1. Надвор'е са сьнегам і дажджом; мокры сьнег.

2. Вадкі бруд, што ўтвараецца ад дажджу ці мокрага сьнегу.

Мінула восеньская халепа, падшэрхла, пабралася ў груды гразь. (Місько).
Халепа страшная была, секла, ды яшчэ зь ветрам. (Дубоўка).
[Старая:] — Ды і дарогу пазамятала. Такая ж ноччу халепа была, ня дай божа... (Кандрусевіч).
#словы_Х
КО́ЎЗАНКА (koŭzanka)
(назоўнік, жаночы род)

Размоўнае слова: расчышчанае месца, пакрытае лёдам, для катаньня; каток.

🔸Убачыць зімой на тратуары коўзанку — і няхай сабе тут людзі ня людзі, а яна [жонка], як маленькая — раз і пакаўзнулася... (Васілевіч).
#словы_К
✏️Як сказаць па-беларуску ''ЧТО В ЛОБ, ЧТО ПО ЛБУ''?

🔸Ці савою аб пень, ці пнём аб саву — усё саве баліць.

Совенька небарака😬
#прымаўкі #прыказкі
АНЁЛ (anioł)
(назоўнік, мужчынскі род)

1. У рэлігійным вучэньні пасланец бога, якога малявалі ў выглядзе юнака з крыламі.

🔸— О! — выгукнуў.. [партызан] маладым голасам. — Хто ты? Анёл зь неба ці зорка вячэрняя? (Шамякін).

2. Пераноснае значэньне: увасабленьне чаго-н. дадатнага, ідэальнага.

🔸Анёл прыгажосьці.
🔸Анёл цярплівасьці.
🔸А сам.. [Паходня], калі на тое пайшло, не такі ўжо анёл, не такі чысьцюля, ян прыкідваецца, — дадаў Шнітаў. (Хадкевіч).
#словы_А
ШЭ́РАНЬ (šerań)
(назоўнік жаночы род)

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формаю падобныя да сьняжынак, што нарастаюць пры значным марозе й тумане на галінах дрэваў, дроце і пад.

🔸Ляжыць зямля ў адзеньні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. (Колас)

2. Тое, што й шарон (тонкі слой крышталяў лёду, які ўтвараецца на паверхні зямлі й прадмэтах на ёй пры рэзкім пахаладаньні.

🔸У тыя дні, пасьля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэраньню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. (Лецка).

3. Пераноснае значэньне: сівізна.

🔸Зьмізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. (Дуброўскі).

4. Змрок, цемра.

🔸Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. (Навуменка).

5. Шэрая афарбоўка чаго-н.; шэрасьць.

🔸Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. (Гамолка).
#словы_Ш
Што такое месяц🌜па-беларуску, вы пэўна ведаеце. А ці ведаеце вы, як завуцца ягоныя фазы? Давайма разьбярэмся!

Месяц праходзіць наступныя фазы асьвятленьня (гл. малюнак вышэй):

1. 🌑 Ветах (ці вятох) — стан, калі Месяц ня бачны; першая квадра.
2. 🌒 Раньні маладзік — першае зьяўленьне Месяца на небе пасьля ветаху ў выглядзе вузкага сярпа.
3. 🌓 Маладзік — стан, калі асьветленая «правая» палова Месяца; другая квадра.
4. 🌔 Позьні маладзік — пераходны стан паміж маладзіком і поўняй, большая частка Месяца асьветленая.
5. 🌕 Поўня (ці поўнік, падпоўня) — стан, калі асьветлены ўвесь Месяц цалкам; трэцяя квадра.
6. 🌖 Раньні сход — пераходны стан паміж поўняй і сходам, асьветленая частка Месяца пачынае зьмяншацца.
7. 🌗 Сход (ці схадок) — стан, калі асьветленая «левая» палова месяца
8. 🌘 Позьні сход — стан перад ветахам у выглядзе вузкага сярпа.
ПЛЯВУ́ЗГАЦЬ (plavuzhać)
(дзеяслоў, незакончанае трываньне)

Размоўнае слова: гаварыць абы-што, пустое, бяз толку.

🔸Можа, цэлую гадзіну.. [Гардзей] знарок, не зважаючы на непрыхільнасьць Ігната, плявузгаў пра розныя дробязі. (Мележ).
#словы_П
Да сьвятаў засталося зусім трошачкі 💖 Таму зычым вам добрага панядзелка, лёгкага і хуткага працоўнага тыдня 🙌
Слова ''рысаваць'' — беларускае! Ад слова ''рыса'' (рас. ''черта'').

В. Вячорка ўвогуле лічыць, што ў расейскую мову гэтае слова (толькі з крыху зьмененым сэнсам) прыйшло якраз ад нас.

РЫСАВÁЦЬ (rysavać)
(дзеяслоў, незакончанае трываньне)

1. Перадаваць прадметы на плоскасьці ад рукі пры дапамозе графічных сродкаў (звычайна контурамі, рыскамі і пад.).

🔸[Дзед] браў вялізныя лісты медзі, рысаваў на іх розныя геамэтрычныя фігуры. (Бядуля).
🔸Ня добра, аднак, рысаваць пры лямпе, сьвятло жаўціць і цені вельмі вострыя, густыя. (Брыль).

2. Пераноснае значэньне: мысьленна падаваць у якіх-н. вобразах, формах.

🔸Яе дзіцячыя ўяўленьні рысавалі ўсё як бы ў застылым моманце. (Чорны).
🔸Паслушнае і ўслужлівае ўяўленьне ўжо рысавала .. [Лабановічу] вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. (Колас).

Назоўнік ''РЫСУНАК'' — рас. ''чертеж''.
#словы_Р