НАВУМЧЫК
1.35K subscribers
120 photos
12 videos
157 links
Сяргей Навумчык
加入频道
Яшчэ ў першыя дні т.зв.міграцыйнага крызісу я напісаў, што ён – ад пачатку і цалкам – праект Масквы. Цяперашнія падзеі гэта пацьвярджаюць. Лукашэнка – усяго толькі выканаўца планаў Пуціна, мэта якога – узмацніць ваенную прысутнасьць Расеі на мяжы з ЭЗ і дэстабілізаваць сытуацыю ў краінах Балтыі і ў Польшчы (мінімум), захапіць значную частку тэрыторыю Ўкраіны і заблякаваць яе далучэньне да NATO (асноўная мэта), захапіць тэрыторыі ў краінах Балтыі і ў Польшчы (пры выгодным зьбегу абставінаў).

Аднак эўрапейскія палітыкі ўсё яшчэ спадзяюцца дамовіцца з Пуціным наконт ціску на Лукашэнку – тады як маглі б пачаць ціск на самога Пуціна.
БОГ (ЦІ АЛАХ) НЯРОЎНА ДЗЕЛІЦЬ.. Мігранты ламаюць беларускі памежных пункт, выдзіраюць плітку і кідаюць яе (а таксама шумавыя гранаты) у польскіх памежнікаў.За мігрантамі – з алімпійскім спакоем стаяць лукашысцкія сілавікі, ня ўмешваюцца.

А цяпер уявіце, што Дом ураду... не, Дом ураду – помнік архітэктуры, – Палац рэспублікі, дзе знаходзіцца Лукашэнка са сваімі церцелямі і качанавымі, атачылі некалькі тысяч беларусаў, яны ламаюць плітку, кідаюць яе ў будынак, у іх – шумавыя гранаты, яны вось-вось пойдуць на штурм, – а вакол лукашысцкія сілавікі з алімпійскім спакоем назіраюць за гэтым сюжэтам.
ФАТАЛЬНАЯ ПАМЫЛКА. Цяперашняя ідэя «пратэстнай яўкі» на ініцыяваны Лукашэнкам «канстытуцыйны» «рэфэрэндум» нагадвае (паўтарае) памылку ў 2004 годзе, калі некаторыя лідэры апазыцыі вылучылі лозунг «Прыйдзі і скажы яму «Не!». Людзі прыйшлі, забясьпечылі яўку – а ў выніку ў бюлетэнях было «Так!», і з Канстытуцыі выкрасьлілі абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Для Лукашэнкі галоўнае – каб людзі прыйшлі. Усё астатняе – на ўчастках і ў бюлетэнях – зробяць ОМОН, КГБ і Ярмошына.
У 96-м Лукашэнка адной нагой быў у імпічмэнце. Адзін з кіраўнікоў ВС-13 пазьней мне казаў, што група вышэйшых афіцэраў (прычым не штабістаў, а камандзіраў юаявых вайсковых злучэньняў) казала: “Если вы объявите Лукашенко импичмент и сделаете это законно – мы доставим вам его в цепях”.

Абмеркавалі, якія фактары і якія асобы спрычыніліся да таго, што ў 96-м перамог не Вярхоўны Савет, а Лукашэнка. https://www.youtube.com/watch?v=Amr8fLacBHU
Як дэпутат ВС, я галасаваў за вывад ядзернай зброі. Але перакананы, што гэтае рашэньне павінна было быць абстаўленае пэўнымі ўмовамі да ЗША і Захаду. Гэта, па-першае, рэальныя гарантыі захаваньня сувэрэнітэту, а па-другое — фінансы.

Шушкевіч і Кебіч былі супраць выстаўленьня ўмоваў. Але салідная фінансавая дапамога ў 1992-93 істотна палепшыла б узровень жыцьця і зьменшыла б сацыяльную напружанасьць, стварыла б прынцыпова іншую сытуацыю, у якой шанцы прыходу да ўлады Лукашэнкі былі б значна, значна меншыя. Альбо іх не было б увогуле.

Страшна ўявіць, што Лукашэнка меў бы ядзерную зброю. Але калі б у свой час мы выводзілі зброю ня проста за «дзякуй», а за кампэнсацыю, ніякага Лукашэнкі ва ўладзе магло б і ня быць. https://svb1234.azureedge.net/a/31582408.html
Крэмль дасягнуў сваёй мэты: Беларусь – тэрыторыя, цалкам адкрытая для якога заўгодна ваеннага манеўру Масквы. Можна нават і не разьмяшчаць авіяцыйныя базы: расейскія бамбардзірошчыкі ўжо аблятаюць мяжу з Польшчай (такога не было ад 1991 году).

Для Пуціна ідэальная Беларусь – гэта Беларусь без насельніцтва. Проста тэрыторыя як тэатар ваенных дзеяньняў. Як палігон. Кшталту Дрэтуні на поўначы Віцебскай вобласьці, дзе ў часе манэўраў «Захад-81» тысячы танкаў нагэтулькі прерапахалі зямлю, што і цяпер там мала што расьце.

У гэтым сэнсе, інтарэс Лукашэнкі іншы: насельніцтва яму патрэбнае – у якасьці рабоў, якія будуць абслугоўваць ягоную сям’ю.

Для гэтага дастаткова 1,5-2 мільёнаў насельніцтва, здольнага забясьпечваць добрае існаваньне тром-чатыром дзясяткам першакласных медыкаў і тром-чатыром тысячам байцоў асабістай аховы. Ну і 50-70 тысячам сілавікоў (гэтыя абыдуцца ўрачамі меншай кваліфікацыі). Мэта апошніх - трымаць у страху і пэрыядычна караць тых самых рабоў.

Хацеў напісаць, што па такой прыблізна мадэлі стагодзьдзямі існаваў старажытны Рым, але потым прыгадаў, што Рым, пры ўсім гэтым, даў чалавецтву неўміручыя шэдэўры архітэктуры, літаратуры, нарэшце, стандарты «рымскага права».

Ідэальнае параўнаньне – Паўночная Карэя: рабы, якія сотнямі тысяч паміраюць ад голаду, дзесяцігодзьдзямі дынастыя Кімаў, падтрымка «вялікага брата» – КНР, і – і ніякага ўкладу ў сусьветную навуку і культуру. Але з гэтага цяперашні Кім ня вельмі і пераймаецца: у яго іншая праблема - як лішнюю вагу скінуць.
Лукашысцкі рэжым лічыць, што ў генацыдзе беларускага народу вінаватыя цяперашнія заходнія дэмакратычныя дзяржавы (хаця немцы даўно асудзіла нацызм, сёньняшняя дэмакратычная Германія – гэта ня Трэці Рэйх).

Па гэтай логіцы, у зьнішчэньні сотняў тысяч беларусаў у шматлікіх курапатах вінаватыя цяперашнія КДБісты – тым больш, што яны лічаць сябе «нашчадкам слаўных чэкісцкіх традыцый» аж ад Дзяржынскага. Законапраект пра «генацыд беларускага народа» – беспардоннае фарысейства, бо камунізм прынёс беларускаму народу пакутаў ня меней, чым гітлераўскі нацызм, а пра яго ў законе ні слова.

Цынізм і ў тым што закон пра генацыд прымае рэжым, які рукамі гэбістаў і губазікаўцаў усё беларускае ў Беларусі зьнішчае мэтадычна і няўхільна.
Гэты дакумэнт раздалі нам, дэпутатам ВС, 20.VII.1994, адразу пасьля прысягі Лукашэнкі на інаўгурацыі. Уверсе, як і мае быць – Дзяржаўны герб. Чакаем запісанага ГУБАЗІКам пакаяннага відэа за «Пагоню» (са сьлядамі пабояў пасьля вобыску і затрыманьня).
Калі будучы дэмакратычны парламент прыме закон, па якім судзьдзі, што выносілі палітычна матываваныя прысуды, пойдуць у турму на тэрміны, якія яны давалі – мяркую, такі закон будзе горача падтрыманы грамадзтвам. І з канфіскацыяй маёмасьці, якая належала ім на момант вынясеньня імі прысудаў, каб не перапісалі на сваякоў.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі (як, між іншым, і Акт Магніцкага) ня ўключаны Кангрэсам ЗША ў бюджэт на наступны год. Гэта вынікае з публікацыі на Радыё Свабода гутаркі са спэцыяльнай пасланьніцай ЗША па Беларусі Джулі Фішэр.

Нейкага тлумачэньня адсутнасьці бюджэтнага напаўненьня гэтых важных для падтрымкі дэмакратыі і правой чалавека ў Беларусі і Расеі законаў, пакуль ня дадзена.
Прадстаўнік штабу Бабарыкі выказаўся за перамовы з Лукашэнкам і прапанаваў зьняць з павесткі пытаньне новых прэзыдэнцкіх выбараў. Ці згодны Вы адмовіцца ад патрабаваньня выбараў?
Anonymous Poll
8%
Так, калі Лукашэнка вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных за палітычныя погляды
86%
Не, бо калі Лукашэнка застанецца на пасадзе – будуць новыя палітвязьні
1%
У Беларусі ня садзяць за палітыку
6%
Ня маю адназначнага адказу
Ці знаходзіцца цяпер за кратамі па палітычных прычынах хто-небудзь з вашых родных (жонка-муж, маці-бацька, брат-сястра, сын-дачка) альбо блізкіх сваякоў (цесьць-цешча, свекар-свякроў, дваюрадныя брат-сястра, брат-сястра жонкі ці брат-сястра мужа)?
Anonymous Poll
7%
Так
93%
Не
Якія б прыкметы «транзіту ўлады» у праекце так званай «канстытуцыі» не знаходзілі аналітыкі, Лукашэнка ня будзе перадаваць уладу ніякім «пераемнікам», роўна як і ня будзе дзяліцца паўнамоцтвамі зь ніякім «Саветам бясьпекі».

Мне сьмешна чытаць, што вось, маўляў, па новым праекце прэзыдэнт будзе меней уплываць на судовую сыстэму (між іншым, кіраўнік выканаўчай улады ўвогуле не павінен на яе ўплываць, нават у мізэрнай ступені — калі захоўваюцца нормы падзелу заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў).

Бо ў дзяржаве, дзе падзел уладаў ужо амаль тры дзесяцігодзьдзі адсутнічае, абсалютна ня важна, што будзе запісана ў канстытуцыі. У Канстытуцыі СССР не было пасады «генэральны сакратар». Але ўсе ведалі, што Сталін ці Брэжнеў могуць зьняць старшыню Вярхоўнага суду ці генпракурора, а любы судзьдзя вынесе прысуд, спушчаны яму з райкома ці абкома.

У дыктатарскім рэжыме замацаваныя ў канстытуцыі нормы ня маюць ніякага значэньня (як ня маюць значэньня і «гарантаваныя» «правы грамадзянаў»). Сёньня суды штодня парушаюць Канстытуцыю, той яе разьдзел, які гарантуе грамадзянам права на мітынгі, пікеты і шэсьці.

Ёсьць, аднак, адна заканамернасьць. У сытуацыі, калі ў дзеяньне ўступаюць народныя масы, нормы канстытуцыі таксама ня дзейнічаюць. Ужо наколькі складанай была працэдура выхаду савецкай рэспублікі з СССР, заканадаўча замацаваная пры Гарбачове (патрэбныя былі згода ўсіх іншых рэспублік, рэфэрэндумы, зацьверджаньне з’ездам народных дэпутатаў СССР) — але ў 1991 годзе, калі народы запатрабавалі свабоды, пра З’езд дэпутатаў (роўна як і пра Канстытуцыю) мала хто прыгадаў.

Тое ж можа быць і з лукашэнкаўскім праектам (якому, не сумняюся, напішуць на рэфэрэндуме 85% ці нават болей). Скончыцца ў народа цярпеньне — і паўнамоцтваў членаў Савета бясьпекі хопіць толькі на тое, каб пасьпець даехаць да аэрапорта.
Прыгадаем, што першы пасьля пачатку перабудовы масавы пратэст з чалавечымі ахвярамі адбыўся ў сьнежні 1986 у Казахстане – калі моладзь выступіла супраць прызначэньня на пасаду 1-га сакратара ЦК КП Казахстану рускага па нацыянальнасьці тав. Колбіна, замест казаха тав. Кунаева. Праз хуткі час Масква была вымушаная замяніць тав. Колбіна на тав. Назарбаева.
Пасылаючы ў Казахстан віцебскіх дэсантнікаў (віцебская дывізія, нагадаю, першай увайшла ў Афганістан у 1979), Лукашэнка, ясна, дбае не пра Назарбаева ці Такаева. Ён стварае прэцыдэнт, па якім, у выпадку ўздыму беларускага народа супраць рэжыму, будзе разьлічваць на дапамогу войскамі з таго ж Казахстану, а найперш з Расеі — цяпер ужо абапіраючыся на “рашэньні савета АДКБ”. І, несумненна, атрымае дапамогу ад братоў-тыранаў. P.S. Перакананы, што пагромы (бульдозерам у банкаўскі офіс) — невыпадковая правакацыя.
Учора напісаў, што пагромы і марадзёрствы ў Казахстане, па маіх адчуваньнях – правакацыя. І вось цяпер гэта пацьвярджаецца. Gulagu.net піша, што «ад самага пачатку спэцслужбы Расеі і Казахстану плянавалі рэалізаваць гібрыдны сцэнар мяккага паглынаньня Расеяй Казахстану на падставе «саюзьніцкай дапамогі« і цытуе крыніцу ў ФСБ: на пагромы, забойствы з адразаньнем галоў рэкрутавалі крымінальнікаў. https://svb1234.azureedge.net/a/31642626.html
Самае незразумелае ў Казахстане — чаму маўчыць звычайна вельмі гаварлівы Назарбаеў. У версію, што ён - труп (не ў палітычным, а ў прамым сэнсе) ня вельмі верыцца, але яна патлумачыла б некаторыя незразумелыя моманты. Напрыклад, пераключэньне Такаевым на сябе паўнамоцтваў старшыні Рады Бясьпекі, якім па Канстытуцыі Назарбаеў зьяўляецца пажыцьцёва. Бо калі Елбасы жывы - Такаеў парушыў Канстытуцыю. А калі не - дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці зь ёй.
У 1993 Пазьняк заявіў на сэсіі ВС, што далучэньне Беларусі да АДКБ будзе мець катастрафічныя наступствы і пакладзе Беларусь пад Маскву. Народны Фронт праводзіў пікеты (фота) і мітынгі, дэпутаты Апазыцыі БНФ блякавалі галасаваньне, але падкантрольная Кебічу большасьць прагаласавала за АДКБ. Расплочвацца давядзецца зараз.