Belarusian posting
29 subscribers
341 photos
1 video
42 files
90 links
加入频道
Дарэчы, любяць казаць, маўляў, імя беларусы атрымалі ад геаграфічнага тэрміна і гэта не тру. Але ж і тэрмін Русь прыйшоў на нашы землі "зверху" ад русі-варагаў і назвы дзяржавы, якое яны заснавалі (Русь), а потым, пасля хрышчэння ад праваслаўнай (рускай) веры. Тэрмін літвіны/літва таксама прыйшоў ад назвы дзяржавы (ВКЛ), а першапачаткова быў назвай, зноў жа, неславянскага, балцкага племя. А ў выніку замацавалася назва, якая пайшла ад геаграфічнай назвы ўсходняй паловы цяперашняй Беларусі - Белай Русі (першапачаткова якая з'явілася ў дачыненні да нашых зямель у гісторыкаў і географаў Рэчы Паспалітай, у мясцовым справаводстве і рэлігійнай літаратуры). Так што этнонімы ад геаграфічных назваў мясцовых зямель гэта наша даўняя традыцыя.
Зноў падняўся старажытны халівар пра ровар/веласіпед, таму выкладу карту з "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак" ☝️
Уніяты - самавызначэнне ч.5

А таксама паказана змаганне уніятаў супраць акаталічвання:

"Мітрапаліт Руцкі ў 20-я гады XVII ст. дамагаўся ад Ватыкана забароны пераходзіць уніятам у каталіцызм, бо ад таго, што "руская шляхта пераходзіць на лацінскі абрад", уніяцкая царква нясе вялікія страты. Ён прасіў папу таксама забараніць езуітам "перацягваць рускую моладзь на лацінскі абрад". У супрацьлеглым выпадку пагражаў " забараніць рускім родзічам засылаць сваіх дзяцей да іх школ". Выдадзены ў адказ на гэта дэкрэт апостальскай сталіцы 1624 г. выратаваў значную частку рускай шляхты для ўніяцкай царквы."

Ліковсьий Е. Берестейська унія С. 252-253, 256
С. Палуцкая "Этнічная ідэнтыфікацыя вернікаў-уніятаў у крыніцах XVII - першай паловы XIX стст."
#Пінск, магістрат
1933 / 2023

Першапачаткова філія Менскага камерцыйнага банку, пазьней тут былі розныя цывільныя ўстановы, у тым ліку магістрат "за польскім часам", які бачым на старой паштоўцы.

Сёньня гэта жылы дом у гістарычным цэнтры Пінска, пэўна, адзін з самых прыгожых будынкаў пачатку ХХ стагоддзя, што захаваліся.

(фота: inst Nieviadomaja Biełaruś)
Forwarded from Верашчака
#ХвілінкаРэтра

Савецкія плакаты і паштоўкі "З Днём Перамогі"
Самым важным помнікам дзелавой пісьменнасці старажытнага перыяду лічыцца славутая "Руская праўда" - першы афіцыйны звод законаў Старажытнай Русі. Яна была складзена ў ХІ ст., але захавалася ў некалькіх пазнейшых спісах кароткай і пашыранай рэдакцый, самым старажытным з якіх з'яўляецца спіс у складзе Наўгародскай кормчай 1282 г.
Колькасць царкоўна-славянскіх рыс у мове "Рускай праўды" зусім нязначная, і яны ніколькі не парушаюць усходнеславянскай моўнай асновы гэтага помніка. Напрыклад, у спісе 1282 г. яўна пераважаюць поўнагалосныя формы накшталт болого, волога, воротити, горохъ, голова, городъ, дерево, золото, корова, молоко, солодъ, холопъ, хоромъ.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Старанна вывучыўшы мову грамат важнейшых канцылярый ВКЛ, Хр. Станг прыйшоў да вываду што першапачаткова тут існавала некалькі тыпаў актавай мовы, якія адрозніваліся адзін ад другога некаторымі, пераважна арфаграфічнымі і граматычнымі асаблівасцямі. У паўночных абласцях Полацка-Віцебска-Смаленска існавала моўная форма, якая характырызавалася цоканнем, змяшэннем е і ѣ, формай есме ў складзе перфекта і некаторымі іншымі асаблівасцямі. Гэтых рыс няма ў дакументах, якія выходзілі з канцылярыі Вітаўта. Мова дакументаў Вітаўта збліжаецца з мовай паўднёвых (украінскіх) канцылярый, аднак цалкам не супадае з ёй. Сярод грамат караля Казіміра паўднёвавалынскі тып адыгрывае ўжо нязначную ролю, большая частка яго грамат да паўночнавалынскага ці паўднёвабеларускага тыпу, аднак самая большая колькасць грамат гэтага часу паходзіць з беларускіх абласцей, дзе е і ѣ супалі ва ўсіх пазіцыях. У часы караля Аляксандра канцылярская мова становіцца больш стабільнай, яна дасягае ўстойлівай і трывалай формы, якая адлюстроўваецца і ў іншых помніках таго часу. Пазней, пры каралі Сігізмундзе-Аўгусце, паўднёвы тып актавай мовы знікае зусім. Канцылярская мова ВКЛ ў гэты час выступае як мова старабеларуская, якая знаходзіцца ў найбольш блізкіх адносінах да беларускіх гаворак, бытуючых каля Вільні. У гэтай мове раствараецца і полацкі тып актавай мовы, які раней выступаў у выглядзе самастойнай формы.
Прапанаванае Хр. Стангам вызначэнне дыялектнай асновы актавай мовы ВКЛ не сустрэла прынцыповага аргументаванага пярэчання ў лінгвістычнай літаратуры. Унесеная Ю. Шэрахам папраўка, што асновай канцылярскай мовы ВКЛ былі перш за ўсё цэнтральныя беларускія гаворкі, па сутнасці толькі ў дэталях дапаўняе меркаванне Хр. Станга і прынцыпова не мяняе становішча.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Асаблівасці народнай мовы продкаў беларусаў паступова адлюстроўваліся і на пісьме, аднак спачатку толькі ў выглядзе паасобных апісак, якія пакуль што яшчэ не складалі пісьмовай нормы. Толькі пазней, прыкладна з сярэдзіны XV ст., пісьменнасць на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ўжо ёсць усе падставы гаварыць аб старабеларускай літаратурна-пісьмовай мове, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і нават лексічнымі рысамі істотна адрозніваецца ад старарускай літаратурнай мовы. Пры гэтым найбольш паслядоўную сувязь са старажытнай літаратурнай мовай выявіла дзелавая пісьменнасць, якая ў параўнанні з іншымі разнавіднасцямі літаратурна пісьмовай мовы ў ранні перыяд атрымала найбольшае пашырэнне на Беларусі.
У сярэдзіне XV ст. дзелавая пісьменнасць на Беларусі ўзбагачаецца новымі жанрамі. У гэты час быў зроблены пераклад на старабеларускую мову вядомага Вісліцкага статута 1347 г., арыгінал якога быў напісаны на лацінскай мове. У 1468 г. на старабеларускай мове з'явіўся Судзебнік караля Казіміра Ягелончыка. Выпрацаваныя ў той час заканадаўчыя акты і кодэксы былі неўзабаве аформлены ў выглядзе Статута 1529 г., які захаваўся ў некалькіх пазнейшых спісах.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Кнігі Літоўскай метрыкі яшчэ доўгі час захоўвалі сваю юрыдычную сілу, да іх пастаянна звярталіся пр зверцы раней выдадзеных прывілеяў і пры падрыхтоўцы неабходных копій. Па гэтай прычыне арыгінальныя кнігі Метрыкі пасаваліся і прыходзілі ў непрыдатны стан. У сувязі з гэтым на рубяжы XVI-XVII стст. былі зроблены копіі з некаторых кніг Метрыкі. У другой палавіне XVII стст. частка кніг Метрыкі была перпапісана польскім пісьмом. Зразумела, што такія пазнейшыя копіі не даюць дакладнага ўяўлення аб мове арыгіналаў, яны, як гэта будзе паказана далей, змяшчаюць у значнай колькасці моўныя напластаванні пазнейшага часу, якія практычна немагчыма аддзяліць ад першапачатковай моўнай сістэмы арыгіналаў.
З ліку дайшоўшых да нас нешматлікіх арыгінальных кніг Літоўскай метрыкі пачатку XVI ст. багаты матэрыял змяшчаюць Кніга маршалкоўскага суда 1510 - 1517 гг. і Кніга віцебскага замкавага суда 1533 - 1540 гг.
Лексіка дзелавой пісьменнасці таксама выяўляе асаблівую блізкасць да слоўніка жывой народнай мовы. Тыя разрады лексікі, якія часта ў тагачаснай пісьменнасці ўжываліся ў кніжнаславянскім абліччы, у дзелавых помніках выступаюць у спецыфічна старабеларускай форме. З гэтага пункту погляду вылучаюцца, напрыклад, аддзеялоўныя назоўнікі на -нье накшталт будованье, децкованье, дозволенье, жеданье, захованье, огледанье, станье. Відавочна, па ўзору гэтых утварэнняў павінны чытацца і падобныя назоўнікі з вынасным н: будоване, згубене, пановане, положене.
Другім паказальным у гэтых адносінах разрадам зэяўляецца поўнагалосная лексіка, якая ў дзелавых помніках выступае пануючай: болото, борода, боронити, волость, голова, горохъ, жеребей, король, соромити, сторона. Аднак зрэдку трапляюцца тут і словы з агаласоўкай, уласцівай польскай мове: влостный, обротити, посторонний. Падобныя факты сведчаць, што дзелавыя дакументы не заставаліся ў баку ад агульнага працэсу абсорбцыі паланізмаў беларускай пісьменнасцю ўжо ў пачатку XVI ст.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Хвілінка моўнай культуры
У разгледжаных кнігах (Кніга маршалкоўскага суда 1510 - 1517 гг. і Кніга віцебскага замкавага суда 1533 - 1540 гг.) шырока адлюстраваны і іншыя разрады беларускай лексікі. Тут вылучаюцца, напрыклад, словы агульнаславянскага лексічнага пласта, якія характырызуюцца спецыфічным семнатычным развіццём у беларускай мове - звужэннем або пашырэннем свайго семантычнага аб'ёму ў параўнанні з іншымі славянскімі мовамі. Значную частку складаюць беларускія неалагізмы, утвораныя шляхам выкарыстання агульнаслвянскіх каранёў і характэрных для беларускай мовы словаўтваральных сродкаў. Нарэшце, сюды адносяцца і запазычанні з іншых моў, якія, відавочна, у пераважнай большасці праніклі ў народныя гаворкі і ўжо адсюль трапілі ў пісьмовую мову. Да адзначаных разрадаў можна аднесці такія словы, як назоўнікі бабка, батько, вмова, втискъ, гомонъ, господаръ, дочка, дядько, зброя, злодей, коваль, кривда, личба, матка, мова, моцъ, небожчикъ, новина, панъ, плотъ, поветъ, попелъ, початокъ, речъ, светокъ, севба, сеножать, смерканье, суседъ, тыдень, хвоя, часъ, черга і інш. Шматлікімі з'яўляюцца ў дзелавых дакументах і ўласцівыя для беларускай мовы дзеясловы рознага паходжання: бачити, ведати, вкрасти, вживати, вмовити, дбати, дозволити, драпежити, жедати, забити, згинути, змогати, кликати, мовити, ображати, паметати, покутовати, поткати, пытати, робити, соромотити, сочити, тратити, тривати, ховати. З ліку найбольш характэрных прыметнікаў можна адзначыць власный, дорослый, дужий, лепший, околичный, певный і інш.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Лексічныя паланізмы ў ранняй дзелавой пісьменнасці ўжываюцца яшчэ вельмі абмежавана. Найбольш часта сустракаюцца такія словы, як валечный, валька, весполокъ, вшакже, вшелякий, дворка (жарт), жаденъ, збродень, подлугъ, поволати, полецити, посполите, привлащити, росказати (загадаць), ростыркъ, рачити, тежъ, цалый, члонокъ, чтыры. Аднак, пры ацэнцы месца і ролі паланізмаў ў дзелавых помніках варта звярнуць увагу на тое, што амаль усе яны сустракаюцца ў Кнізе віцебскага суда, што сведчыць аб пачатку інтэнсіўнага пранікнення паланізмаў у старабеларускую мову ўжо ў першай палавіне XVI ст., задаўга да Люблінскай уніі 1569 г.
Разгледжаныя дзелавыя дакументы шырока адлюстроўваюць таксама лексіку нямецкага паходжання. З адпаведнымі этымонамі нямецкай мовы суадносяцца наяўныя ў помніках словы барберъ, броваръ, буда (будникъ, будный, будованье, будовати), бунтъ, бурмистръ, дяковати, канцлеръ, кгвалтъ (кгвалтовникъ, кгвалтовный), кляшторъ, коштовати, крижъ, кунштовати, лаштъ, лентвойтъ, маршалокъ, млынъ, мусити, оферовати, рада (зрадца, порада), ратушъ, рахунокъ, ретовати, ротмистръ, скарбъ, слесаръ, трафити, турма, фолькговати, циншъ, шацовати (шацунокъ, оушацовати), шиндли, шерстухъ, шкода (шкодникъ, шкодно, шкодовати, зашкодити). Сустракаюцца тут і іншыя вытворныя германізмы, хоць іх зыходныя формы, больш блізкія да сваіх нямецкіх этымонаў і не ўскладненыя беларускімі словаўтваральнымі элементамі, непасрэдна ў помніках не зафіксаваны. Так, наяўнасць у тэкстах слоў змордовати, мордерство дае магчымасць заключаць аб існаванні ў тагачаснай мове дзеяслова мордовати; форма загамовати сведчыць аб наяўнасці ў жывой мове таго часу дзеяслова гамовати.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
Перапісчыкі Маскоўскай Русі і "руский языкъ" ВКЛ

Яркім узорам пераўтварэння беларускага тыпу царкоўнаславянскай мовы служыць вядомы помнік "Арыстотэлевы вароты", перакладзены каля сярэдзіны XVI ст. У гэтым помніку ўжо выразна выступае старабеларуская моўная аснова, хоць налёт граматычных і лексічных царкоўнаславянізмаў тут яшчэ вельмі прыкметны.
Як ужо адзначалася, беларускія спісы гэтых твораў траплялі ў Маскоўскую Русь і там пры перапісцы падвяргаліся выпраўленням, галоўным чынам у лексіцы. У адных рускіх спісах замена беларускіх слоў і выразаў адпаведнымі рускімі або царкоўнаславянскімі зваротамі носіць выпадковы характар, у іншых выразна выступае імкненне перапісчыка прыдаць мове помніка велікарускую афарбоўку. Так, у рускім спісе "Арыстотэлевых варот" пачатку XVII ст. замест беларускага выразу жадныи ўжыта ни единыи, адпаведна ховается - хоронится, варуй - брежи, шкодити - зломыслити, радныи - смысленныи, парсоуною - образа, заховаи - сохраняи, шкоды - убытки, пиленъ - прилѣжен, налепший - лучше, моуром - стенами, ганбы - хулы, посполитых - общих, скарбъ - сокровище, пильность - прилѣжность, витяжити - побѣдити, речьми - вещми, посполито - купно, вагою - вѣсом, лазни - бани, немоць - немощь і інш.
У гэтым жа рускім спісе некаторыя беларускія словы пакінуты без перакладу, але яны забяспечаны рускімі глосамі на палях рукапісу, напрыклад: рады - совѣта, вага - вѣс, зашкодить - вредитъ, кривду - неправду, будованіе - основаніе, борзо - скоро, рѣчи - вещи, моуршальке - полковникѣ і інш.
Цікава адзначыць, што ў прадмове да гэтага спіса невядомы рускі кніжнік наступнымі словамі характарызуе сутнасць сваёй работы над тэкстам "Арыстотэлевых варот": "Тебе ради, чадо намъ любезнѣйшее, - піша ён, - о сихъ любопремудрыхъ книгахъ много потрудихся и удобнѣйшаго ради познаія поудихся изъ бѣлороссійскаго діалекта, сій рѣчь гласъ, преложишася во словенскую речь елико по возможному нашему малоумію, кромѣ странныхъ рѣчей, ихже не надлежитъ моему разсужденію".
Варта памятаць, што для перакладчыка з Маскоўскай Русі пэўную цяжкасць прадстаўляла не кніжнаславянская (царкоўнаславянская) лексіка (рускі кніжнік таго часу выдатна ведаў кніжнаславянскую мову), а разрад "странныхъ рѣчей" - іменна беларуская і запазычаная на беларускай глебе іншамоўная лексіка.

1) А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"
2) В. Адрианова. К истории текста "Аристотелевых врат". "Русский филологический вестник", т. LXVI. Варшава, 1911, стр. 7 - 13.
Belarusian posting
Лексічныя паланізмы ў ранняй дзелавой пісьменнасці ўжываюцца яшчэ вельмі абмежавана. Найбольш часта сустракаюцца такія словы, як валечный, валька, весполокъ, вшакже, вшелякий, дворка (жарт), жаденъ, збродень, подлугъ, поволати, полецити, посполите, привлащити…
Адментая асаблівасць слоўніка ранняй старабеларускай дзелавой пісьменнасці ў адрозненне ад актавага матэрыялу каца XVI - пачатку XVII ст., дзе пласт лексічных лацінізмаў вельмі прыкметны, - зусім нязначнае ўжыванне лексікі лацінскага паходжання. Найбольш часта ў помніках гэтага часу сустракаюцца такія лацінізмы, як актъ, артыкулъ, дата, енералъ, индиктъ, копея, персона, статутъ, стацея, сума, тестаментъ.
Спецыфічную асаблівасць слоўніка дзелавой пісьменнасці складае частае ўжыванне спецыяльных канцылярскіх, адміністрацыйных і юрыдычных тэрмінаў, якія адсутнічаюць зусім або толькі выпадкова трапляюцца ў іншых відах пісьменнасці. Для дзелавых помнікаў, напрыклад, звычайнымі з'яўляюцца разнастайныя назвы людзей па сацыяльнаму становішчу, прафесіі, занятку, рамяству, сваяцкіх адносінах: бояринъ, воевода, войтъ, гаевникъ, дворанинъ, державца, десятникъ, дяколникъ, зарубежникъ, земянинъ, ключникъ, корчмитЪ, лазебникъ, мещанинъ, мужикъ, мытникъ, наймитъ, огородникъ, опекателникъ, отчичъ, паробокъ, псарецъ, ратай, служебникъ,сокольникъ, сумежникъ, сябръ, подводникъ, потужникъ, поплечникъ, приставъ, путникъ, тивунъ, торпостай, челядинъ і інш.
Спецыфіку лексіцы дзелавой пісьменнасці прыдаюць і такія словы з тэрміналагічным значэннем, як близкость, головщина, данина, датокъ, дедина, делъ, дякло, застава, купленина, материзна, мыто, подрука, прометъ, просока, серебщина. Вельмі пашыраны тут таксама і састаўныя, двухчленныя тэрміны, якія складаюццца з назоўніка і азначаючага яго прыметніка: бортная земля, вдовий столец, домовый статокъ, духовное право, земская устава, путныи люди, рухомыи речи, судовый листъ, тяглая служба, цетовая пуща. Часта адзначаюцца тут і спецыфічна канцылярскія фразеалагізмы з кампанентамі іншай характарыстыкі: лицомъ оутдати, метати лесы, положити рокъ, приставити шапку.

А. І. Жураўскі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы"